Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 5
Спачатку быў лёд
Арыі?
ОглавлениеТут спляліся карані ятвягаў,
прусаў, крывічоў.
Бацька Нёман…
Беларуская магутная рака…
Птушак гоман…
Штосьці шэпча патаемна асака….
Генадзь Аўласенка
У канцы ІІІ і пачатку ІІ тысячагодзьдзяў да нашай эры ва ўсёй Эўропе адбыліся ключавыя зьмены. Сюды прыйшлі плямёны, якія размаўлялі на аднолькавай мове, што была раньняй формай санскрыту. Яны атрымалі назву індаэўрапейцы або арыі. У Беларусь арыі прыйшлі праз басэйны Нёмна і Дняпра. Праўда вядомы нямецкі вучоны Пашэ лічыць, што радзімаю арыяў была тэрыторыя сучаснай Беларусі. Прышлыя насельнікі ўжо карысталіся бронзавымі прыладамі працы (з чым зьвязаны пачатак бронзавага веку і на нашай тэрыторыі), займаліся матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў дамах слупавай канструкцыі. Сьвятынямі для арыяў былі, агонь сонца і вада. Сьляды санскрыту поўняць сучасную беларускую мову.
Адбылося, што на зьмену эпохі каменных прыладаў працы, рыбалоўства і зьбіральніцтва, калі галоўную ролю ў грамадзтве выконвала жанчына (матрыярхат), прыходзіць час бронзавых прылад працы, жывёлагадоўлі, земляробства, новых адносін паміж людзьмі, калі ўзрастае галоўная роля мужчыны (патрыярхат). Арыі прыдумалі і выкарыстоўвалі кола, што было сапраўднай тэхнічнай рэвалюцыяй, роўнай з выкарыстаньнем мэталю. Індаэўрапейцы лічылі, што сьвет пабудаваны з трох міроў, якія аб’ядноўваліся дубам. У верхнім міры былі арлы, вораны. У ніжнім міры жылі зьмеі і рыбы. Сьвяшчэннымі былі мядзьведзь, бык, конь. Месца пакланеньня знаходзілася каля збудаваных з камянёў ідалаў і сьвяцілішча, дзе спальвалі памерлых.
Але галоўная гістарычная заслуга арыяў у тым, што ў выніку доўгага сумеснага жыцьця з мясцовым насельніцтвам, карыстаючыся яго мовай і звычаямі, утварылі шмат розных народаў, такіх як: германцы, кельты, італійцы, грэкі, славяне, балты, венды, індусы ды іншыя. Амаль усю сучасную тэрыторыю Беларусі да 1- 7 ад Н.Х. (1300 год таму назад) засялялі балцкія плямёны (яцьвягі, літва). Новыя вялікія зьмены ў жыцьці людзей на зямлі прынесла адкрыцьцё жалеза. Зьяўленьне жалезных прыладаў працы і жалезнай зброі зьмяніла спосаб жыцьця людзей і адносіны між імі. Земляробства становіцца больш дасканалай і надзейнай крыніцай ежы. З дапамогай жалезных прылад лягчэй было вырабляць розныя патрэбныя чалавеку рэчы. І сама апрацоўка жалеза, і прылад працы ды зброі з яго садзейнічалі разьвіцьцю рамёслаў. Аднак трэба сказаць, што калі ў Эўрапейскім Гальштаце жалеза ведалі ў 8 да Н.Х., то ў Панямоньні жалеза пачалі вырабляць з балотнай руды каля 500 гадоў да Н. Х. Балотную руду варылі ў печах – домніцах з гліны і крэйды 50 см у папярочніку, куды пластамі засыпалі драўляны вугаль і балотную руду. Дзякуючы ўдзіманьню паветра тэмпэратура ў печы дасягала 1200 градусаў, што недастаткова, каб расплавіць жалеза, але дастаткова, каб атрымаць з руды простую жалезную масу – крыцу. Крыцу трэба было ў разагрэтым у гарне стане апрацоўваць на накавальні, каб атрымаць «крычнае» жалеза. Першыя молаты і накавальні былі з каменю.
У 370-х гадах качавы народ гуны пачалі прасоўвацца з Азіі на захад. Гэта дало штуршок Вялікаму перасяленьню народаў, прычын якому было многа: колькасны рост плямён, неспрыяльныя ўмовы жыцьця на спустошаных землях, ціск суседзяў, распад абшчынных адносінаў у выніку ўзьнікненьня бедных і багатых, усталяваньне ваеннай дэмакратыі, калі галоўную ролю адыгрывалі ваенныя дружыны і іх кіраўнікі.
На Панямоньне, дзе ўжо не меней двух тысячагодзьдзяў жылі балты пачынаюць у Х стагодзьдзі пранікаць славяне. Рухаючыся па рэках, славяне сяліліся побач з балтамі, часам падпарадкоўваючы іх, займалі іх гарадзішчы.
Панямоньне было краем пушчаў і балот з невялікай колькасьцю насельніцтва, таму славяне часьцей за ўсё, сяліліся на новых землях без ваенных дзеяньняў, мірна. Яны мелі лепшыя, чым у балтаў прылады працы, больш дасканалую гаспадарку. Панямоньне стала месцам працяглага сумеснага жыцьця балцкіх плямёнаў яцьвягаў, літвы і славянскіх плямёнаў дрыгавічоў і крывічоў. Стагодзьдзямі тут была зьмешаная балта-славянская зона і менавіта тут сталі выпрацоўвацца асаблівасьці беларускай мовы-аканьне, дзеканьне, цеканьне, цьвёрдае «р» і інш.
Раскрываем 3 том «Жывапіснай Русі» на стар. 87 і прачытаем: «Шафарык лічыць, што народы Літоўскі і Славянскі ў дагістарычныя часы складалі дзьве галіны аднаго племені, але ў гістарычную эпоху так паміж сабой разьдзяліліся, што цяпер трэба іх прымаць за два племені розныя, хаця ж паміж індаэўрапейскімі плямёнамі самыя родныя».
Салаўёў жа гаворыць, што «насупраць, у дагістарычны час славяне і літоўцы належалі двум розным плямёнам, але ў гістарычную эпоху так паміж сабою зблізіліся, што з усіх індаэўрапейскіх народаў зьяўляюцца самымі роднымі».
А яшчэ там сама на стар. 11: «Достоверно однако то, что Литовцы и Белорусы сидят на землях собственных, унаследованных спокон века».
Але мне асабіста больш да спадобы гіпотэза майго добрага знаёмага Віктара Стахвюка. Страшэнна энэргічны, працавіты і таленавіты чалавек. Мастак, пісьменьнік, бізнэсовец, патрыёт сваёй вёскі і навакольнай прыроды. Захапляецца падводным фатаграфаваньнем. Усяго не пералічыць.
Сутнасьць ідэй спадара Віктара, як я іх зразумеў наступная.
Першабытны чалавек пакінуў свае сьляды на этнічнай тэрыторыі Беларусі 100 000 г. таму. Беларусы жывуць на сваёй зямлі спакон веку. Яны не прышэльцы, а знаходзяцца на сваёй зямлі па задумцы Ўсявышняга, які аб’явіў вытокі і ісьціну быцьця ва ўсіх формах і мірах. Да 7 тысячагодзьдзя да нашай эры былі заселены ўсе этнічныя землі беларусаў, у тым ліку дрыгавіцка-крывіцкае Панямоньне. І магчыма мы не стварыліся ні з каго, а ёсьць старымі, як і іншыя дабіблейскія народы.
Багоў ня выдумалі, а ведалі ад пачатку, бо розум і сьведамасьць у справах рэлігіі найменш прыдатныя. Першабытны чалавек верыў, а жрэц ведаў, што прырода адухатвораная, жывая і разумная і намнога дужэйшая за самога чалавека, якога яна яго самога, яго род ці племя можа ўзнагародзіць, а можа пазбавіць усяго. Гэту веру арнамэнтавалі абрадамі, пэрсанафікацыяй зьяў прыроды, ідалапаклонствам. Але істота веры ёсьць нязьменная. Гэта вера ў зьверхпрыроду сілаў дабра і зла, без якіх нішто не адбываецца. Нішто немажліва: ні прырода ні час. Гэта вера ў Бога. Ёю спакон веку быў надзелены чалавек. Гэта вера жывая да сёньня і не зьмянілася нічуць. Трэба ня блытаць веру ў Бога і форму абрадаў на розных ступенях разьвіцьця чалавека. Разьвіваліся і зьнікалі абрады – твор чалавечага розуму, але ня вера, вытокі якой па-за розумам, выплываюць з глыбіняў памяці ці інтуіцыі.
На шатах паганскіх ідалаў былі напісаны іх імёны. Праславяне мелі свой алфавіт, які быў зьнішчаны разам з ідаламі з прыходам хрысьціянства. Станіслаў Якубоўскі ў кнізе «Bogowie Slowian» піша, што біскуп Цэтмар брат цэзара Генрыха ІІ бачыў запісаныя пісьмом runiernym імёны багоў на адзежы, у якую былі апрануты ідалы.
Не магу не расказаць пра цікавы выпадак, які адбыўся са мной летась у Кіеве. Я ўпарта шукаў паштоўку з помнікам князёўны Вольгі. Перабраўшы ўсе наборы паштовак і не знайшоўшы патрэбнае, запытаўся, чаму няма такой паштоўкі. На што пачуў адказ ад адной з гандлярак: «Мы ня любім Вольгу, таму і няма». «Але ж побач з Вольгай Сьв. Кірыл і Мяфодзій». «І што з таго. У нас пісьменнасьць была да іх» – прагучала ў адказ.
Дзясяты век як магічная граніца гісторыі ўсёй славяншчыны, якая з гэтага моманту раптам становіцца густа заселена, мае свае гарады і замкі, дзяржавы, у якіх уладарылі князі, паводле ўстаноўленага права і сваёй рэлігіі. Што было прычынаю, тымі дражджамі гісторыі, што запоўнілі прастору і час бурлівым жыцьцём і данесьлі да нас памяць мінулага? Гэта было хрысьціянства элітнае і адукаванае. Праціўнікам яго было лагоднае, як характар славян, паганства, багі якога не ўвасаблялі ваяўнічасьці, а ні хітрасьці, таму былі асуджаны на гібель. На Панямоньне ў 11 ст. прыйшлі не славяне, а прыйшло хрысьціянства. «Зрэшту в школах нас увогулэ нэ ўчылі про дрыговічув, бо нас одэ нэ мело быці! Алэ мы одэ былі» -Віктар Стахвюк.
Многа гадоў Панямоньне было не ў сваёй краіне. За гэтыя гады чатыры разы памянялася назва карэннага насельніцтва: крывічы – дрыгавічы – ліцьвіны – рускія – беларусы. А чалавек павінен жыць у рэчышчы свайго Этнасу і Роду. Той, хто разрывае сувязі, бярэ адказнасьць ня толькі за сябе, але і за будучыя пакаленьні.
Такі зьмястоўны водступ, на мой погляд, патрэбны каб мець хоць які шанс зразумець, адкуль тая нітачка, якая пятае стагодзьдзе трымае тут беларускую культуру.
Спляліся ў Панямоньні
Зямля, Вада і Неба.
Дзіўлюся ў аняменьні
На непаўторны сьвет.
Праз сон тысячагодзьдзяў
Радзіма па каменьні
Плыве…
Пятро Ламан