Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 11

Луна і Воля
Сапегі ў гісторыі Луна – Волі

Оглавление

Абодва брата Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80—90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у каторай ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.


Царква ў Чарлёне. Сучасны выгляд


Леў Сапега сын Мікалая (не блытаць з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луна 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтка Луна. Хутка пасьля напісаньня завяшчаньня памёр. Яго астатнюю волю занесьлі 20 верасьня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцэ мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая – Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.

Каралі Рэчы Паспалітай апекаваліся мястэчкамі. У прыватнасьці, у 1612 г. Луна ахапіў страшны пажар – практычна ўсё мястэчка згарэла. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III Ваза вызваліў луненскіх мяшчан «ад падводнай павіннасьці, пабораў і чыншу з сенажацяў, палявых, агародных участкаў і падаткаў у дзяржаўную казну» тэрмінам на 4 гады.

31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псыхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луна. 31.10.1637г. Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеявай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрэдэрыка Сапегі Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрэдэрыка; а таксама – манашак Ганны і Ефрасіньні – сясьцёр- базыльянак; Мікалая Сапегі – брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.


Фрэдэрык Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г. https://pl.wikipedia.org/wiki/Fryderyk_Sapieha


Сярод вялікай радні Мікалай меў цёзку Мікалая Сапегу, які выкраў ікону Одэнскай Багародзіцы, напісаную Сьв. Аўгусьцінам, у папы Урбана VIII, а ў 1635г. пасьля пакаяньня прасіў пакінуць сьвятыню ў Кодэні. Кароль Ян Казімір дорыць сьвятыні рубін. З канца 17ст. ікона мела рызу і кнігу для запісваньня цудаў ад яе. 26 чэрвеня 1723г. сьвятыня каранавана і з 1927г. знаходзіцца ў Кодэнскім касьцёле.

Ян Дамінік памёр пасьля 1622 г. Ні Ян Дамінік ні Фрэдэрык не аставілі патомства, таму іх уладаньні перайшлі да іх блізкіх кроўных. Хто стаў наступным уладальнікам Луна, невядома. Але ў 1645—1647 гг. Луна сярод іншых зямель выкупіў ад Ізабэлы Трызніны і Андрэя Войны Павел Сапега гербу «Ліс» (1609—1665), віцебскі, потым віленскі ваявода і Вялікі гетман Літоўскі. Павел Сапега быў сынам Яна Пятра Сапегі і Соф’і з Вэйгэраў, унукам Паўла Сапегі, які згадваўся вышэй. Постаць Паўла Сапегі апісана ў рамане Хэнрыка Сянкевіча «Патоп». Яго дзейнасьць патрабавала вялікіх выдаткаў, таму большасьць уладаньняў была закладзена або абцяжарана даўгамі.


Павел Сапега гербу «Ліс» (1609—1665). Pierre Landry (XVII w.). https://pl.wikipedia.org/wiki/Pawe%C5%82_Jan_Sapieha


У 1654—1667гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павета.

У 1655г ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.

Дакладных зьвестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642—1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі Казімеж Леон (Леў) (1609—1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626—24.10.1652), Казімеж Леон сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хрышчонаму сыну Казімежу Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Хілярыю Палубінскаму.


Казімір Ян Павал Сапега, малюнак праектаваны, 1709 г.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.226


Можна меркаваць, што наступным уласьнікам двара Луна-Чарлёна становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672—1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685—1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—1698, маршалак Вялікі ў 1698—1703, 1705—1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700—1721 стаў на бок швэдаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705—1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазыцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.


Аляксандр Павал Сапега. Фрагмэнт акварэлі М. Янушэвіча, 1846:.: М. Каламайска-Сээд, Генэалёгія праз выявы…, с.233


Кароль Ян III Сабескі ў 1680 г. для папаўненьня даходаў каралеўскай казны арганізаваў Луненскі ключ у Гродзенскай эканоміі. Яго арэндны даход быў вызначаны ў 9686 злотых польскіх [11]. Ключ складаўся з наступных населеных пунктаў: Луна, Марцінаўцы, Жылічы Вялікія, Жылічы Малыя (Рачкі), Нецеча, Каменны мост, Шчарбавічы, Мяшэтнікі, Хамічы, Глядавічы. Папярэдне была праведзена рэвізія. У выніку ў мястэчку Луна налічвалася 125 «дымаў», разьмешчаных на чатырох вуліцах: Воўпенскай, Мсьцібаўскай, Гродзенскай, Азёрскай. Пляніроўка населенага пункта была веернай-усе вуліцы выходзілі ад базарнай плошчы, на якой знаходзіліся карчма і касьцёл. У мястэчку працавалі 4 мясьніка, 4 хлебапёка, 4 сольніка, 1 цясьляр, 1 каваль, 1 кравец, 5 Шаўцоў, 2 гарбара. Яны плацілі ў казну па 6 грошаў..

Нэгатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічны стан мястэчка аказала другая Паўночная вайна. Панямоньне стала арэнай ваенных дзеяньняў паміж швдзкімі і расейскімі войскамі. Да таго ж супрацьстаяньне разгарнулася паміж шляхецкімі канфэдэрацыямі: прыхільнікамі Карла XII і Пятра I. У выніку беларускія землі падвергліся глыбокаму спусташэньню. На фоне эпідэмій лютаваў голад. У 1712 г. каралеўскі камісар Міхал Дамброўскі правёў рэвізію Луненскага ключа Гродзенскай эканоміі. Каралеўская камісія канстатавала, што ключ больш за дзесяць гадоў знаходзіўся ў заняпадзе ад ваенны дзеяньняў. Арэндны даход зьменшыўся ў 9 разоў і склаў 1069 злотых польскіх. Зьяўілася шмат пустак-неапрацаванай ральлі. Напрыклад, калі ў 1680 г. на Мсьцібаўскай вуліцы было 20 жылых «дымоў», то ў 1712 г. – 1. З рамесьнікаў засталіся 1 цясьляр, 1 каваль, 1 шавец. Пастановай Сойма ўсе ключы Гродзенскай каралеўскай эканоміі былі вызваленыя ад гіберны (падатак, які сяляне плацілі дзяржаве на ўтрыманьне войска), але павінны былі плаціць падводную павіннасьць на ўтрыманьне пошт. Унівэрсалам караля Аўгуста II ад 1699 г. унёсак месяцова склаў 20 злотых польскіх.

10 сакавіка 1711 г. на балтыйскім узьбярэжжы ў Караляўцы (Калінінград) нарадзіўся яшчэ адзін з уладальнікаў Луны (Волі) Міхал Антоні.


Міхал Антоні Сапега (1711—1760). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227


Міхал Антоні атрымаў Эўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзярэчын, Галынка, Вострава, Зэльва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы. У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася «вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі». Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.

Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г. надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыіі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоній памёр у Слоніме не аставіўшы нашчадкаў.

У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўна, Луна, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Луна і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луна (Волі) стаў сын брата Казіміра Леона Міхал Ксаверы.


Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766). https://pl.wikipedia.org/wiki/Micha%C5%82_Ksawery_Sapieha


Гаспадарку Сапегі вялі з пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць…

Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антонія, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луна (Волі). Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім зьяўілася ў яго ўладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары А. М. Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне, былі прыстані. Гандлёвыя флятыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, францускае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават «арфы» ці «млыны для ачысткі зерня». У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел…


Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227


Аляксандру Міхаілу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзыдэнцыі на жаль не Луна, а суседні Дзярэчын. Хаця ж Луненскія мясьціны не ўступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшы за Дзярэчынскія, не гаворачы, што ў Дзярэчыне няма Нёмна. У 1760—1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут 1765 г. тэатар, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Я. С. Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзыдэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў «Пагоні». Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Эўропу сваімі кірмашамі невялікая дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоній Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых «ярмонок ілі торгов».

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх