Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 10

Луна і Воля
Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы

Оглавление

Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».


Бона Сфорца на карціне Яна Матэйкі з сынам Жыгімонтам Аўгустам


Да сёньня ля касьцельнай агароджы (апошним часам перанесены на касьцельную тэрыторыю) ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла.


Камень Боны Сфорца


Маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.

Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касьцёл мураваны ў строгіх формах клясыцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны нэаклясычны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.

Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён «на ўласных іх грунтах двара Луненскага» стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спэцыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацьверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося ўласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошынскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Янушу Багданавічу Сапегу. Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай? па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў другой сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.

Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал, жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Тацьцяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі паміж братамі не было згоды, па ініцыятыве Глеба ў 1541 г. маёнткі Луна, Сьвіслач і Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 40—50-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луна і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп. грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца аб сумесным валоданьні набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і, неўзабаве, памёр.

Пасьля гібелі Дзьмітрыя ў 1561 г. стрыечны брат іх бацькі Павел спрачаўся з Глебам за частку Луна і Чарлёны, якую Глеб самавольна захапіў пасьля сьмерці Дзьмітрыя. Павел даказваў, што Дзьмітрый яшчэ ў 1558 г. пазычыў у яго 500 коп. літоўскіх грошай і да моманту іх вяртаньня аддаў Паўлу ў арэнду свае часткі Луна і Чарлёны.

Удава па Сцяпану Сапегу па першым мужу Мацкевічава запісала трэць маёмасьці свайму сыну ад першага мужа Андрэю. Сваркі за маёмасьць набылі яшчэ большы размах. Анрэй Мацкевіч жаліцца каралю і просіць дапамогі ў споры з Міхалам Сапегам ваяводам Падляскім сынам Івана Багданавіча дваюрадным братам Паўла Сапегі. Не гледзячы на спрыяньне караля Андрэю, Міхал у 1565г. насылае сваіх людзей з Чарлёны на ўладаньні суседа. Натоўп напаў на двор Волю, запасы зьнішчыў і разрабаваў, сялян зьбіваў, а некалькі зьвязаных у Чарлёну прывалок. Чым закончылася гэта вайна, невядома, але з маёмасьці каралеўскай эканоміі Гарадзенскай была вылучана прыватная ўласнасьць Воля. А Міхал Сапега сам прыехаў у Луна і непадзельна запанаваў над маёнткам.

Сынам Міхала, Мікалаю і гродзенскаму земскаму судзьдзі Льву, пасьля бацькі і бязьдзетных дзядзькаў Глеба, Дзьмітрыя і Стэфана дасталіся часткі зямель маёнткаў Луна (Воля), Чарлёна і Кулёўшчына. Гэта выклікала незадавальненьне сваякоў па жаночай лініі, а менавіта Грыгорыя Войны, ваўкавыскага земскага судзьдзі, які выступаў ад імя дачок, Настасьсі з Сапегаў Тышкевіч і яе сына Міхала, а таксама трох братоў Словікаў, з якімі абодва браты вымушаны былі судзіцца. Суд прысудзіў Мікалаю і Льву тры часткі маёнткаў Луна і Чарлёна.

Восеньню 1567 г. Мікалай прыслаў са сваіх уладаньняў у Луна ў каралеўскі лягер для радашковіцкай выправы двух конных і аднаго пешага салдата. У той час ён служыў у падканцлера літоўскага Еўстафія Валовіча. Перад 25 студзеня 1574 г. Мікалай стаў каралеўскім дваранінам. 7 студзеня 1581 г. браты падзялілі маёмасьць. Луна (Воля) адышла Льву. 21 сакавіка 1586 г. суд у Гродна пацьвердзіў іх правы на датыхчасовую маёмасьць. Леў, віцебскі войскі, быў малодшым сынам Міхала. 21 жніўня 1593 г. браты зноў падзялілі маёмасьць. Леў атрымаў аседлую службу Шчэчыцы, якая належала да Луна (Волі) і плошчы з агароднікамі ў Гродна каля замку і над Нёмнам. Такім чынам, канчаткова аддзяліліся маёнткі Луна (Воля) і Чарлёна. Граніцай паміж імі была рака Нёман.

Луна заставалася ўласнасьцю каралевы Боны да 1557г., да яе сьмерці і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага староства, а з 1558 г. стала «уласнасьцямі сталовымі», значыць даход з Луненскіх земляў быў прызначаны на ўтрыманьне караля, і ўвайшла ў склад «эканоміі Гарадзенскай», якая дзялілася на воласьці, а тыя на ключы. Для прыкладу, у 1680 г. ключ Луненскі Гарадзенскай эканоміі прынёс 9866 злотых польскіх 26 грошаў гадавога даходу.

7 лютага 1589 г. кароль здаў у арэнду мястэчка Луна разам з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы Мікалаю Сапегу. Па некаторых дадзеных Сапегі іх арандавалі па 1680 г. 20 сьнежня 1602 г. Мікалай Сапега пісаў да Льва Сапегі: «У Гродна ў цяперашні час небясьпечна (у сувязі з эпідэміяй), а там назначана правядзеньне сойміка, таму я выбраў прыгажэйшае месца і зусім небясьпечнае ў маіх арэндных уладаньнях мястэчка Луна для правядзеньня сойміка ў адпаведнасьці з унівэрсалам 3 лістапада». Соймік у ВКЛ у 16—18ст. – сход шляхты павета (зямлі, ваяводзтва). На сойміках шляхецкая супольнасьць прымала рашэньні і выбірала двух прадстаўнікоў ад павета для ўдзелу ў сойме.


Леў і Мікалай Сапегі, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Sapiehowie_herbu_Lis


Тут ужо вельмі цяжка разабрацца, у якім выпадку размова ідзе пра Волю, а ў якім пра Луна. Кухмайстар у 1593г. мяняе Луна са сваім братам Львом судзьдзёй гарадзенскім на выспу з царквою на Возеры Троцкім.

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх