Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 9

Луна і Воля
Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі

Оглавление

Вернемся да Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошынскія (Крашынскія?) герба «Ліхтар». Адзін з іх князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі акольнічы і казначэй Смаленскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзенскім павеце «на хлебокормленье» князю да «очищеня» вотчыны яго, захопленай «Маскоўскім непрыяцелем», «съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ». Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо «многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати», і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г. Ачышчэньня вотчыны ад «непрыяцеля Маскоўскага» аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Іванавіч 8 ліпеня 1513 г. запісвае ў якасьці пасагу дварэц на рацы Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёмнам на р. Чарлёнай, «а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте», а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошынскі з баброўнікамі гарадзенскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а так жа палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёньскім полі, «и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская», а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошынскія, пакідаючы свае смаленскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сопежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Мар’ю за пісара вялікакняскай канцэлярыі пана Копця Васільевіча, Канстанцін Іванавіч недзе ў адзін час з Сопежычам запісвае ў якасьці пасагу 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх «подле церкви Сьвятого Спаса» ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубеньскіх пустоўшчынах князь Крошынскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за каторага выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў Вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў – ад уціску з боку ўладаньняў Воўпы, князя біскупа луцкага й берасьцейскага Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна «по своемъ животе» перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх