Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 17

Пад Расейскай акупацыяй
Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне

Оглавление

Пасьля захопу расейцамі зямель Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 14.11.1795 г. Луна ў складзе Гродзенскага павета, з 14.12.1795 г. – у Слонімскай губэрні, з 11.12.1795 г. – Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губэрні.

Расійскае панаваньне на захопленых землях пачалося з рабаваньня. Вывозілася ўсё, што мела каштоўнасьць. Рабаваліся музэі і палацы, вывозіліся калекцыі мастацкіх твораў, кнігі, летапісы. Цяпер яны ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа, Трацякоўкі і іншых музэяў Расіі. І зараз ніхто не думае іх вяртаць.

Луненскі ключ (579 мужыкоў і 573 жанчыны) разам з вёскамі Стральцы, Камянчаны, Жылічы, Глядавічы быў аддадзены графу Н. А. Самойлаву, але той не зьяўіўся на вызначаныя ўладаньні. Таму знайшлі другога графа М. Валіцкага. Сяляне папалі пад прыгон. Паўсюдна адмяняліся прывілеі, беларускія законы, забаранялася беларуская мова, зьнішчалася ўніяцтва, да якога належала 80% вернікаў Беларусі. Нават грыгарыянскі каляндар (новы стыль), уведзены Вялікім Князем ВКЛ Стэфанам Баторыем, быў адменены. Пачаўся набор у рэкруты, чаго ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім. На 25 гадоў забіраліся сяляне на службу ў расейскую армію.

У 1812 годзе пачалася франка – расейская вайна. Многія літвіны спадзяваліся, што Напалеон дасьць магчымасьць аднавіць незалежнасьць ВКЛ, таму ішлі служыць у францускае войска. Для беларусаў гэта была не Айчынная, а братазабойчая вайна. Пры адступленьні французаў Луна занялі войскі графа Атароўскага. 12.12.1812 г., яны ішлі да Беластока праз Луна-Адэльск, частка ў напрамку Воўпа-Крынкі.

І французы і расейцы несьлі спусташэньні, забіралі ў сялян апошняе.

Пасьля вайны пачаўся эканамічны заняпад. Расейскія памешчыкі пачалі прадаваць дараваныя землі. У І82І годзе Луна куплена Чахоўскім і яго жонкай Валерыяй фон Ромэр. Па зьвестках П. О. Баброўскага, Луна страціла статус мястэчка, але гандаль яшчэ цепліўся.

Літвіны не зьмірыліся з агульнай стратай незалежнасьці. У І830-І83І гг. адбылося Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне. У час паўстаньня ў раёне Луна дзейнічаў атрад паўстанцаў генэрала Хлапоўскага, які ў І83І г. зьнішчыў ля Луна расійскі абоз у 4І8 вазоў, што ішоў з Брэста на Луна-Скідаль. 26.05 1831 г. ля Воўпы Д. Хлапкоўскі зрабіў засаду, у якую трапілі казакі, што адбіла ахвоту генэралу Герсьценфейту атакаваць тылы паўстанцаў. У гэтым атрадзе ваявала беларуская Жана Д’Арк – Эмілія Плятэр.


Эмілія Плятэр на чале касынэраў


Хлапоўскі ўспамінаў: «Калі мы праходзілі праз вёскі, народ спачатку прызнаваў нас за маскалёў і не адразу хацеў верыць, што мы Палякі, а калі ўпэўніваўся, дык плакаў ад радасьці, прыносіў прадукты, што толькі меў, ніколі не хацелі браць грошы, тым ня менш я прымушаў іх браць грошы за авёс і сена, гаворачы, што маю на гэта строгі загад».

«Алфавітны сьпіс удзельнікаў паўстаньня 1831 г». па Гродзенскай губэрні, складзены сьледчай камісіяй, уключае прозьвішчы 474 чалавек. У ім паўстанцы з Мастоўшчыны: сяляне С. Дзяшко, Ф. Курпіньскі, Ф. Трусевіч; памешчыкі М. Матусевіч, браты Т. і Ф. Палубіньскія, Ф. Шабаньскі, Антоні Эйсымонт, князь Е. Сапега; шляхціцы Актавіян Эйсымонт і Мінучыц, а таксама 37 паўстанцаў з Ваўкавыскага павета. Бацька аднаго з апошніх уладальнікаў Луны Эдварда Матэуша Ромэра Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 быў сябрам Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. Падрабязьней аб гэтым у апавяданьні пра Ромэраў.

Дзеяньні акупацыйных уладаў пасьля разгому Лістападаўскага Паўстаньня

Пасьля расправы з паўстанцамі 1831 года былі разрабаваны маёнткі паўстанцаў, вывезены каштоўнасьці з музэяў і бібліятэк, канфіскаваныя землі, разам з сем'ямі раздаваліся расійскім памешчыкам і чыноўнікам, дробная беларуская шляхта пераводзілася ў прыгонных.

Але перад расіянамі паўстала пытаньне: што трэба зрабіць, каб пазьбегнуць паўтору такіх падзей. Дзеля адказу на гэта пры імпэратары Мікалаі І быў створаны дарадчы орган – спэцыяльны Камітэт па справах залежных губэрняў, які павінен быў распрацаваць прапановы і рэкамэндацыі ўраду па пераўтварэньні Беларусі ў расійскую адміністрацыйную адзінку (губэрню) на векі вечныя. Распрацаваны быў плян працы: па-першае – адабраць у беларусаў іх мову і гісторыю; па-другое – ліквідаваць беларускую царкву. Для выкананьня пляну ўжо ў 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, а ў 1834 г. пераведзена навучаньне ва ўсіх школах на расейскую мову. Каб настаўнікі вучылі па-расейску, у Віцебску заснавалі настаўніцкую сэмінарыю, а ў Полацку ў старадаўніх езуіцкіх мурах—кадэцкі корпус. Так была створана «кузьніца» расейскамоўных настаўнікаў і афіцэраў—манкуртаў, пазбаўленых роднай мовы і ведаў аб мінулым Радзімы.

У 1839 годзе была скасавана Берасьцейская Ўнія. Цяпер сьвятары вялі набажэнства па маскоўскіх службоўніках, на расейскай мове трэба было весьці ўсю справаздачу. Беларускія кнігі, службоўнікі, іконы тысячамі спальвалі на вогнішчах. За ўдзел у паўстаньні зьнішчаліся кляштары. Быў зьнішчаны цэлы старажытны другі па значэньні ў ВКЛ горад Брэст з старажытным замкам і 10 кляштарамі католікаў і ўніятаў, а на яго месцы пабудавана Брэсцкая крэпасьць.

З 1840 года па царскаму ўказу забаранялася назва «Беларусь» і ўводзілася назва «Северо-Западный край». Адмаўлялася дзеяньне Статута Вялікага Княства Літоўскага і ўводзілася расійскае заканадаўства. Губэрнатар і расійскі ўрад былі ўпэўнены, што зрабілі ўсё, каб беларусы зьніклі як народ.

Але супраціў расіянам не сьцішаў. Найбольшую актыўнасьць праяўлялі сяляне, становішча якіх было невыносным. Ва ўмовах расейскага прыгоннага права сапраўднай трагедыяй былі былі рэкруцкія наборы ў расейскую армію. Рэкрутаў набіралі прымусова і да 1834 г. яны служылі пажыцьцёва, з 1834—29 год, з 1855 па 1872 —12, 10 і 7 гадоў. Сяляне адказвалі на прыгнёт бунтамі.

На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы – эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага – Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:

М. Валовіча—да павешаньня, 6 чалавек—да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек—да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.


Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.


2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.


Шыман Канарскі (ананімны партрэт, перад 1839, алей на палатне)


У ліпеню 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду – ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду – прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.

Падзеі ў краіне не маглі не закрануць і луненцаў. У сьледчых матэрыялах ёсьць запісы аб сялянах-удзельніках паўстаньня з недалёкіх ад Луна вёсак. «Біяграфіі» асобных сялян па выніках сьледзтва даюць магчымасьць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павета Сьцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасьля быў адпраўлены ў Табольск для залічэньня ў Сыбірскія лінейныя батальёны. Адтуль зьбег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтка Забалацьце Ваўкавыскага павета служыў лякеем у генэрала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургзкай крэпасьці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланава таго ж павета. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасьля паразы пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Сьледзтва адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпеню 1832 г. атрымаў прабачэньне і вернуты пад расьпіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі.

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх