Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 23
Каралева польскай прозы і пакутлівай праўды
ОглавлениеТрапіць страла ў сэрца – вынь яе,
упадзе жменя гразі на галаву —
сатры яе, а з ранаю і плямаю,
якую час змые – змагацца далей.
Эліза Ажэшка
Вяртаньне Элізы Ажэшка
«1. 14. 1902 г. Луна». Праходзіць лета без сьвятла і цяпла, хмурае, халоднае, заплаканае… Перашкаджае гэта свабоднаму разгляданьню прыроды і ўзмацненьню сіл усебаковых на доўгую і мёртвую зіму. Нягледзячы на гэта бываюць моманты прыгожыя, у якія можна глядзець на палеткі збажыны і групы дрэў на палянах, а заўсёды ёсьць тут гэта найдзіўнейшая ціша вясковая, якой ніякая частка тутэйшага жыцьця замяніць і ўзнагародзіць не можа. Луна ёсьць вёска без асобай прыгажосьці, але мае прыгожыя палі, прыгожы сад сапраўды цудоўны, прыгожыя паляны, старыя дрэвы двару. Ёсьць тут дакладней акацыі так вялізныя, якіх у клімаце нашым не бачыла ніколі, і вельмі прыгожыя векавыя ліпы. Усё гэта, нягледзячы на дажджы і халады, у моманты распагоджваньня неба спраўляе мне многа прыемнасьці… што да людзей, то акрамя гаспадароў дому, у якім з Марыяй Абрэбскай знаходзімся, маем блізкую суседку, уладальніцу Луна, пані Рамэрову, яшчэ даволі маладую, мілую і сумную, з якой павязалі стасунак ветлівы і прыемны. Ёсьць сумнаю, бо няпоўныя два гады таму страціла ў адзін год мужа і дарослага сына, а другі сын малы пад пагрозай сухотаў, якія забілі таго. Сама хворая, самотная, лагодная і простая, мае пані Рамэрова штосьці ў сабе чуйнае і самой доляй сваёй прывабная. Маем тут таксама ксяндза, мала адукаванага, але нязьмерна чэснага чалавека, велізарна адданага колу працы адукаваньня і ўмаральненьня люду і доктара, які што хвіліну прыходзіць мне на памяць Бальзакоўскага «Вясковага доктара», – так піша Эліза Ажэшка аб нашым мястэчку ў лісьце на імя Канстанціна Скірмунта.
У пачатку 2001 года адданыя паклоньнікі творчасьці Элізы Ажэшка ў Луне на падыходзе да 60-годзьдзя з дня нараджэньня вялікай пісьменьніцы, улічваючы той факт, што Эліза Ажэшка наведвала Луна і пакінула аб вёсцы прыемныя ўспаміны, вырашылі памяняць назву вуліцы Камсамольскай, былой Паштовай, на вуліцу Элізы Ажэшка. У тыя дні на вуліцы было паштовае аддзяленьне, да якога, магчыма, Эліза Ажэшка прыходзіла. Вуліца таксама вяла да палаца Ромэраў, да ўладальніцы якога пані Рамэровай заходзіла ў госьці пісьменьніца. Кандыдат гістарычных навук настаўнік гісторыі Луненскай школы Станіслаў Сільвановіч падрыхтаваў інфармацыю аб асабістых і літаратурных заслугах Элізы Ажэшка перад Наднёманскім краем і непасрэдна перад мястэчкам Луна. Актывісты сабралі подпісы людзей, якія прасілі назваць вуліцу Камсамольскую вуліцай імя Элізы Ажэшкі. Гэта заява была разгледжана на паседжаньні дэпутатаў Луненскага сельскага Савету, якія аднагалосна пагадзіліся даць вуліцы Камсамольскай новую назву Элізы Ажэшкі.
Вуліца Камсамольская, раней Паштовая, па каторай хадзіла Эліза Ажэшка на пошту і ў госьці да Ромэраў
Але дарэмна цешыліся аматары творчасьці Элізы Ажэшка. Тры мясцовыя камуністы і «вэртыкаль» Мастоўскага раёна кінуліся абараняць назву вуліцы. Па мястэчку пачалі распаўсюджваць улёткі ў падтрымку Скідальскіх камсамольцаў!? Выдумалі, што вуліца названа ў іх гонар, чаго ніхто ніколі ня ведаў. У раённай газэце «Зара над Нёманам» былі надрукаваныя сфальсыфікаваныя матэрыялы на гэтую тэму. Галоўны Мастоўскі начальнік казаў: «Хто такая гэта Ажэшка? Што яна такое напісала хіба на польскай мове…?». У нецэнзурных выразах характарызавала маральнасьць прыватнага жыцьця пісьменьніцы загадчыца Луненскай бібліятэкі. Нарэшце адзін з камуністаў праціўнік перанайменаваньня вуліцы склаў сьпіс нязгодных і падрабіў у гэтым сьпісе подпісы. Паседжаньне сельсавета адбылося нанова, але абаронцы вуліцы Камсамольскай нават на яго не зьяўіліся. Ім гэта было ўжо непатрэбна. «Вэртыкальшчык» з Мастоў забараніў мяняць назву вуліцы. Не называю імёнаў «герояў» гэтых падзеяў у сувязі з тым, што ўсе яны маюць дзяцей і ўнукаў. На думаю, што для іх гэтая веды былі б прыемнымі.