Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 7

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Гнядко знаходзіць гаспадара

Оглавление

Мінай крыкнуў яшчэ ад парога: – Пане, ваш гнядко сабе новага гаспадара знайшоў!

Бражына адразу падумаў, што гэта да яго, хоць у двары было некалькі гнядых. Зацікаўлены выйшаў на двор, дзе вакол ягонага каня ўжо тоўпілася і гаманіла цэлая грамада. Пара—тройка сапежанскіх афіцэраў, улучна з Малеем, некалькі ягоных жаўнераў. Гняды, нібы задаволены агульнай увагай і нечаканай сустрэчай, пагойдваў галавою, паклаўшы шыю на плячо афіцэра, а той пагладжваў каня па гладкай скуры і нешта тлумачыў жаўнерам.

– Толькі згледзеў, пане, то і заіржаў на ўвесь двор! – у захапленні расказваў Мінай, ведучы ганца да каня.

Відаць было, што хацеў бы мець такога адданага сябра.

– Вітаю, вашмосьць, – падаў руку Бражына. – Спадзяюся, не палічыш мяне за канакрада? Завуся Ігнат Бражына. На службе ў яснепана Льва Сапегі.

Бражына спаткаўся поглядам з маладзёнам і ледзь не ўскрыкнуў: чалавек меў розныя вочы! Адно шэрае, другое сіняе як неба! Чаму ж не паехаў ад манастыра разам з імі?

– І ў галаву не магло прыйсці, – запэўніў гаспадар гнядога. – А я Ільяш Юдыцкі. Але адкуль ён у цябе?

Ці то Бражыну здалося, ці пытанне сапраўды гучала насцярожана. Можа і ўсмешка выглядала крыху вымушанай. Чалавек, вызваліўшыся ад ласкавага дотыку конскай пысы, прачасаў пальцамі грыву.

– Прызнаюся, што не на кірмашы набыў, – адказаў ганец, неўпрыкмет прыглядаючыся, што на тое афіцэр. – Спачатку нейкія шышы майго падстрэлілі, а затым я ў іх гэтага звёў.

Здалося ці насамрэч, па твары Юдыцкага слізгануў цень непакою. Ён ласкава паляпаў каня па галаве, але ў вачах не праглядала радасці вяртання, як ні кажы, вартаснай маёмасці, калі не таварыша ваярскай долі—нядолі. Няўжо быў змушаны спехам шукаць тлумачэнняў, бо ўсё адбылося знянацку, прылюдна.

– Глядзі ты, якое супадзенне! – усклікнуў афіцэр. – Ці не тыя самыя, што ў мяне гнядка звялі. Адзінага з табунка.

– Я ж казаў, што гэтага коніка пазнаю! – уставіў сваё Мінай. – Ужываў маёй гасціны.

Бражына перахапіў позірк афіцэра. Быў амаль пэўны, што гэты чалавек быў на сцяжыне з пасткай. Ужо тое сведчыла, што не дапытваўся, дзе ды як адбіў Бражына ягонага каня. А можа і не верыў у ягонае тлумачэнне. І позірк гэты насцярожаны.

– Што ж, забірай свайго гнядка, – сказаў Бражына. – А я не паспеў і падумаць пра мянушку. Нічога майго на ім няма. Толькі хлеб ды вяндліну, прабач, з'еў.

Пра хлеб вырвалася само і ганец мог бы пабажыцца, што афіцэр злёгку збялеў і залішне ўважліва стаў аглядаць Гнядку капыты. Адолеў разгубленасць і ўсміхнуўся.

– Ну, за хлеб на цябе павінны шышы крыўдаваць, – ён з ваганнем зірнуў на Бражыну. – А як жа ты без каня?

Здалося пабойваецца нейкай хітрасці.

– Ды ўжо неяк, – паціснуў той плячыма. – Іншага набыць давядзецца.

– Тут не так лёгка з добрым канём, – заўважыў нехта з гурта.

Было відаць, што Юдыцкі адчувае сябе ніякавата. – Але ж так нельга, – запярэчыў ён. – Вазьмі хоць грошы. Ты ж захаваў мне каня, калі падумаць.

– Тады выйдзе, вашмосьць, што я з тымі шышамі дзеля выкупу твайго каня звёў, – засмяяўся Бражына. – Ён жа сам цябе прызнаў. Бяры і не думай!

Здавалася, афіцэр супакоіўся.

– Ну, дзякуй! – прамовіў ён, шчыра ўзрадаваны і, крышачку павагаўшыся, запытаўся: – А калі я табе каня прапаную? Не такога, праўда, але не здыхлю, не падумай.

Бражына падумаў, што, заваліўшы таго вартавога, мог бы парку коней пагнаць на шворцы. Але ж абставіны былі не тыя…А зараз прасіць грошай у Яна Сапегі было б няёмка, сваіх на добрага каня не меў. Але Юдыцкі ўжо махаў у бок стайні і нецярпліва пстрыкнуў пальцамі. Моцны хлапчына падвёў неблагога каня пад сядлом і падаў повад Бражыну.

– Вы, пане, пачастуйце яе, – працягнуў на руцэ кавалак сухара. – Падсолены. Вельмі даспадобы. Адразу прызнае за гаспадара.

Бражына паслухаўся. Беручы сухар, заўважыў, што руцэ не хапае мезенага пальца. Пакуль кабылка хрумстала пачастунак, без спеху агледзеў падарунак, праверыў сядзельную папругу, паторгаў страмёны. Усё было ў лад.

– Як падзяку за ўтрыманне Гнядка? – прамовіў да Юдыцкага. – Што ж, думаю, гэта ганарова для нас абодвух? – ён азірнуўся на грамаду за меркаваннем.

Усе згодна загулі, што гэта вельмі па рыцарску, з такой нагоды і да шынка зазірнуць варта.

– Ну то едзем на магарыч? – запытаўся ў Юдыцкага і скочыў у сядло.

Кабыла заўпарцілася, спрабавала падбрыкваць, але праз паўсотні крокаў скарылася, а праз паўвярсты была і карчомка. Выглядала як перанесеная з віленскага ці менскага тракту. Бражына, паручнік Малей і Юдыцкі пакінулі коней пад нагляд хлапца, занялі вольны стол і запатрабавалі пачастунку. Калі перакулілі па першай чарцы, паручнік запытаўся: – Дык як жа вашмосьці дастаўся гняды?

Бражына пераказаў лясную прыгоду, не адбягаючы ад праўды, але трымаючыся шышынага нападу, як адзінага і неаспрэчнага тлумачэння.

– Шмат гэтай набрыдзі па лясах, – пагадзіўся паручнік. – Уцякуць з войска, а карміцца неяк трэба… Юдыцкі слухаў, здавалася, рады вяртанню каня. Звычка Бражыны не давярацца першым уражанням змушала ўважліва сачыць за кожным яго словам ці выразам твару. Размова звычным парадкам перайшла на царыцу і царыка, на ягоных правадыроў—ваяводаў. Што на Маскве чуваць.

– Імяніты народ сплываецца! Як і падзеляць пасады ды даравізны?

– Неяк паладзяць.

– Абы без крыві, але нешта мне падказвае, што такія надзеі не маюць грунту, – прызнаў Малей.

– Глядзі, а то Зарудзкі цябе падсцеражэ, то і Сапега не дапаможа! – папярэдзіў Юдыцкі. Паручнік толькі заўсміхаўся і пакруціў галавою.

– Ці не збіраешся да царэвічава войска? – Юдыцкі кінуў на Бражыну дапытлівы погляд. – Вунь колькі з'ехалася і канца не бачна.

– Не такога імянітага роду, каб царэвіч спакусіўся на мае паслугі, – аджартаваўся Бражына.

Юдыцкі з недаверам пакруціў галавою.

– Не кажы, – даволі горача запярэчыў Юдыцкі, – чалавек з галавою сваё месца згледзіць і адстоіць. – Не ўсім шанцуе, – запярэчыў Малей. – Вось наслаў царык на Ніжні князя Сямёна Вяземскага. Разбілі яго ніжагародцы, а самога павесілі на плошчы. Вось і знайшлі яму месца! З ніжагародцамі яшчэ будзе клопат.

– Здараецца і такое, – прызнаў Юдыцкі.– Але вазьмі хоць Зарудзкага… Юдыцкі азірнуўся, нахіліўся да Бражыны і сцішыў голас.

– Хлопец ні чытаць ні пісаць, родам з цярнопальскіх месцічаў. З татарскага палону на Дон. З данцамі да «царэвіча», разам з Балотнікавым Маскву аблягаў. Той даручыў прывесці войска на выручку Туле. Нашы кажуць homo novus, выскачка! Але паказаў сябе і зараз кіруе Казачым прыказам дай Бог якому радавітаму баярыну. І хто смелы нешта яму загадае ці ў нечым перашкодзіць? З баярамі, з ротмістрамі, ці то кароннымі ці нашымі, ладзіць найлепшым чынам.

Малей не сцяпеў, каб не кінуцца з удакладненнямі.

– Людзей мае больш чым Ражынскі. Чаму ж царэвічу не цаніць такога памагатага? Трэба прызнаць, што не лянуецца. Стражу сам правярае, дазоры вызначыць і наказ дасць. Падмацаванні збірае.

Паручнік змоўк нібы пад цяжарам атаманавых заслуг і здольнасцяў. Адразу ж заступіў Юдыцкі. Відавочна поспехі Зарудзкага не давалі спакою лаўцам удачы. – Лазутчыкаў рассылае і злоўленых дапытвае, – Юдыцкі на няўлоўнае імгненне прымоўк і кінуў усё той жа дапытлівы погляд на Бражыну. – У Ражынскага адзін клопат, так што глядзіш Заруцкі і вышэй пойдзе.

Бражына абвёў поглядам застольнікаў. Усміхнуўся абодвум.

– Не іначай, вашмосьці, спакушаеце мяне кінуць свайго пана і пашукаць ласкі іншага, – засмяяўся як мага нязмушана. – Але ж гэта, як ні круці, рызыка. Можна і прагадаць.

– Калі на кінуў—рынуў, то канешне, – прызнаў Юдыцкі. – Але маючы спрыянне… Вось прыкладам шведскім наймітам маскоўскі цар грошай не пашкадаваў, – Юдыцкі нібы ўхваляў гасудараву шчодрасць, якая магла дзеяць на шкоду і тушынцам і каралю. Макей не застаўся абыякавым да спраў жолду.

– І ў нашым, вялікалітоўскім войску ведаюць, што кавалерыя мецьме па пяцьдзесят тысяч штомесяц на таварыства. Пяхоце менш, бо трыццаць пяць. Галоўны над войскам атрымае пяць тысяч, а над кавалерыяй толькі чатыры, як і пяхотны. Усім астатнім афіцэрам на гурт пяць тысяч на месяц. Няблага, калі да іх прыстаць.

Бражына паказаў, нібы мяркуе, ці варта туды падавацца.

– Чаму ж вашы не бягуць? – запытаўся. – Заробак канешне неблагі, калі галава ацалее. Ці не зусім паверылі?

– Там, канешне, няма той волі, што ў тушынцаў, – зазначыў Малей. – Ну і да цара прыглядаюцца. Няпэўнасць усё—ткі… Бражыну цікавіла, што Юдыцкі на такое далікатнае пытанне. Але той не ўхіліўся і адказаў грунтоўна.

– Чаму, пытаеш, паверылі ва ўратаванне? Тых, хто не бачыў забітага на ўласныя вочы, па—за Масквою большасць. Іх спадзяванням адпавядала паверыць. Сяляне дагэтуль лічаць, што баяры перашкодзілі царэвічу даць абяцаную волю за першым з'яўленнем. Тыя, што за Балотнікавым пайшлі, дасюль не даравалі і думаю не даруюць памешчыкам адмену Юр'ева дня. Ім тасама абы царэвіч… Бражына паказваў, што не абазнаны ў справах Масковіі, але вельмі цікавіцца.

– І дваранства на баяраў даўно зуб мае, – Юдыцкі быў рады служыць сваім досведам. – У іх жа ні сойму ні соймікаў і з гасударом сваім не паны—браты. Царэвіч, калі не сам адчуў іх прагу мець кавалак правоў і ўлады, то нашы падказалі. Чаму ж дваранству ды ратным людзям не далучыцца, калі ўвесь час выстаўляўся са сваёй пашанай ды клопатамі пра «воінскі чын»? За тым разам не атрымалася… Малей, як знаўца маскоўскіх падзей, паварушыў вусамі, паківаў.

– Ад цара Васіля гэтага век не дачакаюцца, – пацвердзіў рашуча і неаспрэчна. – Так што ўсім край неабходна прызнаць царэвіча жывым.

Ясней не скажаш. Было відавочна, што і Юдыцкі не лічыць уратаванне неаспрэчным. Нават больш таго…Але прызнаць зручней і карысней…Калі ўся грамада выходзіла з шынка, знадворку даляцелі гучныя крыкі. Хлопец Юдыцкага, распіхваючы разявакаў, выскачыў на сярэдзіну вуліцы.

– Мой Сіўка!

Нейкі ярыжка намерыўся гнаць у намараную далеч спраўнага сівога коніка.

– Плачу за жывога ці… – голас Юдыцкага раптам абарваўся.

– Не трэба, пане!

Хлопец сунуў пальцы ў рот і пранізліва свіснуў некалькі разоў. Сіўка, ужо адбегшы на сотню сажняў, раптам затанцаваў на месцы, стаў дыбкі і, узбрыкнуўшы, выкінуў вершніка нібы з прашчы. Гучны рогат разявакаў не абудзіў няўдалага канакрада з непрытомнасці. Яшчэ адзін свіст паклікаў сіўку да гаспадара.

– Вось гэта муштра! – ў захапленні прамовіў Бражына.

Дыплом на царства

Подняться наверх