Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 19
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
Оглавление«Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі».
Эліза Ажэшка
Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».
3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» – першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля… – зьвярталася газета да простага люду. – За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці… А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты… Ён-то, перакупіўшы многа папоў… плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі».
«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасьць! Нас цар ніц не падмане – не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам», – заклікае Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе».
Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва, будучы генэрал Парыскай камуны. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.
«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» Карціна Пётры Сергіевіча
Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка – 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць – быў паўстанцам.
Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.
22 ліпеня 1863 года Гродзенскі губэрнатар Уладзімір Бобрынскі па прапанове Віленскага генэрал – губэрнатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца «о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки». Аб'ява аб гэтым была надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях» і аддзельнымі публікацыямі.
У І864 г. Паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22.03. І864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён пісаў для свайго народу: «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Варта сказаць пра жанчын, якія актыўна, ці ўскосна ўдзельнічалі ў змаганьні, душой і сэрцам падтрымалі яго высокія ідэі.
Пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губэрні за спачуваньне Паўстаньню і ўдзел у ім знаходзілася 64 кабеты. Многія жанчыны паехалі ў Сыбір за сваімі мужамі. Некаторыя несьлі гэты крыж разам са сваімі дзецьмі: Канстанцыя Сядлецкая і дачка Сафія, Владычанская Яна з дачкой Вікторыяй, Малевічова Людвіка з дачкою Аляксандраю Лявонія Каменьская з дачкой Марыяй і сынком, які памёр у Сыбіры…
У 1863 г. у Гродзенскую турму былі кінуты 638 чалавек, з іх – 36 жанчын. Найчасьцей – шляхецкага паходжаньня і высокага сацыяльнага статусу: жонка «предводителя дворянства Гродненского уезда» Севярына Ромэра – Тэадора, сёстры Людвіка і Крыстына Нарбуты і інш.
Аб вялікай самаахвярнасьці жанчын і нялюдзкасьці, дзікай жорсткасьці царскай жандармэрыі сьведчыць і тое, што ў турму кінулі жанчын разам з дзецьмі: Казіміра Высоцкая і трое маленькіх дзяцей – Казімір, Мар'яна, Станіслава; Канстанцыя Высоцкая і дочкі Аўгусціна і Тэрэза; Антановіч Канстанцыя з дачкою Юліяй і 4-х гадовым сынам Казімірам і інш.
Ссылалі жанчын і за непасрэдны ўдзел у Паўстаньні: Караліна Станішэўская ў Цвер за збор ахвяраваньняў і перадачы ежы паўстанцам, Багдановіч Эвеліна ў Кастраму – за збор ахвяраваньняў для сем'яў паўстанцаў і шмат інш.
Пратэст жанчын працягваўся і пасьля падаўленьня паўстаньня, набываў цікавыя формы. Кабеты масава пачалі апранаць жалобнае адзеньне з сымбалічнымі знакамі – чорная доўгая сукенка, абшытая чырвонай і блакітнай стужкай, чорны капялюш, на якім знаходзілася спражка герба Паўстаньня. Найбольш распаўсюджана гэтая зьява была ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях.
Пратэст жанчын набыў такі масавы характар, што царскі ўрад быў вымушаны прыняць самыя жорсткія меры і інструкцыі: «Принять меры к прекращению преступных манифистаций, воспретить носить траур и другие мятежницкие знаки… начали эти беспорядки в здешнем крае женщины…».
Ад тых часоў каля в. Мінявічы засталася магіла-курган 40 паўстанцам.
Штогод патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. На што ўлады адказваюць затрыманьнямі, арыштамі і штрафамі.
Ушанаваньне Паўстаньня 1863 у Сьвіслачы скончыўся затрыманьнямі