Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 4

Спачатку быў лёд
Пачатак

Оглавление

У апошнія 5 мільёнаў гадоў на мясьціну, дзе мы жывём 5 разоў насоўваліся і адступалі ледавікі. Апошні раз ледавік пакінуў нашу мясцовасьць 14 тысяч гадоў таму назад. Разам з ледавіком адышлі холадалюбівыя жывёлы, найважнейшыя для першабытных людзей – мамант і валасаты насарог. Паляваньне на гэтых волатаў забясьпечвала людзей ежай, скурай для адзеньня і жытла, вялікія косьці таксама выкарыстоўваліся ў будаўніцтве, з меншых рабілі прылады працы і ўжывалі як паліва. Таму людзі вандравалі сьледам за мамантамі, якія вандравалі за ледавіком. Першымі паляўнічымі на мамантаў былі нэандэртальцы. Так іх назвалі вучоныя па назьве мясцовасьці, дзе знайшлі іх жытло. Па невядомай прычыне 40—35 тысяч гадоў таму назад нэандэртальцы поўнасьцю зьнікаюць. І каля 26 тысяч гадоў да новай эры (да Нараджэньня Хрыстова) на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо знаходзіліся краманьёнцы – другая галіна першабытнага чалавека. 10 тысяч гадоў таму назад заканчваецца ледавіковая эпоха. Валасаты насарог і маманты зьнікаюць. Асноўным аб’ектам паляваньня становіцца паўночны алень. Кліматычныя зьмены холаду і цяпла прымушаюць людзей прыстасоўвацца, вынаходзіць спосабы захаваньня жыцьця, робяць іх больш разумнымі і ўмелымі. Яны выраблялі прылады працы з дрэва, косьці, крэмню, палявалі на дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, пясцоў, умелі рабіць сякеры, цёслы, глянцавальнікі, іголкі, нават тлушчавыя сьвечкі, вынайшлі лук і стрэлы.

7—6 тысяч гадоў да нашай эры вызваленыя ледавіком землі заняў лес – бярэзьнікі і хвойнікі, а пры пацяпленьні сталі расьці дубы, вольхі, асіны, арэшнік. Зьяўілася многа расьліннай ежы: лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, каранёў, грыбоў, ягад. Каб іх захоўваць патрэбен быў посуд, які сталі рабіць з гліны. Лес засялілі высакародны алень, тур, зубар, ласі, дзікі, казулі, мядзьведзі, птушкі. У рэках і азёрах было шмат рыбы, баброў.

Першабытныя людзі засялялі новыя землі, рухаючыся ўздоўж рэк, паволі засялілі ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краіны. Яны жылі ў паўзямлянках радавымі абшчынамі, займаліся паляваньнем, рыбалоўствам ды зьбіральніцтвам. Аснову абшчыны, якая налічвала 25—30 чалавек складалі родзічы па маці, таму гэты пэрыяд гісторыі называецца матрыярхатам. З родавых абшчын з цягам часу ўтварылася племя. Колькасьць насельніцтва ў сёньняшніх межах Беларусі магло быць каля 6000 чалавек.

Той час называюць каменным векам па матэрыялу прыладаў працы. Прыблізна 4 тысячы гадоў да нашай эры ў жыцьці першабытных людзей адбыліся вельмі важныя зьмены, або, як іх называюць, тэхналягічная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнікай апрацоўкі крэмню, пачаў шліфаваць прылады працы, навучыўся вырабляць гліняны посуд, вынайшаў лук і стрэлы, ткацтва. Дзякуючы гэтаму людзі сталі пераходзіць да аселага ладу жыцьця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю.

У найбольш зручных для жыльля мясьцінах рабілі свае паселішчы некаторыя абшчыны, ствараючы гнёзды, што добра відаць на карце стаянак каменна – бронзавых вякоў, выяўленых ля Песак, Мастоў, Дубна, Луна, на Нёмні, Шчары, Росі і Зяльвянцы.


Стаянкі каменнага і бронзавага вякоў


Паляваньне ажыцьцяўлялася разнастайнымі спосабамі. Рабілі аблавы з выкарыстаньнем агню і ям, высочваньнем з выкарыстаньнем масак. Але найбольш вытрымкі, сілы і выносьлівасьці патрабаваў гон —пераследаваньне жывёлы да яе зьнясіленьня. Для такога паляваньня зімой выкарыстоўваліся лыжы. Лукі рабілі з вяза, дуба, цеціва была даўжынёй 150—180 см. Стрэлы былі драўляныя або трысьняговыя, з крамянёвым наканечнікам, даўжынёй 70—90 см. Чалавек прыручыў сабаку і меў дамашнюю жывёлу: сьвіней, авечак, коз, коней. Незвычайна вялікую ролю ў жыцьці першабытнага чалавека адыграў крэмень, пра які Вольга Іпатава піша, як пра жывую істоту: «агонь у жылах крэмню».

Усё найбольш дасканалыя прылады працы першабытныя людзі рабілі з крэмню, які зьбіралі спачатку на паверхні, а потым сталі здабываць у шахце, бо на паверхні не было камянёў вялікіх памераў 30—40 см у папярочніку для вырабу сярпоў, сякер і іншых вялікіх памераў прылад.

Такія шахты былі па суседзтву з Лунай па сярэднім цячэньні Росі, каля пасёлку Краснасельскі.


Краснасельскія шахты


Для здабычы крэмню ў крэйдавай тоўшчы спачатку выкопвалі калодзеж – ствол дыямэтрам да 1,5 м і глыбінёй у залежнасьці ад заляганьня крэмню ад 2 да 8 м. Далей рабіліся падбоі да 1 мэтра даўжынёй. Даўжэйшыя не рабілі, каб пазьбегнуць абвалу. Разумней было выкапаць побач новую шахту. Выпрацаваныя шахты засыпалі друзам з суседніх шахтаў, застаўляючы месцы для майстэрні па апрацоўцы крэмню. На крэйдавых радовішчах Росі знаходзілася некалькі тысяч шахтаў. Тут была выраблена незьлічоная колькасьць крамянёвых вырабаў, найважнейшымі з якіх былі сякеры. Вырабы распаўсюджваліся на ўсё Панямоньне і па-за яго межамі. Такія сякеры знойдзены і ў Луна і знаходзяцца ў школьным музэі. Краснасельскія шахты, крэмнеапрацоўчыя майстэрні, паселішчы шахцёраў і майстроў, суседзкія стаянкі ўтварылі ідэальны комплекс, які існаваў некалькі тысяч гадоў, бо каменнымі сякерамі карысталіся нават у жалезным веку. Дзівіць сучасьнікаў, як правільна былі сканструяваны шахты, прадуманы спосаб здабычы крэмню, дасканаласьць шахцёрскага інструмэнту, некаторыя захаваліся да нашага часу, Якасьць яго гаворыць аб вельмі высокім узроўні першабытнай вытворчасьці, у якой існаваў прафэсійны падзел працы шахцёраў, майстроў па апрацоўцы крэмню і мянял, якія мянялі вырабы з крэмню на нешта іншае.


Крамянёвыя сякеры на стэндзе музэю Луненскай школы


Апрацаваўшы крэмень, першабытныя людзі, не маглі не адкрыць «агонь у жылах крэмню» – уласьцівасьць утварэньня іскры, а магчыма і лекавыя ўласьцівасьці, распрацаваныя цяпер Алесем Белакозам, стваральнікам Гудзеўскага літаратурна-краязнаўчага музэю.

Маё мястэчка Луна-Воля

Подняться наверх