Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 7

Луна і Воля
Дзьве гісторыі

Оглавление

Са старажытных часоў Луна мела свайго «спадарожніка» – Волю. Таму старажытнае Луна мае як бы дзьве гісторыі: самога Луна і Волі. У тым, што Луна старажытнае, няма ніякага сумневу. Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга «Памяць, Мастоўскі раён»: «Лічыцца, што гэта паселішча ўзьнікла не пазьней 12 ст.». Але ж з часоў позьняга нэаліту (2-я пал. 3-га тыс. да Н.Х.) вядомыя так званыя «бурштынавыя шляхі». Адзін з іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць «крамянёвы шлях» з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі «порт»? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў на Нёмне і «шлях з варагаў у грэкі» у 9—13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе «Памяць».

На жаль пісьмовых крыніц аб гэтым я не знайшоў. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе «спадарожнік» Воля. Калі ж спасылацца на кнігу «Памяць» Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луна: «У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луна». У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам, у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. «Ёсьць меркаваньні, што ў іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край уваходзіў у гэтыя (Гродзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі». Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а ўдзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сымбалічныя курганы. Такія курганы захаваліся ў ваколіцах Луна ва ўрочышчы, якое называецца Цвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква. «Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня па загінуўшых на ратным полі», – распавядаецца ў «Памяці». І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але «зь песьні слова ня выкінеш»… Па загадзе калгаснага начальства разаралі тыя курганы «магутнымі трактарамі» і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца Гэлена Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала рваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…


Шлях з «Варагаў у грэкі» па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У. М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113


Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.

У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля – свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.


Луна і Воля на расейскай карце 1910 г.


Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх