Читать книгу Дыплом на царства - Аркадзь Ліцьвін - Страница 23

Частка I. Кур’ер Вялікага княства
Кароль і гетман

Оглавление

Кароткі пастой на лясной дарозе каралеўскі караван сустрэў вясёлым гоманам. Зсядалі з коней, выграмольваліся з карэтаў, саскоквалі з брычак. У аддаленні пад аховай жаўнераў спыняўся гаспадарчы абоз. Забегалі фурманы і машталеры, лэпаючы пад чапракамі конскія спіны, аглядаючы вупраж, падмазваючы восі. Бронь Божа якога недагляду падчас руху!

Кароль Жыгімонт нядбалым узмахам далоні паказаў, што не зычыць сабе нічыйго таварыства і адыйшоў у цень разгалістага клёна. Прыхіліўся да шурпатага ствала і прыкрыў вочы. Услухоўваўся ў шэпт лістоты і здавалася не чуў гаманы і крутаніны. Не часта мог дазволіць сабе хвілю адасабнення.

Двое каралеўскіх дарадцаў, стары і малады, пакарысталіся магчымасцю распрастаць самлелыя ў каленях ногі і заадно пагутарыць, не азіраючыся на чужыя вушы і не замінаючы сваёй размовай Найяснейшаму пану.

– Нарэшце скончылася гэта нявызначанасць з выправай, – з уздыхам палёгкі, нібы скінуў з плячэй невыносны цяжар, прамовіў Анджэй Баболя.

Каронны падкаморы выразна запрашаў да прыемнай і змястоўнай размовы.

– Што ж, вялікалітоўскі гетман не саступае свайму папярэдніку, – азваўся Фэлікс Шчэнсны Крыскі, падканцлер кароны. – А ў пэўных здольнасцях нават пераўзыходзіць… Такое прызнанне з вуснаў караняжа шмат каштавала. У Баболі былі свае прычыны для задавальнення.

– Я то проста шчаслівы з—за такой замены, – з замілаваннем паведаміў ён.

– Можа пан Хадкевіч адзначаецца меншай гнуткасцю ў справах палітычных, затое шчыры каталік і беззаганны рэгаліст. Ну і вялікі сябра езуітаў. Так што памылак пана Жулкеўскага калі не сам то з іх дапамогаю пазбегне. Адно, што не тоіцца са сваёй непрыхільнасцю да маскоўскай выправы.

Крыскі быў прыхільнікам рашучай дзейнасці на Ўсходзе, але не так па—Гэмбіцкаму як па—Жулкеўскаму. Настойліва і паслядоўна, але гнутка, па—людску.

– Маё стаўленне да выбару Міласцівага пана выключна станоўчае.

– Як я разумею, у Коханаве спыняцца не будзем?

Пытанне пана Баболі падказвала, пра што хацеў бы паразмаўляць.

– Хіба ненадоўга, – прыкінуў пан Крыскі. – Едзем да Талачына. – Маёмасць пані канцлеравай…

– Ну, пан Леў сам не пакідае ўвагай. Касцёл там, школа, шпіталь нават… Усё яго стараннямі…

Лепш пахваліць славутага ліцьвіна, бо напэўна што благое праз гэтага вось Баболю, дайшло б да яго.

– Дбае, значыць, – не то ўхвальна, не то падкусліва адзначыў Баболя. – Так што і яснепан Хадкевіч туды з’явіцца. Ганца, пэўна загадзя дашле. Можа крыху лягчэй яму пойдзе ў гэтай выправе?

– Хто ж сёння скажа, але ў Інфлянтах, трэба прызнаць, нялёгка яму даводзілася, – паспачуваў Крыскі.– Праўда, на яго думку, маскоўскія выправы толькі адцягваюць сродкі і жаўнераў ад важнейшай Інфлянцкай. Даюць шведам магчымасць умацаваць пазіцыі і пасіліць войскі вышкаленымі наймітамі з Францыі, Галандыі і Германіі.

Пастулаты гетмана Хадкевіча наконт інфлянцкай кампаніі былі вядомы не менш, чым ягоныя славутыя перамогі над шведамі.

– У пэўнай ступені, як вайсковец, мае рацыю, але мог бы і не дражніць Найяснейшага пана сваёй празмернай самастойнасцю ды халерычнай натураю, – з нотка прыганы прызнаў Баболя. – Але справы веры…, адоленне схізмы… Ну і тая інфлянцкая вайна не без прыбытку…

Стасункі Крыскага з вялікім гетманам Княства Янам Хадкевічам вызначаліся ўзаемнай павагай, амаль сяброўствам. Таму ведаў, што вялікія прыбыткі гетман сплочвае немалымі стратамі на здароўі.

– Гэта як чуткі ходзяць, – памяркоўна зазначыў падканцлер. – Сам пан гетман што іншае кажа. Свае ложыць раз—пораз. Нездарма ж пані гетманава не раз і не аднаму жалілася, не дбае пан Ян пра будучыню. Ні сабою не апякуецца, як належыць, таму і хваробы даймаюць, ні пра сям’ю не думае.

Баболя кіўнуў, aле з’едлівая натура інтрыгана і падлізы не давала спакою.

– Чулася, што пані гетманава са сваякамі моцна пана Яна ўрабляе. На яе думку, іншым гетманам і пашаны і даравізны надаецца не ў прыклад больш, – слухач павінен быў зразумець, што насамрэч не так. – Цвердзіць, што і Замойскі* сваім часам і Жулкеўскі, перш чым на якую вайну ісці, з каралём торг учынялі. Нібыта толькі дзякуючы гетманству, ў можныя выбіліся. Зайздросніца, якіх мала!

Крыскі засмяяўся. Чуў пра бабскае звяганне ад самога Хадкевіча. Калі каго і баяўся славуты ваяр, то хіба сваёй любай Зосенькі. Ані ворагі ані кароль не ўводзілі яго ў сполах ці бяздумнае паслушэнства. Не ў прыклад вось гэтаму Баболю. Хадкевіч выдатна разумее, што дзейнічаць самы час.

– Што ж, пані гетманава мае пэўную рацыю. Яснепан гетман у можных ад продкаў сваіх, – з падкрэсленай пашанай прамовіў Крыскі. – І ўласных здольнасцей Бог яму не пашкадаваў.Самі ж ведаеце: выдатны вучань Віленскай Акадэміі меў гонар прамаўляць лацінай да самога караля Батуры, шматгадовыя штудыі за мяжою таксама не без поспехаў. Вось пані гетманавай і здаецца, што не толькі не набыў, а нават страціў з айцавізны, служачы каралю і Рэчы Паспалітай. Пэўна ж не крыўся ад жонкі, што нават срэбра ў застаў аддаваў, каб тых зухаў у Гародні і Берасці заспакоіць.

– Але ж тыя, з Гародні, нібыта з інспірацыі самога гетмана? – заўважыў Баболя.

– З чыёй бы ні завязалі канфедэрацыю, грошы патрабуюць, – уздыхнуў Крыскі. – А ў Міласцівага пана іх няма.

– Можа тымі саступкамі і войска распесціў? Усселі на каршэнь.

– І такое можа быць, – пагадзіўся Крыскі. – Але пры ўсім тым пан Ян хіба наймацнейшы з нашых гетманаў. Не параўнацца з ім анікому. Паважаю ягоныя амбіцыі: чым у сораме перад ворагам з поля сыйсці, смерць бы выбраў. І войска яго разумее.

– Aut vincere, aut mori, перамагчы, альбо памерці. Так, у Інфлянтах давёў свае здольнасці, – нібы нехаця, прызнаў Баболя. – Праўда, што да памірання, гэта больш тычыцца ягоных жаўнераў, – дадаў ушчыпліва. – Але як пойдзе сустрэча з Найяснейшым панам?

Крыскі ўсміхнуўся – Хіба ў абодвух трэба пытацца, – падканцлер памаўчаў. – На мой розум гетман будзе адстойваць сваё бачанне кампаніі нават перад каралём.

Баболя азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць.

– Я гэта да таго, што хацеў бы ўзгодніць нашы думкі. Вы ж ведаеце, з кім ён на Масковіі можа сустрэцца. Там жа колькі правадыроў ракашанскіх! Страх уявіць! – жахнуўся і перажагнаўся.

Фаварызаваны прыбочны часам атрымліваў па пысе ад Міласцівага пана, але пратэктар езуітаў, здольны ўладкаваць кожную справу ад палітычных па гандлёвыя, мог кожнаму нашкодзіць. З ім нават падканцлеру трэба быць пільным.

– Гэта праўда, – пагадзіўся Крыскі. – Дадайце яшчэ тых, хто стаяў з Янушам Радзівілам на левым флангу пад Гузавым. Занадта шмат, каб кароль не трывожыўся. Гэтыя ліцьвіны… Баболя сквапліва заківаў. Памяць рокашу і няпэўнасць ягоных першых дзён моцна сядзела ў душы лісьліўца.

– Во—во! Пакуль варагавалі, пакуль ваявалі пад Гузавам адзін супраць аднаго, была шкода, але не маглі выступіць супраць караля разам і не маглі згуртаваць усю вялікалітоўскую шляхту. Але што зараз?

Крыскі адмоўна пакруціў галавою.

– Калі Ян Хадкевіч даў слова, то ніколі яго не парушыць, – зазначыў як неаспрэчнасць. – Апошнім часам Найяснейшы пан выразна яго фаварызуе. Разумее, што нікога лепшага для сваіх задумаў не знойдзе. Нават каралева і сын пана Яна дапамагалі наставіць гетмана ў належным напрамку.

Не заўсёды стасункі караля з Хадкевічам былі сонечныя. Хапала і хмурнасці. Бездакорны ваяр ніколі не выступаў з задумамі рэформ, нават у вайсковасці не назаляў з прапановамі, лічыў сябе толькі жаўнерам, а стварыць ваенны флот раіў не адзін ён. Але вялікае значэнне гетмана ў Княстве, настойлівыя патрабаванні «упартага ліцьвіна» жолду для згаладнелага войска раздражнялі больш усякіх рэформаў. Добра, што пры ўсім тым і пры нясплочаным войску амаль ніколі не спыняў вайсковых дзеянняў.

– Сын? Не даводзілася чуць, – здзівіўся Баболя.

– Праз каралевіча Уладыслава, – усміхнуўся Крыскі.

– Шмат у каго з ліцьвіноў гарачка рокашу дагэтуль не прайшла, – вярнуўся Баболя да сваёй думкі. – І заклікаў не забыліся. Вось і непакоюся, пад якімі штандарамі гетман Хадкевіч з Радзівіламі яднаецца. А тут яшчэ ягоная сустрэча з вялікім канцлерам.

Баболя нават прыпыніўся, каб надаць значнасць сваёй трывозе.

– Два міністры Княства ў сённяшніх абставінах могуць моцна паспрачацца, але могуць і цесна паладзіць. Як на шкоду так і на карысць Міласціваму пану.

Крыскі зразумеў намёк пройды. Даўняя варажнеча Хадкевіча і Льва Сапегі не раз выкарыстоўвалася супраць Вялікага Княства. На Соймах, падчас нарад у караля, на шляхецкіх з'ездах і генералах.

– Слушнае папярэджанне, – Крыскі расставіў акцэнты належным чынам. – Наш клопат, каб выйшла на карысць менавіта нашым прагненням. Пан Леў хваравіта прымае і гневаецца, калі чуе, што Смаленшчына здабыта польскай зброяй… – Але ж нездарма яго папракалі, што беражэ сябе і вялікалітоўскае войска не пасылае ў агонь, – уставіў Баболя пашыраную плётку. – Ну, гэта ж мы такое пашыраем, – дзеля справядлівасці ўдакладніў Крыскі. – Але ўявіўшы, што вялікі канцлер і вялікі гетман аб'яднаюцца, каб адстойваць Смаленшчыну і Севершчыну… – Гэтага нельга дапусціць! – усклікнуў Баболя. – Досыць таго, што пан Леў сваім Статутам супраць Кароны забяспечыўся. Аддаць ліцьвінам новаздабытае, то што атрымаюць ваяры з Кароны?

Крыскі, захоўваючы знешнія выразы пашаны, вырашыў паставіць перад здольным інтрыганам бліжэйшую задачу, бо сам кароль гэтага не зробіць: падобныя гутаркі не пасуюць да маестату.

– Незалежна ад паставы Найяснейшага пана, паяднання гетмана і вялікага канцлера не павінна адбыцца. А гэта сустрэча – адзіная на працяглы час у будучым. Даволі паяднання гетмана з панам падчашым.

Крыскі пільна зірнуў у вочы падкаморага і злавіў неаспрэчны знак кемлівасці: задача схоплена і ад гэтага моманту шукаецца найлепшае вырашэнне.

Сваім часам Хадкевіч хваравіта адчуў страту каралеўскай ласкі на карысць Януша Радзівіла з—за адмоўнага стаўлення гетмана да маскоўскіх выпраў.

– Пэўная трывога наконт дачыненняў гетмана з панам Радзівілам мае грунт, – Крыскі вырашыў пакінуць справу Сапегі. – Як бы ні грызліся можныя ліцьвіны, стаўленне да Кароны маюць аднолькавае. У абароне правоў Вялікага Княства заадно і Хадкевічы, традыцыйна перакананыя рэгалісты, і Радзівілы, амаль да ўсіх каралёў непрыхільныя, і ўсе іншыя знакамітыя, калі іх не сутыкаць ілбамі.

Ён усміхнуўся, відаць прыпомніўшы нейкі клапатлівы выпадак з пасваранымі шваграмі.

– Не зважаючы, што Хадкевічы з Радзівіламі няспынна варагуюць, – падхіхікнуў Баболя.

Падканцлер памаўчаў, прыкідваючы ці варта кранаць слізкаватую тэму. Палічыў, што варта хоць бы дзеля падтрымкі гетмана.

– Ведаю, што ад пэўнага часу гетман і пан падчашы пішуць адзін аднаму. Не казаць ужо, што з нясвіскімі Радзівіламі поўны лад.

З—за ліцьвінскай прагі самастойнасці караняжы, часта безпадстаўна, непакоіліся пра лёс вуніі, а з ёю і варшаўскай дамінацыі ў Рэчы Паспалітай.

– Але ж нам, здаецца пара, – устрывожыўся Баболя. – Нельга каб Найяснейшы пан чакаў нас!

Ад каравана чуліся заклікі, нават трубка заграла, заіржалі коні.

…Ян Хадкевіч спаткаў каралеўскі караван раніцою чатыры мілі ад Воршы.

– Дарогай перамовімся і часу не страцім, – запрасіў кароль гетмана да сваёй карэты. – Зручней, чым у сядле, на наш век.

Хадкевіч падзякаваў за ласку, але трымаўся насцярожана. З натуры недаверлівы, меў падставы непакоіцца. Вартыя даверу людзі папярэджвалі наконт зайздроснікаў, гатовых утапіць яго ў лыжцы вады. Абставіны ж менавіта самраз дзеля такіх намераў. Пасля рознай драбязы размова дайшла да істотнага.

– Кажуць, вашмосьць, пагадзіўся з панам падчашым? Нібыта віленскі ваявода меў вас звесці?

Тон караля не сведчыў задавальнення тым пагадненнем. Дасюль розныя закіды гетман абвяргаў даволі нязмушана, з годнасцю. Але далей трэба быць пільным, бо і на яснепана Мікалая Крыштапа Радзівіла* нейкі цень наводзіцца.

– Зацны старэча пан Мікалай, – з глыбокай пашанай прамовіў гетман. – Шкадую, што некім крыўда яму чыніцца, як і мне дарэчы, нібы мы абое да чаго благога спрычыніліся.

Кароль злёгку прыхмурыўся. Ого, Радзівілы! Сваім часам маладзюткі падчашы літоўскі Януш Радзівіл вельмі настойліва дабіваўся гетманскай булавы. Заклік караля, каб спачатку “прывучыўся гетманскім павіннасцям” раз’юшыў пыхліўца. На сойме 1603 года накінуўся на Яна Хадкевіча, бо таму свяціла ўпрагнёная булава. Калі пачаў выспяваць рокаш, Януш пацягнуў за сабою малодшага брата Крыштапа і распачаў заклікі да дэтранізацыі Жыгімонта ІІІ. Пераемнікам, жах уявіць, бачыў вылюдка Габрыэля Баторага, сямігродзкага князя. Наладзіў зносіны з ім, з маскавітамі, з абаронцамі праваслаўя ў Рэчы Паспалітай Астрожскімі. Праўда, Ян Хадкевіч, завязаўшы ў Гародні прадворскую канфедэрацыю, пачаў адцягваць людзей з шэрагаў Радзівіла.

Пасля паразы ракашанаў гетман Жулкеўскі настойліва раіў пагадненне. Хадкевіч, наадварот, лічыў замірэнне заўчасным і асачыў Януша Радзівіла разам з ягонымі жаўнерамі на замках. Кароль настойваў на сатысфакцыі, але абодва правадыры, Зэбжыдоўскі ў Кароне і Януш Радзівіл у Вялікім Княстве, упарта адмаўляліся перапрасіць яго. Далікатнай справай заняўся Сэнат. Так ці гэтак, у канцы красавіка—пачатку мая 1608 году перапросіны былі зладжаны, Хадкевіч выпусціў Радзівіла з пасткі, а на студзеньскім Сойме 1609 года ракашанам была абвешчана амністыя. Заняліся і сканфедэраваным войскам. Але Януш Радзівіл займацца далейшымі змовамі не перастаў.

Варожасць Радзівіла з Хадкевічам найперш адбівалася на кампаніі ў Інфлянтах і дзеля дабра дзяржавы пасярэднікам у перамовах выступіў Леў Сапега і схіліў да фармальнага паяднання. А вось зараз самі пайшлі на сціслейшыя дачыненні. Невядома, што лепш для караля і каморнай рады, пагадненне ці працяг варажнечы Хадкевіча з Радзівілам?

– У чым жа і ад каго тая крыўда, пане гетман?

Не адказваць каралю немагчыма, але і выкладваць чуткі, няхай і праўдзівыя, не да твару вайсковаму міністру Вялікага Княства.

– Ад каго, пра тое лепш памаўчу, калі Міласцівы пан не будзе настойваць, – ціха прамовіў Хадкевіч. – А ў чым, рады патлумачыць. Вось жа не бяруць людзі да ўвагі, што пан ваявода зычы згоды, але такім спосабам, каб спачатку пан падчашы Вашай Каралеўскай Мосьці пакланіўся, потым са мною пагадзіўся. Сам жа я не маю з панам падчашым нічога асабістага. Дзеля задавальнення Вашай Каралеўскай Мосьці паяднаюся з ім, бо трэба таго Айчыне, трэба мне, трэба дзеткам маім, абы ў згодзе жылі, а тым старанней Вашай Каралеўскай Мосьці і Рэчы Паспалітай служылі.

Кароль слухаў, не перапыняючы. Ці сам гетман верыць ва ўсё сказанае? Чатыры гады таму, ад сёмага па восьмы, вялі сапраўдную пад’яздовую вайну са стралянінай і людзкімі ахвярамі. У чым толькі не вінаваціў пан Хадкевіч свайго непрыяцеля?

– Геркулес гэты! – грымеў гетман на ўсіх зборнях, прыляпіўшы свайму ворагу на ўздзіў пачэсную мянушку. – Насылае сваю чэлядзь на маіх людзей, службу мардуе нібы якіх шышоў, на кур'ераў маіх палюе, як на прыблудаў варожых! Мала яго хцівасці і жорсткасці, не грэбуе замахі на маё жыццё чыніць. З дзесятак забойцаў насылаў. На сына майго адзінага замахваецца.

Абражаў праціўніка і знеслаўляў, дзе толькі давалася, супраць службы Радзівіла сваю насылаў, ды пляндраваў сваімі жаўнерамі ягоныя ўладанні. Але не выпадала каралю нагадваць пра ўсё гэта акурат зараз.

Гетман прымоўк, мажліва чакаючы каралеўскай заўвагі, але не ўтрымаўся пан падканцлер, каб не ўставіць сваё.

– Наконт вашмосьці не сумняюся, – адразу ж запэўніў Крыскі, – але што да пана літоўскага падчашага, надзеі не маю. Гэта ж якую трэба мець злосць, каб даведаўшыся пра шчаслівую перамогу Яго Каралеўскай Мосьці з узяццем Смаленска, замест радасці, млосна яму стала! А зараз нібыта, і Айчыне і Найяснейшаму пану памысловасці зычыць. Здаецца, перапрашэнне ягонае хутчэй на ашуканства чым на паслужлівасць выглядацьме.

Гетман не падхапіў прапанаванага напрамку. Ніколі не папускаўся на прынаду ад караняжаў, хай сабе і зычлівых.

– Пра млоснасць нічога не ведаю, – усумніўся ён. – Тое ведаю, што хворы, таму мог які прыпадак здарыцца, але не думаю, каб са злосьці. Не магу паверыць, пра ашуканне Найяснейшага пана, шляхціц жа і з якога роду! Радзівіл!

Але пан падканцлер не саступаў. Спадзяваўся, што каралю адпавядае ягонае выказванне, як і тое, што перавёў размову з гетманам на сябе. Усё ж не на пустым месцы чуткі, нібыта цешыўся пан Хадкевіч, пабачыўшы, як блукае на пабоішчы між Гузавам і Ароньскам белы конь Януша Радзівіла без вершніка…

– Але ж добра ведаем, што за практыкі чыніць! – усклікнуў пан Крыскі ва ўдаваным абурэнні. – З чым да яго паны Гербурт ды Гарайскі сваіх людзей шматкроць дасылалі?

Гетман зразумеў, што спрабуюць выпытаць яго асабістае стаўленне да памянутых апазіцыяністаў. Ян Шчэнсны Гербурт*, як і Пётр Гарайскі* – вядомыя незадаволеныя. Чуў, што Гарайскі аж у Канстантынопалі скардзіўся паслу англійскага караля на свайго ўласнага. Нібыта і сына свайго абяцаў туды паслаць. Але гетман вырашыў не паглыбляцца ў гэту тэму.

– На гэта нічога не скажу. Калі хочаце копіі якіх лістоў паказаць, што ж зірну…

Але на гэта каралеўскія дарадцы не рыхтаваліся. На тым і прыехалі да Талачына…

Дыплом на царства

Подняться наверх