Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 14
Луна і Воля
Лёс апошніх уладальнікаў Волі
ОглавлениеУ Тарасовічаў было два сыны, абодва зьяўіліся на сьвет у маёнтку Воля. Старэйшы Казімір нарадзіўся 20 сьнежня 1919 г., малодшы Станіслаў – 22 траўня 1922г. Хлопчыкі вучыліся ў гімназіі бацькоў-езуітаў у Вільні.
Маёнтак Воля. Пасьля паляваньня
У гары са стрэльбамі Станіславаў, унізе – Казімір Тарасовічы. Фота сярэдзіны 30-х гг. ХХ ст.
Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст. Брэст: Альтэрнатыва, 2009.
Ядвіга-Эмілія Тарасовіч з сынамі Станіславам і Казімірам
На старых здымках тых часоў усе члены сям’і выглядаюць шчасьлівымі.
Ядвіга і Эдвард Тарасовічы з сынам Казімірам (1938 г.)
Адзін са здымкаў прадстаўляе Ядвігу-Эмілію, яе мужа і сына Казіміра каля матацыкла. Маці дарослага сына, гэтая жанчына захоўвала стройнасьць і дзявочую фігуру. Здымак прадстаўляе яе на матацыкле, які ў тыя часы зьяўляўся сымбалям дастатку і тэхнічнага прагрэсу.
Эдвард, Казімір і Станіслаў Тарасовічы,1939 г. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх…
20 сакавіка 1939г. памерла Ядвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940—1941 гг. Па другой вэрсіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызэнтэрыі 8 верасьня 1941 г. у лягпункце №47 лягернага комплексу Севуралляг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай фэдэрацыі. Лёс яго маці Ядвігі невядомы.
Станіслаў апынуўся ў ваколіцах Ташкента, пасьля патрапіў у войска Андэрса. Ваяваў пад Монтэ-Касіна. Пасьля вайны патрапіў у Англію, дзе сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыен-Элан (нар. у 1932г.). Хутка сям'я пераехала ў канадзкі Манрэаль. Станіслаў Тарасовіч пачаў выкарыстоўваць англізаваную форму свайго імя і прозьвішча – Стэнлі Дэ Тэры. Працаваў графікам. У 1987г. прыяжджаў у Польшчу, каб сустрэцца з братам. Станіслаў памёр у Манрэалі 9 сьнежня 1992 г., дзе да гэтага часу жыве яго жонка і двое дзяцей. Дачка Джэнет у шлюбе з Лей Харысанам мае дачку Ізабэлу Доун і сына Марка. Сын Станіслава Роджар Дэ Тэры нарадзіўся ў 1963 г., жонкі і дзяцей не мае. Лей Харысан валодае ў Манрэалі фабрыкай шкла і люстэркаў, дзе працуе яго жонка Джэнет і яе брат.
Лёс Казіміра быў вельмі складаным. У 1939г. ён не патрапіў у савецкія турмы. З прыходам немцаў пасяліўся ў Луна, таму што маёнтак на той час быў ужо разрабаваны. Паколькі добра ведаў нямецкую мову, быў войтам. У часы акупацыі ў Луне дзейнічала Армія Краёва. Застава АК належала да акругі «Левы Нёман». Камэндантам заставы Луна быў падпаручнік Казімір Тарасовіч, згодна з запісамі Вітольда Карпызы, апошні ўладальнік Луна—Волі. Яго зьвесткі заснаваны на ўспамінах жыхаркі Луны Ірэны Алізар: «Казімір Тарасовіч быў у войску (пасьля экзамэну і падхарунжоўкі). У часы акупацыі нямецкай жыў у Луне (знаў бегла нямецкую мову) і быў войтам. Быў таксама камандзірам узводу АК у нашай акрузе. Тарасовіч быў уладальнікам маёнтка Воля. На пачатку 1945 г. быў арыштаваны. У лягеры працаваў як фэльчар. Да краю вярнуўся ў 1956 г. Нядаўна даведалася, што памёр». Па другіх зьвестках пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 г. быў арыштаваны, атрымаў 25 гадоў за супрацоўніцтва з Войскам Арміі Краявой.
Казімір і Людвіка Тарасовіч з дачкой Ядвігай. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст.
У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лягер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі на працягу знаходжаньня ў лягеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў разьвівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго. Казімір меў адукацыю фэльчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў Акчатаў. У 1955г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра – Ядвіга-Стэфанія. Праз год сям'я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводзтве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пэнсіі Казімір працаваў фэльчарам, памёр у Гнезна праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988г.
Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.