Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 17

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Гэтыя двое аб'явіліся не адразу…

Оглавление

Адкуль бы ні вылезлі гэтыя двое, сочаць за ім. Ад баяраў? Царскія? Аб'явіліся не адразу. А можа паленаваўся часцей азірнуцца і ў час не згледзеў. Бражына паспрабаваў прыспешыць перад узгоркам, каб мінаваўшы лагчынку, з наступнага ўбачыць сваіх пераследнікаў на той жа адлегласці. Два ўзгоркі і лагчына між імі, ні бліжэй ні далей. Паспрабаваць галопу? Але і пад імі напэўна не здыхлі. Спыніўся нібы падцягнуць папругу і тыя паслухмяна стрымалі коней. Выбіраюць час і месца нападу, ці гоняць на падрыхтаваную засаду, каб з перавагай, без страляніны? Кур'ера і дапытаць цікава. Але не першая забава, дасць Бог, пашанцуе.

Няўжо помсцяць, што не даў звесці гетмана ілжывымі весткамі? Не, хутчэй палююць на паперы Жулкеўскага, бо ведаюць, каму вязу. Надвячоркам трэба большай чуйнасці, але ці не вырашыцца справа да змяркання? Надарылася б магчымасць здагнаць які гурт падарожных, глядзіш, абыйшлося б без страляніны, але зноў жа, ці будзе ён сваім?

Раптам спахапіўся, што пазнае мясціну. У трывожных думках не заўважыў, што дарога знаёмая да дробязяў, сваім часам не раз ёю ехалася. Тут і варта паспрабаваць, пакуль не ссутонела. Калі не памыліцца і ўзгорак укрые на некалькі хвілін, патрапіцца на тую дарожку. Не зарасла ж яна за гэты час. Як толькі страціў тых з вачэй, пагнаў галопам ускрай дарогі, каб не праляцець патрэбнае месца. Калі памяць не здраджвае, яно на саменькім нізе лагчыны. Пан Бражына прадраўся праз кусты на ўтравелую дарожку, зручную нават для двух вершнікаў побач. Асобныя кусцікі не заміналі ўпэўніцца, што не памыліўся.

Бачылася нейкая наканаванасць, што ізноў ратуецца гэтым шляхам. Першым разам у маленькай леснічоўцы падгаілася рана, другім заскочыў аддзячыць людзям за дабрыню. Магчыма сёння там іншыя людзі, а можа і ніхто не жыве. Ды і патрэбы няма заязджаць.

Відаць рана супакоіўся. Лясныя прыцемкі палыхнулі стрэлам, і куля свіснула над самай галавою. Пан Бражына міжвольна прыгнуўся на пробліск і павольна спаўзаў з сядла нібы паранены ці забіты. Фартэль стары, але прыдатны. Конь ступіў яшчэ некалькі крокаў, і спыніўся. Бражына саслізнуў пад лазовы куст, каб конь засланіў ад другога стрэлу. Цяпер без шолаху затаіцца. Конь адыйшоў яшчэ на пару сажняў. Бражына напружваў вочы, але нічога разгледзець не мог. Павінны вылезці, каб пераканацца, што з ім, дабіць, калі паранены, разжыцца канём. Але відаць і тым цярпення не пазычаць, маюць досвед. Не даацаніў іх. Залішне паспадзяваўся на сваю хітрасць, а яны ведалі сцежку заехаць наперад. Так прайшло некалькі пакутлівых хвілін.

Спачатку ледзь чутна шапатнулі галіны па той бок сцежкі. Здалося, даляцеў шэпт. Ізноў ціша, рашучы трэск ламачча, і адзін за адным выграмаліліся на дарогу. Пастаялі перашэптваючыся, але адзін не вытрымаў.

– Ды капцы яму! Жывы застагнаў бы, а то і заенчыў. Мае кулі не хібяць!

– Я і не кажу, але ж нездарма папярэдзілі, што малады але хітрун, якіх пашукаць. Праўда, калі збег, конь так і гэтак наш.

Голас першага чуўся ўжо зусім выразна.

– Хацеў бы я зірнуць, як бы ты хітраваў ці бег з куляй у мазгаўні, – хрыплы смех усё ж сведчыў прытоенае хваляванне.

Бражына асцярожна ўзвёў куркі пісталетаў. Яшчэ хвілю патаптаўшыся, мусілі пераканацца. А яму трэба забіць абодвух. Ніякага паланення, ніякай ласкі. Барацьба з двума ў начным лесе не варожыць перамогі. Але каб жа ўгадаць з якога боку зойдуць. Кусты навокал падказвалі найбольш верагодны, і пан Бражына асцярожна павярнуў галаву, каб начас згледзець постаці на тле неба. Павінны ж над ім схіліцца, кашэль намацаць, паперы, калі дзеля іх гналіся. Гэта і будзе адпаведны момант, ні раней, ні пазней! Страляць толькі ва ўпор.

Не гадаў, ці паспелі тыя здзівіцца, перш чым струмені грымучага агню з абедзьвух рук уяўнага нябожчыка звалілі іх у густую траву. Адзін яшчэ жыў. Бражына выхапіў кінжал на поясе замахоўца і дабіў яго адным дакладным штыхом.

Падумаўшы хвілю, выстраліў з пісталетаў абодвух замахоўцаў і кінуў ім блізу рук. Нехта ж з’явіцца праверыць: няхай варожаць, ці не самі пазабіваліся.

– Як нехта казаў, калі не музыка, – мармытнуў, невядома чаму злуючыся, – не бяры скрыпкі ў рукі.

Сеў на каня і рушыў старым шляхам. Двух засад напэўна не рыхтавалі, але азіраўся як злодзей. Да паселішча дабраўся позна, але дым над кузняй пыхкаў у такт кавальскага меху.

Ганец прыгледзеўся і не заўважыў нічога падазронага. Пад'ехаў, пачакаў хвілінку і саскочыў. Прыгнуўшы галаву ступіў у дымны пах і чырванаватую цьмянасць кузьні. Каваль толькі што перастаў варухаць ручкай мяха і глянуў на прыбыша.

– Трэба падковамі заняцца, – крыкнуў Бражына, – але грошай не маю!

– А бяз грошай падковы не трымаюцца, – падаў голас стары.

Седзячы на калодцы, асцярожна мэцаў шурпатым пальцам насечку сярпа. Мабыць заявіўся забраць прыладу, а заадно паслухаць навіны, якія да кузьні, як і да шынка сплываюцца разам з наведвальнікамі. – Магу сплаціць вухналямі беларускай работы, – прапанаваў ганец і каваль хуткім крокам падступіўся ледзь не ўпрытык.

– Кажаш, беларускай работы? Пакажы.

Бражына выцягнуў з скуранога мяшэчка некалькі цвікоў. Каваль чамусьці выцер рукі аб скураны фартух, выбраў адзін і падкінуўшы яго на далоні, прыгледзеўся пры святле горна.

– Неблагая работа, мабыць сапраўды беларускія. Магу і ўзяць.

Каваль забраў мяшэчак з рук ганца і прыкінуў яго вагу.

– Магу і ўзяць. Паказвай капыты.

Паставіў мяшэчак на кавадла і скіраваўся на двор. Калі ўжо так, то па чарзе агледзелі ці спраўна трымаюцца ўсе чатыры падковы. Заадно і перамовіліся.

– Мяне перастрэлі ці здагналі, – ціха прамовіў ганец, азірнуўшыся.

– Мабыць ішлі ўслед, бо тут нікога не было. Адбіўся?

– Зваліў абодвух, таму мушу памяняць кірунак, кругаля рушыць, – сказаў Бражына. – Але перад тым трэба пераседзець у надзейным месцы. Няблага было б прыгледзецца, хто тымі зоймецца. Павінны ж пацікавіцца. Ды і коней я не забраў. – Ясна, – кіўнуў каваль. – А скажы, пане—браце, калі мяне забяруць адсюль? – Але ж кузьню маеш неблагую. А дома што?

– Няміла мне ўсё тут, ды і шаблю трымаць забудуся.

Бацьку вось пахаваў. Няўжо і мне ў чужую зямлю легчы?

– Перадам вялікаму канцлеру.

– А цяпер, прынясу прыладдзе ды крыху паляскаю.

Па кароткім удаванні направы, развіталіся.

– Там далей, – махнуў рукою, – мой хутарок. Павернеш налева і проста перад сабою, пакуль не наткнешся. Знойдзеш хлапца, спашлешся. Разгасцюйся. Ніхто туды не лазіць, але мей вочы на наваколле.

– Пастараюся, – паабяцаў Бражына.

Дыплом на царства

Подняться наверх