Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 15
Луна і Воля
Апошнія з Сапегаў
ОглавлениеАле, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху – паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).
Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мэмарыяльную дошку:
«Яўстаху Каятану Сапегу (1797- 1860)
уладару Дзярэчына ўдзельніку нацыянальна – вызвольнага паўстаньня 1830- 1831 гг».
Яўстах Каятан Сапега (1797—1860). Партрэт 19 ст.
Яўстах Каятан меў сына Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з Севярынай Урускай – Тызенгаўз, якая ў якасьці пасагу мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так у гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швэйцарыя) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер – Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсуцкі запрашае яго на дыпляматычную службу паслом у Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае Ўрад Пілсудскага.
Яўстах Каятан – унук (1881—1963).
«Трэба было адбудаваць Спушу з руінаў, якія засталіся па вайне», – успамінае сын былога міністра Яўстах Севярын, які нарадзіўся тут 7 жніўня 1916 г. і пражыў у Спушы з невялікімі перапынкамі 23 гады. Пасьля заканчэньня аднаўленчых работ палац у Спушы выглядаў вельмі прыгожа: мураваны двухпавярховы, з мансардай, галерэямі і бальконамі. Каля палаца разьлягаў прыгожы лесапарк. У 1933 г. Яўстаху Сапегу польскі ўрад зьвярнуў сканфіскаваныя Расеяй у яго дзеда паўстанца маёнткі і землі. Валянцін Дубатоўка піша, што сярод вернутых былі Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Новая Мыш, Луна. Як былі ўладкаваны справы з Тарасовічамі, невядома. У 1939 г. Яўстах Каятан быў арыштаваны распачаўшымі вайну саветамі і пасаджаны ў Менскую турму. Потым былі допыты на Лубянцы, сьмяротны прысуд сталінскай « тройкі «… Але Лаўрэнцій Берыя замяніў расстрэл на катаржныя работы на Беламор – канале. Уратаваньне прыйшло праз армію Андэрса, з якой Яўстах пападае ў Афрыку. Так род Сапегаў назаўсёды пакідае родную зямлю. І толькі праз паўстагодзьдзя 4 верасьня 1998 г. князь Яўстах Севярын Сапега выйшаў з вагона Варшаўскага цягніка на Гарадзенскім вакзале.
Яўстах Севярын Сапега
Сын апошняга з Сапегаў – уладальнікаў Луна жыў у Афрыцы ў горадзе Найробі краіны Кеніі. Ён не забыў сваіх каранёў. У Варшаве надрукаваны плён яго працы, прысьвечанай Бацькаўшчыне і свайму роду: васьмісотстаронкавы фаліянт «Сапегаўскі дом» з падрабязнымі біяграфіямі, фамільнымі партрэтамі, апісаньнямі маёнткаў… Пераадолеўшы 7 тысяч кілямэтраў, князь Яўстах Сапега крочыў ля руін Ружанскага палаца, схіляў галаву перад мэмарыяльным знакам свайму прадзеду ў Дзярэчынскім касьцёле, марыў пабудаваць невялікі дом у Спушы…
Апошні дзень нараджэньня ў Найробі
Мястэчка ж Луна працягвала заставацца ў складзе Гарадзенскай эканоміі, створанай у 1588 г. з дзяржаўных маёнткаў Гарадзенскага павета. Маёнткі яе здаваліся ў арэнду. Становішча сялян эканоміі было цяжкім, але лепшым, чым у магнацкіх і царкоўных уладаньнях. Значныя страты эканоміі нанесьлі войны 17—18 стст., эпідэмія чумы ў 1709—10 гг. У другой палове 18 ст. у выніку галоснай рэфарматарскай дзейнасьці Антона Тызенгаўза гаспадарка аднаўляецца, уводзяцца новыя тэхналёгіі ў жывёлагадоўлі, садоўніцтве… Але пасьля захопу Вялікага Княства Расеяй маёмасьць Гарадзенскай эканоміі распрадаецца і раздорваецца акупантамі. Луненскі ключ (адміністрацыйная адзінка эканоміі) у складзе маёнтка Луна з вёскамі Стральцы, Жылічы, Камянчаны, Гледавічы, Шчарбавічы 12 лістапада 1795 г. быў падараваны сапраўднаму стацкаму саветніку графу Мікалаю Аляксандравічу Самойлаву. Але ён чамусьці не зьяўіўся. Луна становіцца ўласнасьцю графа Міхала Валіцкага. Род Валіцкіх вядомы ў Ваўкавыскім павеце з 1567 г. У 1821 г. маёнтак быў куплены Чахоўскім. Згодна з другімі дадзенымі, маёнтак стаў належаць Чахоўскім у выніку жаніцьбы судзьдзі Яна Чахоўскага з Верай Валіцкай. Ян Чахоўскі памёр у 1823 г., а Вера Чахоўская ў 1857 г. У 1833 г. маёнтак выстаўляўся на продаж, прыносіў даход 43 000 злотых, але, напэўна, ня быў прададзены. Ад Яна, сына Аляксандра Чахоўскага, пасьля яго сьмерці ў 1858 г., уладаньні пераходзяць да яго ўдавы і дачок Аляксандры Паліксены, Эміліі Люцыі Марыі і Актавіі Эўфразіны Юзэфы. Апекуном быў князь Станіслаў Сьвятаполк Чацвярціньскі. Юзэфа Чахоўская гербу «Окша» ў 1833 г. выйшла замуж за Эдварда Матэуша Ромэра, які стаў уладальнікам маёнтка. Бацька Э. М. Ромэра Эдвард Ян Ромэр быў удзельнікам вызвольнага руху, а род Ромэраў багаты на таленты, то і зьвестак аб іх жыцьці і дзейнасьці засталося многа. Раскажам аб тых, што мелі адносіны да Луны крыху пазьней у аддзельным апавяданьні.
У часы міжваенныя Луна заставалася ўласнасьцю Юзэфы Ромэр і Марыі Камаровай. Яны валодалі яшчэ фальваркам Жылічы і мелі 1400 га зямлі. Яшчэ каля іх палацу можна было ўбачыць некалі багатыя рыбай ставы і стары прыгожы парк.
На тэрыторыі Волі немцы стварылі ГЕТА. Габрэі з ГЕТА былі вывезены ў лягеры сьмерці. Таму пасьля вайны амаль усе жыхары Волі абнавіліся. На ўладаньнях Тарасовічаў былі пабудаваны майстэрні Сельгастэхнікі і склады Сельгасхіміі.
Палац Тарасовічаў. 2010 г.
Палац адвялі пад клюб, краму і жыльлё. Зьніклі клясычныя калёны, кветнікі, парк, брама, мосьцікі… Пасьля развалу Імпэрыі развалілася і Сельгастэхніка і Сельгасхімія. Даўно забытая назва Воля… Сярод руін палаца і будынкаў майстэрняў, сярод заросьляў кустоўя тут дажываюць сваё жыцьцё пару дзясяткаў пэнсіянэраў, якія з радасьцю бягуць на датэрміновыя «выбары», бо гэта адзінае імгненьне, калі яны адчуваюць сябе патрэбнымі і, і ў адместку сваім няўдзячным нашчадкам, «галасуюць»…