Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 16

Луна і Воля
Ромэры – апошнія ўладальнікі Луны

Оглавление

Луна дарогаю сваяцтва (па іншых зьвестках куплена ў 1821 г., бо расейскія памешчыкі распрадавалі падараваную маёмасьць) перайшло ў валоданьне Чахоўскім, аб чым можа сьведчыць надпіс у Луненскім касьцёле: «Вера з Валіцкіх Чахоўская заснула ў Богу 1857 г. 21 сакавіка ў веку гадоў 76. Пакой яе душы». Напэўна была яна жонкай судзьдзі, аб якім другі надпіс у гэтым жа касьцёле гаворыць. «Тут ляжыць прах с. п. Яна Чахоўскага, судзьдзя, які нарадзіўся 1772 г. траўня 21 дня, памёр у 1823 г., чэрвеня другога дня. Найчулей аплакваючы яго страту, сын гэты знак паставіў».


Здымак труны з фамільнага склепу Чахоўскіх ля Луненскага касьцёла.


У час газыфікацыі, калі капалі траншэю да касьцельнай кацельнай у 2005 г., выпадкова быў праламаны склеп ля помніка Аляксандру Чахоўскаму і праз невялікую адтуліну можна было апусьціць у склеп руку з фотаапаратам. Так зьяўіўся гэты здымак.

Чахоўскія валодалі Лунам нядоўга, бо ўжо ў 1833 г. у «Кур’еры Літоўскім» №70/1833 была зьмешчана аб’ява, што маёнтак Луна Чахоўскіх прадаецца. У яго склад уваходзяць два фальваркі (невялікія панскія службы), 5 вёсак і мястэчка, якое мае дымоў (сялянская гаспадарка адзінка абкладаньня падаткам) хрысьціянскіх 199, жыдоўскіх—78, душ 527. Гадавы даход з маёнтка выносіць 43 000 злотых». Няведама, ці быў прададзены і хто яго купіў. Мажліва Ромэры, але не выключана, што маглі яны Луна атрымаць як пасаг, бо Чахоўскія і Ромэры ўзаемна радніліся. Вынікае гэта з наступнага касьцельнага надпісу: «Аляксандр і Валерыя з Ромэраў Чахоўскія Дня 17 ліпеня 1857 г». Таксама ўспамінаная праз Э. Ажэшка Юзэфа Ромэр была ў доме Чахоўскіх, а гэта было ўжо ў 1902 г.

Бясспрэчным уладальнікам Луны быў муж Юзэфы, Эдвард Матэуш Ромэр. Ромэры—знакаміты шляхецкі род нямецкага паходжаньня (Romer), цэлая дынастыя, прадстаўнікі якой унесьлі значны ўклад у разьвіцьцё культуры Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, былі пасьлядоўнымі і актыўнымі змагарамі за незалежнасьць краю, у якім жылі. Сярод іх былі мастакі, выдаўцы, журналісты, палітычныя дзеячы, вучоныя.

Бацька Матэуша Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 сябар Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэту.


Аўтапартрэт Эдварда Яна Ромэра на вокладцы кніжкі яго аўтарства «Выправа на воды з Літвы да Нармандыі».


У 1833 годзе арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 усталяваў сувязь з Літоўскім камітэтам (Вільня), таксама падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лягерам польскага «караля дэ-факта» А. Ю. Чартарыйскага. У ліпеню 1838 зноў арыштаваны за супрацу з эмісарам Маладой Польшчы Шыманам Канарскім., асуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага новай 13-гадовай ссылкай у Волагду а пазьней – у Вялікі Усьцюг. Разам з ім у ссылцы знаходзілася яго жонка Соф’я з Белазораў. Тут 19 верасьня 1848 года і нарадзіўся іх сын-Эдвард Матэуш Ромэр. (Поўнае імя – Edward Mateusz Jan Oktawiusz Romer). Аб чым сьведчыць таксама эпітафія ў Луненскім касьцёле: «Эдвард Матэуш Ромэр нар. у Волагдзе, пм 22.11.1900 г». Пасьля вяртаньня ў Вільню быў пад наглядам паліцыі. У сваім падарожным дзёньніку:» Wyprawa do wód z Litwy do Normandii: kartki z dziennika 6 czerwca – 16 listopada 1861» між іншым запісаў наступнае: «Zdawało się, że te czasy minęły, gdy lud w męczarniach i ucisku Bogu swę żale przesyła w peśni – a oto są obecne. Chwytano po kościołach, do więzienia wtrącano tych, którzy spiewali – a oto spiewają, wszyscy i wszędzie». (Здавалася, што тыя часы ўжо мінулі, калі люд у муках і прыгнёце Богу свае крыўды пасылае ў песьні – але яны наяве. Хапалі па касьцёлах, да вязьніцы ўкідалі тых, якія сьпявалі – а сьпяваюць, усе і ўсюды». ) Пад час паўстаньня 1863—1864 гг. знаходзіўся пад хатнім арыштам.


Сям’я Ромэраў. Малюнак Эдварда Яна Ромэра (бацька Матэуша). 1829 г.


Здольны ад прыроды да мастацтва Эдвард Матэуш Ромэр вучыўся малюнку спачатку ў бацькі мастака-аматара, потым у Катаяна Русецкага і Яна Зянкевіча. Скончыўшы ў 1867 г. Віленскую гімназію выехаў на вучобу ў Акадэмію Мастацтваў у Дрэздэн. Настаўнікам яго быў К. Шульц. Малюнкі Э. М.Ромэра зьмяшчаліся ў «Ляйпцігскай ілюстраванай газэце». У 1870 г. ён перавёўся ў Мюнхэнскую Акадэмію Мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Г. Аншуца, А. Сойтца, А. Ромберга, у майстэрні баталіста Ф. Адама. Э. М. Ромэр калегаваў з эмігрантамі былой Рэчы Паспалітай В. Чахурскім, Ю. Брандтам, Ю. Косакам, М. Гедымскім. Некаторы час Э. М. Ромэр працаваў у майстэрні Ксаверы Пілата. Першыя працы ў Мюнхэне «Вяртаньне зь ярмаркі» і «Пікет».

З 1873 г. многа падарожнічаў: пабываў у Вене, Меране, Варшаве.

У 1878 г. вярнуўся ў Вільню і адкрыў на Бакшце ў старым доме Ромэраў, які дастаўся яму ў выніку падзелу маёмасьці паміж братамі, мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам Тэадорам Ромэрам і сябрам Францішкам Юргілевічам. 16 сакавіка 1880 г. ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай (дачкой Аляксандра Чахоўскага і Валерыі Ромэр) і атрымаў у якасьці пасагу Луна.


Партрэт Эдварда Матэвуша Рэмера (1885). Намаляваў яго брат Альфрэд Ромэр (1832—1897). Літоўскі мастацкі музэй


У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пэйзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Селянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» —бацькі свайго сябра Ю. Юргілевіча.

Шэраг твораў прысьвечаны паўстанцам 1863 г.: «Патруль», «Хаціна ў лесе». У 1873 г. Эдвард Матэуш Ромэр экспанаваў свае працы ў Кракаўскім Таварыстве сяброў мастацтваў: «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку», «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выставе ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасьля работы», «Вяртаньне» былі куплены Таварыствам падтрымкі мастацтваў. У 1894 г. на выставе сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» была ўганаравана срэбным мэдалём. Выстаўляў свае працы Эдвард Матэуш Ромэр у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафэсарам мастацтва з Брусэля І. Дэ Гасам.

Пэндзьлю Эдварда Матэуша Ромэра належыць партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. На палатне паўстае постаць волата. Палац, местачковыя дамы, нават ветраны млын у параўнаньні зь ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сьціпла, ён стаміўся, зьняў галаўны ўбор і павесіў на ручку кавенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусьцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасьветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Такое ўражаньне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змаганьня за лепшую долю.


Партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. Эдвард Матэуш Ромэр


Карціны Э. М. Ромэра можна паглядзець у Народным Музэі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На папасьцы-2»), у Музэі Мастацтва ў Вільні (7 работ) і ў музэі Каўнаса.

Апошнімі яго працамі былі пэйзажы з хлопчыкам на кані, зімовая карціна «Тры каралі» і незакончаная праца «Ад’езд дыцэзіі жмудзкага біскупа». Засталося многа эскізаў. Акрамя карцін ён пакінуў мноства эскізаў.

На працягу 20 год Эдвард Матэуш Ромэр быў уладальнікам Луна. Ці адлюстравана ў яго работах Луна? Магчыма, але адказ на гэта пытаньне чакае свайго дасьледчыка. Таму будзем спадзявацца, што сярод яго твораў ёсьць малюнкі, прысьвечаныя Луна. Трэба толькі іх адшукаць.


Зімовы пэйзаж. Праца Эдварда Матэуша Ромэра вельмі нагадвае прыроду і рачулку Лунянку каля палацу Ромэраў у Луне


У сям’і Ромэраў было трое дзяцей. Сын Эдвард нарадзіўся ў 1881 годзе, але памёр удзяцінстве ў 1901 г. Дачка Рэгіна нарадзілася ў 1882 годзе. 18 кастрычніка 1909 г. у Вільні яна выйшла замуж за свайго траюраднага брата Міхала Піўса Пасхаліса Ромэра (1880—1945). Сын Ежы нарадзіўся ў 1896 годзе і таксама мала пражыў. Уся сям’я мела клопаты са здароўем. Пасьля цяжкага запаленьня лёгкіх меў клопаты са здароўем і бацька Эдвард Матэуш Ромэр. Нягледзячы на гэта, шмат займаўся гаспадарчымі і сямейнымі справамі і да апошніх дзён не пакідаў маляваць.

Памёр Эдвард Матэуш Ромэр 22 лістапада 1900 года ў Луне, пахаваны ў радзіннай капліцы ў Троках. Гэта дата вынікае з цытаванай вышэй эпітафіі ў Луненскім касьцёле і папаўшай мне ксэракопіі нэкралёгу, прысьвечанага Эдварду Матэушу Ромэру. Але многія крыніцы чамусьці падаюць іншую дату сьмерці -10 лютага 1900 года.


Нэкралёг на сьмерць Эдварда Матэуша Ромэра


Пасьля сьмерці брата Ежы у 1920 годзе Рэгіна стала спадкаемніцай маёнтку Луна. Яе муж Міхал Ромэр быў адным з галоўных ідэолягаў лібэральна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913—15 распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфэдэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў.

Пра Міхала Піуса Ромэра больш можна даведацца ў працы: Смалянчук А. Дзёньнік Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус //.

Але Міхал Ромэр у Луне хіба ня быў ды і з жонкай Рэгінай неўзабаве разьвёўся.

У міжваенны час Луна пазаставалася ўласнасьцю Рэгіны Ромэр. Гэтыя ўладаньні разам з фальваркам Жылічы налічвалі 1400 га. Былі ў арэндзе, магчыма ў Марыі Камаровай, якая ў дакумэнце выступае ўладальніцай. Рэгіна сышлася з сэквэстрам Крупіньскім. З дачкой Цэлінай у яе былі сапсаваныя адносіны. Станіслава Швед жыхарка в. Луна гаварыла, што дачка кінула яе, бо Крупіньскі не быў знатнага паходжаньня, а магчыма, яшчэ па нейкай прычыне. Гаспадарка Ромэраў была ўзорнай. Хто і калі пабудаваў двор, невядома. Перад прыходам савецкіх войск у верасьні 1939 г. Рэгіна Ромэр і Крупіньскі ўцяклі. Драўляны палац Ромэраў, паводле Станіславы Швед, быў разабраны ў 1940 г. У галоўнай браме стаяла статуя Маці Божай, якую ксёндз Мончка аддаў у Жалудок.


Міхал Піус Ромэр – фота з сайта be.wikipedia.org/wiki/


Але Стасюкевіч Яся, таксама жыхарка Луна, апавядае, што пасьля вайны будынак палаца яшчэ стаяў. Я паказаў спадарыні Стасюкевіч малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны, але з невядомага канкрэтна месца. Спадарыня Яся сказала, што малюнак вельмі падобны да таго палаца Ромэраў.


Малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны


Сёньня на месцы дома Ромэраў знаходзіцца будынак старой школы.


Рэшткі ставаў і будынак «старой» школы. 2011 год


Ад былога сядзібна-паркавага комплексу Луна засталіся рэшткі былога парку і побач зь імі, абсаджанае дрэвамі, месца былых ставаў.


Мост праз Лунянку. 1928 г.


У ставах вырошчвалі рыбу. Ставы запаўняліся вадой у выніку перакрыцьця р. Лунянкі плацінай, якая адначасова служыла для прывядзеньня ў рух вадзянога млына. Млын не захаваўся. На беразе ставу да 2009 г. расло старое дрэва, якое было самым тоўстым у акрузе (2 м у дыямэтры і больш за 6 м у абхваце). Яго відаць на здымку 1928 г. зьлева. У 2009 г. гэта гістарычнае дрэва сьпілавалі ў пляне правядзеньня палітыкі пераводу кацельных на «мясцовае паліва». Па гэтай прычыне тады былі сьпілаваны многія дрэвы былога парку Ромэраў. Да канца 20 ст. ставы яшчэ запаўняліся вадою. Пасярэдзіне ставаў знаходзіліся альтанкі, да якіх вялі драўляныя масткі. Пры пабудове новай школы будаўнічае сьмецьце было сапхнутае бульдозэрам у ставы. Заняпад набыў незваротны працэс.


Мост праз рэчку Луняеку каля палацу Ромэраў (1928 год)


На другім пляне віднеюцца абрысы будынкаў палацавага комплексу Ромэраў.

Нядаўна я знайшоў паведамленьне аб тым, што ў Інстытуце Гувера ў Архівах калекцыі Мечыслава Ялавецкага (Mieczysława Jałowieckiego) ў скрынцы 18 захоўваецца такі экспанат: 964. ŁUNNA Dwór. ziemia Grodzieńska /N/ bar. Romer. Магчыма гэта і ёсьць малюнак палацу Ромэраў, зроблены Мечыславам Ялавецкім?

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх