Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 8

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Баранюся імем Бога!

Оглавление

Невялікае але гаманкое торжышча тоўпілася на цесным пляцыку між будаў, зямлянак і хатак, некаторыя з якіх былі і жытлом і крамкамі ўладальнікаў. Здавалася тут немагчыма адрозніць пакупнікоў і гандляроў: ніхто нікога не слухае і ўсе ўсіх гукаюць, прапаноўваючы продаж і абмен. Шныпарылі здольныя сцягнуць, што дрэнна ляжыць, каб збыць яго ў іншым канцы паселішча. Насцярожана выглядалі пакупнікоў гандляры крадзеным. Бражына, прыпомніў, што не пашкодзіла б пашукаць чаго—кольвек вартаснага са збруі. Пайшоў наўкруга пляцыку, прыглядаючыся. Трое вакол неблагога каня стаялі зводдаль, між будак, нібы наасобку ад агульнай гурмы. Двое пра нешта дамаўляліся, трэці стаяў спіною да Бражыны і, упёршы даўгое тапарышча баявой сякеры ў зямлю, ваўчком пакручваў лязо, так што яно здавалася бліскучай булавою. Багатая збруя і квяцісты, тканы золатам чапрак, пацягнулі прыгледзецца бліжэй. «Мабыць прыперла баярына з грашыма, а збываць каня на людзях сорам», – падумаў Бражына і ступіў крок—другі. Не супраць будзе ўладальнік, калі нехта збоку пахваліць і каня і рыштунак. Бо эфес райтарскай рапіры пад чапраком таксама быў не бядняцкі, а гаспадар паставай і адзеннем пасаваў на ваяра. Тых пару сказаў, што нехаця вымавіў, гучалі па маскоўску з акцэнтам, але ясна і дакладна. Напэўна найміт. Як казалася, немец.

Торг ішоў не вакол каня. Невысокі, спрытны чалавек, апрануты не бедна, але не на меру пакупніка такога каня, перакінуўшы на плячы рамяні пары страмёнаў, другую якраз прыкладаў да сядла, захвальваючы тавар. Магчымы набыўца адмахнуўся ад прапановы і моўчкі паказаў на трэцюю пару, што пазвоньвала ў левай руцэ гандляра.

Той, увішны і пралазісты, не выглядаў на майстравітага, каб гандляваць уласнымі вырабамі. Хутчэй за ўсё, як і сякернік, быў з таго самапальнага войска, дзе кожны здабываў сабе сродкі на пражыццё, гандлюючы здабычай. І гэты тавар быў хутчэй зрабаваны ў якога рымара, чым узяты на пераможаным непрыяцелю.

Трэцяя пара страмёнаў, сапраўды, была не ў прыклад лепшай. Гандляр, паказаўшы пысай, на які каштоўны тавар замахваецца пакупнік, нехаця павесіў адкінутую пару на плячо. Нібы сумняючыся ў здольнасці ваяра заплаціць, распусціў вузел, адно стрэмя падаў яму, другое ізноў прыклаў да конскага боку. – А путлішчы, пане! Зірні на путлішчы! – ён правёў другою рукою па моцным рэмені. – Шоўк! А тым не менш чыстая скура. Век не парвецца! І шабля не возьме! – падахвочваў гандляр.

Бражына ступіў яшчэ пару крокаў, каб не надта назаляцца са сваім прыгляданнем.

Мажлівы набыўца не спяшаўся пагадзіцца. Пакруціў у руках выдатна каванае з багатай насечкай стрэмя. Па ўсіх прыкметах завандравала сюды з Усходу. Можа з Крыму, а можа праз Казань з купецкім караванам. Гандляр усё стараўся зазірнуць ваяру ў вочы, каб не прагледзець і кінуць лічбу цаны ў той момант, калі пакупнік канчаткова засмакуе ў тавары.

– Гэта ж бот век не выслізне! Ці то на падтрымцы, ці ў нападзе стоячы, нага спаць будзе!

Відаць, апошняя заўвага падказала пакупніку ўпэўніцца, як будзе з нагою, што мае спаць у стрэмені. Нахіліўся і, узняўшы мысок бота насунуў на яго стрэмя. Прыціснуў да зямлі, нацягваючы рукою путлішча. Парухаў нагою ўправа—ўлева. Бражына, пераводзячы вочы на стрэмя, заўважыў як гандляр пераміргнуўся з прыяцелем і той спыніў віраванне сваёй смерцяноснай прылады. Ваяр, не разгінаючыся і не паслабляючы рэменя, ускінуў галаву, нібы хацеў нешта запытаць ці выказаць меркаванне, калі над яго галавою ўзвілося цяжкое стрэмя.

Усё адбылося імгненна. Ваяр таргануўся ўбок, страціў устойлівасць і, атрымаўшы жалезам у плечы, торкнуўся тварам у зямлю. Не паспеў ці не здолеў варухнуцца, як сякернік ускінуў сваю страшную зброю над галавой. На тым бы і канец багатаму набыўцу, але Бражына зрабіў скачок і даў выспятка сякерніку. Чаму гэтыя двое не зважалі на сведку, Бражына і пазней не мог даўмецца. Можа лічылі, што не асмеліцца ўмешвацца, бо такія сутычкі нікому ў лагеры не ў навіну. Бражынаў бот дадаў сякерніку імпэту на лішні крок. Нападнік кульнуўся цераз ваяра, выпусціўшы тапарышча, і сякера ўпілася ў зямлю за ахвярай. Бражына выхапіў кінжал, але супраць двух з кінжалам не ўстоіш! Кінуўся да каня: там рапіра! На шчасце супольнікі не рваліся ў бойку. Гандляр, упусціўшы стрэмя, адскочыў, як толькі бразнуўся няспрытны таварыш. А той, падхапіўшыся, вырваў з зямлі сякеру і кінуўся ўслед. Сціскаючы рапіру, ганец насцярожана агледзеўся. Нездарма зазвалі ваяра ў гэты кут. Усё здарэнне не прыцягнула нічыёй увагі. Бражына толькі зараз павярнуўся да пацярпелага, які ачомваўся ад удару і перапуду, усведамляючы, ад чаго ўратаваўся. Рашучасць незнаёмца вырашыла, жыць яму ці ляжаць з рассечаным хрыбтом альбо без галавы. Стрымліваючы стогн, цяжка ўзняўся на калені. Відаць, атрымаў у чуллівае месца.

– Але ж ты і рызыкаваў! – прамовіў ваяр хутчэй у здзіўленні, чым з удзячнасцю, вымоўна зірнуўшы на кінжал у руцэ Бражыны.

Той сунуў кінжал у похву і, не выпускаючы рапіры з правай, падаў левую, каб дапамагчы ўстаць.

– Вэрэ міхь міт Кготт, баранюся імем Бога! – натужна ўсміхаючыся, прамовіў да ўратаванага. Сам не ведаў з якой прыхамаці прамовіў па нямецку. Толькі зараз усведаміў небяспеку свайго ўмяшання. Ваяр, глуха войкнуўшы, стаў на ногі і пільна зірнуў у твар свайму збаўцы.

– Каб не твая цікаўнасць да збруі, быў бы ўжо ў Валгалле, – сілячыся на жарт, азваўся ваяр па нямецку. – Не думаў, што такое можа здарыцца побач з натоўпам.

Бражына ўсміхнуўся сваёй здагадцы прамовіць па нямецку. Але дапытвацца, хто перад ім, лічыў няўчасным. Нібы не ратаваў бы, не ведаючы племені. Ваяр пахіснуўся, цяжкаватыя ўсходнія страмёны! Бражына, дацягнуўшыся, сунуў рапіру ў похву і прапанаваў: – Давай ускараскаемся на сядло. А руку трэба паберагчы, каб горш не развярэдзіць.

Той не пярэчыў. Не такі перад ім чалавек, каб рабіць марсавую міну. Калі, нацярпеўшыся, уладкаваўся ў сядле і ўзяў повад левай рукою, Бражына прамовіў.

– Ведаеш, цябе ж могуць перастрэць, а што ты з адною рукою.

Ваяр адкрыта зірнуў на Бражыну і той зразумеў, што напад быў не рабаўнічы, тут нешта іншае.

– Так па праўдзе, на сваіх паблізу не разлічваю, – прызнаўся на Бражынаву перасцярогу. – Швед я. Таму ахову прымаю з удзячнасцю, – усміхнуўся ён. – Шкода, калі твой учынак змарнуецца якой поскуддзю.

Бражына падняў і звязаў страмёны, перакінуў цераз луку сядла.

– Не кідаць жа гэткую здабычу.

Няспешна выбраліся на больш людную вулку і, размаўляючы ні пра што, дабраліся да невялікага будана, збітага з акораных і з большага часаных бярвенняў. Між бярвеннямі тырчэў не вельмі ўдала закладзены мох, понізу будыніна была абсыпана не надта старанна, але выглядала надзейна і мела над дахам комін.

– Ну, вось і наш замак, – прамовіў ваяр і ціха свіснуў.

З будана выскачыў белавалосы хлапец, і Бражына ледзь не ўсклікнуў, пазнаўшы суразмоўніка грума Юдыцкага. Ваяр прамовіў нешта па шведску і той падскочыў дапамагчы.

– Ого, якія страмёны! – усклікнуў у захапленні.

Удвох з Бражынам сцягнулі ваяра з каня і шчасліва паставілі на зямлі.

– Далей дам сабе рады, – усміхнуўся сваім дабрадзеям. – Прабач, пане, не клічу ў госці.

– Пра што мова, – адмахнуўся Бражына. – Няхай хлопец пашукае якога цыруліка ці кастаправа. Калі рубам прыйшлося, то і нашкодзіць магло.

– Разумна раіш. Але спачатку хлопец з табою пройдзе, каб рапіру маю забраць, – ён вымоўна зірнуў на хлапца і той пабег у будан. Бражына разумеў, што ваяр з нейкай важкай прычыны парушае законы гасціннасці, але непакоіцца за яго бяспеку. – Будзеш паблізу, заходзь. А ў нечым спатрэблюся, пытай Крыстэра Хёка ў кватэры князя Ражынскага. Даўжнік я твой неаплатны.

Хлопец выйшаў з будана з кордам і пры двух пісталетах за поясам. Вызваліў рапіру ваяра і сунуў сабе падпаху, паказаўшы, што гатовы.

– Няма пра што гаварыць, – адмахнуўся Бражына. – А наведаць – наведаю. Бывай здаровы, вашмосьць, адлежвайся! – прамовіў, забіраючы рапіру ў хлапца.

– Яшчэ раз дзякую, – адказаў ваяр. – Здаецца, не зрабіў гэтага дасюль.

Да сапежанскай рэзідэнцыі дайшлі без прыгод, грум развітаўся кароткім паклонам заспяшаўся да свайго гаспадара. Ля стайні Мінай старанна чысціў бражынаву кабылку і ганец падышоў яшчэ раз прыгледзецца падарунку Юдыцкага. Усе прылады ляжалі на разасланай дзяружцы.

– Зграбная дзяўчына, – Мінай пашлэпаў па холцы буланку. – А той бялявы, што прыходзіў з вамі надоечы, ён і да пана Юдыцкага прыбягаў з нейкімі даручэннямі, са Сцяпанам балаболіў, халера іх ведае як разумеліся.

Гэта было нешта! Сцяпан без пальца! Грум Юдыцкага!

– Але пан Юдыцкі, здаецца не ва ўсім з імі трымае, – удакладніў Мінай свае назіранні.

Расчасаў грыву вялікім драўляным грэбенем і пацягнуўся за шкрэбалам. Бражына знямеў.

– Адкуль у цябе гэта шкрэбала?

– Згледзеў, беручы буланку са стойла. Маё амаль сцерлася, а гэта нехта пакінуў.. А што? Чаму нельга?

Хлопец сунуў пальцы пад раменьчык і старанна зашоргаў, прыгаворваючы.

– Вось! Раз пад волас, два па воласу! Аксаміт!

Задаволены шлэпнуў кабылку па азадку. Бражына міжволі азірнуўся. Нікога.

– Паслухай, Мінай, – ціха прамовіў да хлапца. – Занясі шкрэбала, дзе браў, і вазьмі сваё, але каб ніхто не бачыў. І нікому ані слова!

Мінай зразумеў, што распытваць нельга. Паслухмяна сунуў шкрэбала пад кашулю і нядбалым крокам скіраваўся да стайні. Вярнуўся са сваім шкрэбалам і пачаў чысціць спіну кабылы, час ад часу паглядаючы на Бражыну. Той ўсміхнуўся з палёгкай: хлопец не дурань і чакае тлумачэння.

– Пра шкрэбала пасля пагутарым, – паабяцаў Бражына. – А вось той бялявы, ён жа ў нейкага Крыстэра Хёка на паслугах. Шведа ці немца?

– Не ведаю з якіх ён, але мне ні ён ні ягоны пан не падабаюцца. Шпегі! – задзірыста, нібы яму не верылі, усклікнуў Мінай.

Бражыну прыгадалася, як на пачатку сваёй службы быў схільны ў кожным незнаёмым бачыць шпега ці выведніка. Як пакутліва пазбаўляўся ад дзіцячай звычкі. Ведаў ад Малея, што хлопец раскрыў інкогніта сапежанскага пасланца і адорвае яго вялікім фаворам. Смех быў бы для яго абразай.

– Каб мець пэўнасць, што шпегі, адной непрыязнасці мала, – прамовіў памяркоўна.

Мінай пільна азірнуўся і прашаптаў з тым жа адценнем крыўды.

– А я не так сабе! Я, пане, на нядобрым іх падпільнаваў! Вось крыж святы! Прыйшоў той бялявы, шу—шу ды шу—шу. То я скеміў і поначы назіркам за Сцяпанам… Хата ў іх, зямлянка можна сказаць. І відаць не так даўно яе прыдбалі, бо трэба было да парадку яе прывесці.

– Тады іншая рэч, – пагадзіўся Бражына. Грэх адмахнуцца ад такога рупліўца. Заўжды рупіла ведаць як мага больш, асабліва калі сам адзін выязджаў у цёмную ноч, маючы за абаронцаў толькі корд пры сядле ды ўласную пільнасць.

– Але як ты іх разумеў, бо той жа немец ці там швед?

Мажліва, чары выведкі развеюцца самі сабою і таямнічыя намеры высвятляцца звычайнасцю.

– У тым, пане, і шчасце, што і бялявы гаварыў па нашаму, хоць не зусім гладка. – І пра што была размова?

– Адкажу пасля шкрэбала, – прыжмурыўся Мінай.

– Ну, добра, – здаўся Бражына. – Значыць, пра шкрэбала… Маё яно… Мінай праслухаў лясную прыгоду нібы казку. З тым большым запалам павёў свой аповяд. Спачатку шматзначна памаўчаў, даючы слухачу перанесціся ў час і падзею.

– Яны, пане, ці то спяшаліся ці ленаваліся, але лазняку вакол той хаціны не кранулі. Ззаду пад саменькую сцяну лёгка падкаціцца і слухай сабе, пакуль не абрыдне.

– Што, скрозь сцяну чутно? – запытаўся Бражына.

– Там адно найменне сцяна, – хмыкнуў Мінай. Над зямлёю пара вянцоў ледзь не з жэрдак і між імі моху і на лякарства не збярэш, шчыліны – палец пралезе. Адно, што сапці ці крактаць нельга: і яны пачуюць.

Бражына пахваліў дакладнае акрэсленне сітуацыі і паказаў, што гатовы пачуць самае істотнае. Мінай моўчкі кіўнуў, што разумее і прыступіў да выкрыцця змовы.

– Цеснавата тут у цябе, голас належаў таму бяляваму, – патлумачыў Мінай. – Выходзіла Сцяпан быў за гаспадара, ці ягоны пан, Юдыцкі значыць… – Затое бяспечна, – другі голас, Сцяпанаў значыць, адказвае. – Каму ўзбрыдзе ў галаву западозрыць, што тут нешта важнае адбываецца.

– Слушна, – прызнаў гэты госць.

Мінай прыгледзеўся Бражыну, ці прызнае, што ўсё—ткі знайшоўся дапытлівы, западозрыў і нездарма. – Пан Ільяш кажа, цар Дзьмітрый шпегаў баіцца, то паўсюдна віжоў рассылае, – кажа Сцяпан. – Усіх баіцца, і шведаў і жыгімонтавых, так што часцей азірайцеся.

Бражына ўсміхнуўся, падміргнуў дабраахвотнаму выведніку.

– Не здагадваліся, што наш уплішчыўся раней за шведаў і немцаў. Мінай паружавеў задаволены, але тут жа ўздыхнуў вінавата.

– Пасля было не разабраць. З нечым корпаліся, грукалі. А затым пра грошы. Абы грошы, – Сцяпан так нядбала прамовіў, нібы са знаўствам. – Хады знойдуцца. Пан пры гетмане чалавека мае, пры князю Ражынскім, значыць.

– О, такі чалавек на кручку заўсёды будзе патрэбны, – той швед у адказ. Мінай злосна хмыкнуў. – Мне так здалося, пане, – насмеліўся на заўвагу, – Сцяпана кальнула, што і ён разам з панам сваім на кручку. І можа стаць непатрэбным. Яшчэ здалося, нібы той бялявы хацеў бы і Сцяпана выкарыстаць супраць пана Юдыцкага.

Бражына ўхвальна паківаў галавою.

– Такі ў шпегаванні звычай. А калі ж наступная сустрэча? – запытаўся нецярпліва.

– Па словах Сцяпана, на другі дзень як ягоны пан вернецца. Выходзіць заўтра, але можа акурат сёння ноччу, – як нешта звычайнае паведаміў бывалы выведнік Мінай. – Гэта як лічыць прыбыццё.

Стоячы па другі бок буланкі, Бражына злавіў руку хлапца і моцна паціснуў. – Малайчына, хлопча, але той швед моцна патурбаваны і адлежваецца! Што ж пачнем?

– Прасачу, пане, – ахвяраваўся Мінай. – Альбо той бялявы з'явіцца, альбо Сцяпан да іх пойдзе.

– Урэшце, калі марна прасядзім, не схуднеем, – вырашыў Бражына да вялікай радасці свайго памагатага.

Размова можа пайсці па нямецку, таму дамовіліся, што Мінай стане на старожы, а слухаць Бражына будзе сам. Паручніку вырашылі пакуль нічога не казаць. На пэўнае здзіўленне бялявы з'явіўся, але не забавіў, крутнуўся ля стайні і амаль непрыкметна знік. Выправіліся пешкі, можа таму і спазніліся. Асцярожна агледзеўшы наваколле, заўважылі двое коней пад трухлявай паветкай і каля яе бялявага памагатага. Ён не надта крыўся, відаць сцярог коней, але і ўваход у зямлянку меў на воку. Сцяпана бачна не было. Мажліва сядзеў з панамі.

– Вось сюдой паўзіце і бачком да сцяны, паказаў Мінай дарожку пад кустамі. – Толькі ж ціхенька, да зямлі шчыльней і на галінкі зважайце, каб той не згледзеў, – папярэдзіў шэптам.

…Як і Мінаю сваім часам, не адразу чулася, як хацелася б. Але пакрысе вуха прызвычаілася і мала што пралятала незразуметым. Шкода ўпушчанага, але і так слухаць было што… – А ліцьвін твой не абы дзе, у пана Сапегі атабарыўся, як свой. Не думаеш, што мог усё падстроіць? – голас Юдыцкага пазнаваўся лёгка.

Даляцела гучнае хмыканне з выразнай насмешкай. Швед са стогам крактануў і азваўся па нейкім часе. – Каб ты сам ляжаў пад той сякерай… Нямала паваяваў, каб не скеміць, дзе ўдаюць, а дзе насамрэч забіць наважыліся. Пароль назваў і руку падаў належную. Праўда, у правай трымаў кінжал.

Бражына замёр ад нечаканасці. Пароль? – не паверыў пачутаму, але адкінуў роздум на пасля.

– Калі пароль, то ведаў каго ратуе. Нічога сабе тарапаты! – паспачуваў Юдыцкі.

Пачуўся ўздых і голас Хёка.

– Ведаў… Гэта ты трапна… Не пры кожным пароль падаваць, – адзначыў швед. – Можа чакаў, калі вызвалюся з тым торгам. Нас не пахваляць, калі нітку абарвем. Хопіць твайго нападу ў лесе… Ізноў пачуўся цяжкі ўздых. Напэўна давалася ў знакі прыгода са страмёнамі. Відаць сустрэчу нельга было адкласці, калі цярпенні не затрымалі… – Усё ж не ясна з маім нападам, – з ноткай трывогі вярнуўся да справы Юдыцкі. – Ці мяне ўвялі ў зман, ці ён не той, за каго зараз падаецца. Што сапежанскі, сам не хавае. – ён памаўчаў. – Калі гэты ганец нейкім чынам даведаецца пра наша…знаёмства і ён не ваш, то сустрэўшы мяне ў каралеўскім войску… – Можа трэба было прызнаць яго канакрадам? – насмешліва запытаўся Хёк. – Ды адразу павесіць, калі ў лесе не пашанцавала?

– Дык жа Гнядко ад жарабяці пры мне, не мог мяне не прызнаць, – услед Хёку засмяяўся Юдыцкі.

Смех змоўшчыкаў падаўся Бражыну брыдкім, нават абразлівым. «Калі б я да вашага рогату далучыўся, усім тром было б не да весялосьці,» – хмыкнуў сам сабе.

– Але пры чым тут Сапегі, калі ён наш? – швед палічыў што досыць жартаў.

– Ты ў справах Княства мала абазнаны, – крыху паблажліва прамовіў Юдыцкі. – Сапегі, брат, усюды пры чым. Наш вялікі канцлер чалавек важкіх здольнасцей, – даводзіў павучальна, – не горш вашага Оксэнштэрны. Не Леў Сапега Мнішхаў, хутчэй яны яго апекі шукалі.

– Бач які сын Княства! – рагатнуў Хёк. – Але згодны, тваё меркаванне больш адпавядае сапраўднасці. Завадатар маскоўскай інтрыгі, несумненна ваш вялікі канцлер, іншыя хіба што здатныя скамарохі.

– Сваё даражэй, – неяк вінавата прамовіў Юдыцкі. – Урэшце, не так супраць сваіх стаю, як супраць маскавітаў.

– Слабое суцяшэнне, вашмосьць, – бязлітасна спраставаў швед. – Зробіш, што загадаем. Як і я, не маеш выбару. Хоць я і швед, больш ваяр чым выведнік, але не ведаю, калі дадуць асесці на ўтульнай мызе, а запрацаваў на яе сумленна.

Юдыцкі ніяк не азваўся на кпіну. Мабыць адчуў розніцу між ім і гэтым Хёкам. Швед працуе на сваіх, а ён, ліцьвін… Бражыну раптам падумалася, ці не ўблытаўся па маладосці, хоць бы з—за адданасці кальвінскім Радзівілам. Тыя здавён са шведамі то б'юцца то цалуюцца.

– Пра шведскую карону для варшаўскіх Вазаў Сапегам не баліць, – Юдыцкі працягваў пераконваць недасведчанага супольніка. – Ім колішнія ўладанні на Смаленшчыне вярнуць. Уплывы на Крамлі такім царом забяспечыць, каб пасля не спакусіўся на страчанае. Вас з Інфлянтаў выперці і Сапегам і Радзівілам важна. Рыга, вольны сплыў па Дзвіне. Таму стараюцца караля Жыгімонта наставіць, нібыта, адтуль бліжэй да стакгольмскага трону, чым з Гданьска.

Абодва зарагаталі, швед крыху змушана. Бражына пакруціў галавою. Гадай тут, дзеля чаго Юдыцкі пляце павуцінне з гэтым шведам, калі так вялікага канцлера нахвальвае!

– Значыць, Сапегі ў нечым з гетманам Жулкеўскім згодныя: вунія без вайны, праваслаўны каралевіч на Крамлі? – удакладніў швед. – Няблага б знайсці якога небараку пры вялікім канцлеры вашага Княства. Цішыня запанавала на добрую хвіліну. Відаць Юдыцкі прыкідваў на якім адказе больш выйграе.

– Можа і ёсць, – пагадзіўся нібы нехаця. – калі не пакрыўджаныя, то бедныя і сквапныя. Іх прасцей перакупіць… – Лягчэй пайшла б наша бліжэйшая задача, – прамовіў швед, – не даць войскам Ражанскага і Яна Сапегі перакінуцца да караля, калі Шуйскі пойдзе на дапамогу Смаленску. А тым часам нашы падмацуюць Шуйскага і разам удараць і па Жулкеўскаму і па каралю. Калі вашы загразнуць на Масковіі, Інфлянтаў Вялікаму Княству не мець! А Вялікі Ноўгарад зваліцца нам у рукі нібы спелы яблык…Так што трэба баламуціць тую канфедэрацыю… І да вашага вялікага канцлера чарга дойдзе…Тым больш і палякі ва ўсёй аферы яго вінавацяць.

Юдыцкі азваўся не адразу.

– Не ва ўсім маюць рацыю, – зазначыў з выразным націскам. – Важна, каб царэвіч Дзьмітрый не ўдарыў Шуйскаму ў спіну. – Яшчэ мінулым вераснем у Тушыне даведаліся, што Шуйскаму далі час да Пакравоў дамовіцца з ліцьвінамі альбо саступіць ім гасударства. Не так пайшло, але папярэджанне застаецца. Лепш аб'яднаць Дзьмітрыя з Шуйскім. Хто каго паб'е, яны Жыгімонта ці наадварот, вам жа без розніцы, калі вы пра Ноўгарад і яго землі марыце.

Хёк з'едліва засмяяўся.

– Пірава перамога для абодвух? Няблага! Так і Жыгімонту Вазу мара пра шведскую карону з галавы выветрыцца, – прызнаў швед. – А ліцьвінам у Інфлянтах давядзецца па ранейшаму супраць нас адным стаяць. Бо калі б Хадкевічу больш войска…А нам жа і Пскоў патрэбен. Бражына ўспомніў прадказанне вялікага канцлера, што шведы скарыстаюць смуту, паквапяцца на Ноўгарад, а то і далей. Стрыманы смех належаў Юдыцкаму.

– Ты нібыта спачуваеш Хадкевічу ў яго нястачах з жаўнерствам. А не баіцеся, што кароль з Дзьмітрыем аб'яднаецца? Масковію захопяць і пасля разам супраць вас выступяць.

Ці то швед быў зусім не пасведчаны ў маскоўскія падзеі, ці Юдыцкаму карцела выведаць яго асабістае стаўленне да каралеўскіх намераў, горача падтрыманых «каморнай радай».

– Гэта было б небяспечна, – прызнаў швед. – Але на такое аб'яднанне час патрэбен. Ды і Жыгімонту не рэзон нейкаму прыблуду шапку Манамаха саступаць. Невядома яшчэ, чым валацуга адплоціць, калі на Крамлі ўсталюецца.

Бражына не адчуў у тоне Хёка прыязнасці да тушынскага цара.

– Канешне Швецыі ў шкоду, калі Рэч Паспалітая памацнее за кошт Масковіі. Зямлі не мерана, люду – не лічана… Калі разам на Швецыю пойдуць, не ўзрадуешся! Глядзіш і за мора давядзецца адступіць.

Але ціхі смех шведа нібы выключаў страх перад падобнай мажлівасцю.

– Так што прыглядайся да майго знаёмца, – прамовіў з націскам, вяртаючыся да рупнага пытання. – Думаю, лепш яго не кранаць, – падкрэсліў Хёк. – Выкрасці паперы пры нагодзе гэта так…прыдалося б…У цябе будзе важнейшы клопат на шыі. Лісты падрыхтаваны, чалавек таксама. Можаш не цырымоніцца. Твая галава, каб стралец быў бездакорны. Ну і знікнуць у адпаведны момант. Бо Жулкеўскі і на вострую палю можа ўссадзіць, калі здагадаецца.

Працяглае маўчанне падказвала, што размова дабягае канца.

– Калі выправа пойдзе па нашай мыслі, павінна ўдацца, – прамовіў Юдыцкі.– Нават уцякаць няма патрэбы, чвэрць мая канчаецца, змагу ад'ехаць без перашкод і падозраў.

– Тады, здаецца ўсё, – швед, здавалася, падводзіў рысу.

Пара было адпаўзаць, пакуль каторы не выйшаў. Крыху аддаліўшыся, даў знак Мінаю і паспешліва рушыў да рэзідэнцыі. Не азіраўся, пэўны мінаевай аховы.

Заваліўшыся на пасланне, адчуў як стаміўся, але доўга не мог змружыць вачэй. Не давалі супакою думкі. Юдыцкі пры царыку, ён жа са шведамі і Ян Сапега яго не адпрэчвае. А грум ягоны на стала ўплішчыўся ў сапежанскую рэзідэнцыю. Якую ролю выконвае хлапец, застаючыся тут падчас адсутнасці Юдыцкага? Чаму той не бярэ яго з сабою? Выглядае, Сцяпан не так грум, як пасланец між шведам і Юдыцкім. Каму кінецца ў вочы, калі сустрэне служку шведа ў гаманлівым шынку. І з тым здабычным Гнядком: Юдыцкі насамрэч яго не згледзеў ля Лаўры, ці быў змушаны прыкідвацца тут на двары? Апошняй думкай была, калі ж вярнуўся Юдыцкі?

Дыплом на царства

Подняться наверх