Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 25

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Прыгавор Сабора трыюмвірату. Захоп Ноўгарада Вялікага

Оглавление

30 чэрвеня 1611 года Cабор зацвердзіў прыгавор са старымі рашэннямі і новымі ўзаконеннямі. Ляпуноў распісаўся за сябе і непісьменнага Зарудзкага. Прыгавор наказваў трыюмвірату дзейнічаць больш рашуча.

Шведы ад сакавіка стаялі ля Хутынскага манастыра, сем вёрстаў ад Ноўгарада і не спяшаліся на дапамогу Маскве. Ваявода Васіль Іванавіч Бутурлін прапанаваў Дэлагардзі з’езд, на якім ад усёй зямлі будзе прошана шведскага караля даць на Маскву аднаго з сыноў. Можа хоць так дасца зрушыць шведаў.

– Літоўскія людзі кружляюць не так і далёка. Асабліва лісоўцы. Люд трывожыцца і будзе ўдзячны за абарону, – пераконваў ваявода. Але шведскі авантурнік сачыў за падзеямі ў Ноўгарадзе і пераконваў стакгольмскага пасланца, што сам здолее завалодаць горадам. – Калі кароль Жыгімонт захопіць Маскву, займець Ноўгарад будзе цяжэй. Супраць нас стануць і маскавіты і Рэч Паспалітая, – тлумачыў Дэлагардзі. – Трэба не прагледзець момант, пакуль маскавіты заняты Хадкевічам. – А не баішся, што сюды пагодзіцца завітаць гетман Жулкеўскі? – пан Крыстэр Хёк змякчыў іронію лёгкай усмешкай.

Дэлагардзі не пакрыўдзіўся, клушынская параза не з яго віны.

– Ні Жулкеўскі ні Хадкевіч нам тут непатрэбны, – згадзіўся Дэлагардзі. – Але не выключаю, што зацікавяцца пазней, калі Ноўгарад і Пскоў будуць нашы.

Хёк кінуў Дэлагардзі запытальны позірк.

– Калі Жыгімонт і пры такой дыспазіцыі пачне наступ у Інфлянтах, нашы генералы абрагочуцца, – самаўпэўнены тон ваяра не вельмі пераконваў стакгольмскага пасланца, але слухаць было цікава. – Ад самага пачатку на правым флангу Хадкевіча можа апынуцца наш Пскоў, а за ім і Ноўгарад. Будзе добрая нагода разлічыцца з ім за Кірхгольм.

Візія была спакушальная. – Калі на нейкі момант паддацца і адступіць, то Пскоў апынецца ў тыле! – Хёк не ўтрымаўся, каб не памарыць. – А славуты Хадкевіч апынецца ў абцугах! – Таму і зацягваю перамовы з маскавітамі! – весела пляснуў у далоні Дэлагардзі. Хёк ухвальна паківаў галавою. А Бутурлін працягваў сустрэчы са сваім сябрам Дэлагардзі і пасля таго, як той перайшоў Волхаў і спыніўся ля калмоўскага манастыра. Пайшла пагалоска, нібыта Бутурлін параіў шведу заняць Ноўгарад, каб не дастаўся ліцьвінам ці палякам. Наўгародцы рашуча адкінулі намер Земскага савета заплаціць шведам наўгародзкімі землямі. Хоць Дэлагардзі адмаўляў свае злыя намеры, у перамовах з ім ваявода і наўгародцы не змаглі ўзгодніць пазіцый.

Ледзь падсохлі дарогі, Дэлагардзі другім днём чэрвеня падступіў да сцен волхаўскай крэпасці. Праз чатыры дні да яго ў шацёр з’явіліся Бутурлін і наўгародцы. Пасля адпаведных звычаю прывітанняў Бутурлін пачаў першы.

– Было б самым адпаведным твайму войску неадкладна рушыць на Маскву, – голас ваяводы гучаў пераконліва, усё ж прыяцельства да нечага абавязуе. – Ведаеш не горш за мяне, што апалчэнне наша як след не навучана. Калі Жыгімонт надумаецца выкарыстаць колішнюю прапанову Жулкеўскага як сваю…

– А гэта ў яго звычаі! – уставіў малады наўгародзец.

Бутурлін кіўнуў галавою на згоду і працягваў.

– Ян Пётр Сапега, хоць і аслаблены, стаіць пад самымі сценамі… У Крамлі іхні гарнізон…Калі Жыгімонт перакіне большую частку войска ад Смаленска, твая дапамога – адзіная надзея ўратавання Масквы ад захопу, – адзначыў як пэўнасць, звяртаючыся да Дэлагардзі.

Дыплом на царства

Подняться наверх