Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 22
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
Вяртаньне на Радзіму
ОглавлениеПадарожжа было цяжкім і доўгім. З Омска вырушылі суднам, праз Уральскія горы перапраўляліся на конях, потым зноў на караблі да Ніжняга Ноўгарада. Адтуль чыгункай да Масквы і далей ужо да роднага краю. Эліза Ажэшка радасна вітала вяртаньне «кіргіскага караля» да Мінявіч.
«Гурточак наш пабольшваецца праз пасяленьне панства Каменьскіх, якія ўжо ад арэнды свае землі атрымалі і стала на ёй пасяляюцца», – пісала ў пісьме да Карловіча.
Ян Каменьскі адваяваў частку канфіскаванай маёмасьці для двух дачок, народжаных перад паўстаньнем.
«А зямля! Божа! (…) Я кожную расьліну, кожную кроплю вады, кожны яе камень любіў», – гаворыць яго словы герой рамана «Над Нёмнам». Калі ў 1888 г. – перадапошняе лета ў Менявічах—прыехала спадарыня Эліза Ажэшка над Нёман, астанавілася «100 крокаў» ад дому Каменьскіх «што нам спраўляе вялікую прыемнасьць, бо ёсьць высакародныя, мілыя і шчыра з намі пасябраваныя, засмуткавала, бачачы, як далёка жыцьцё зноў паўтарыла дзеі яе рамана, як Каменьскі, так як Бенекдыкт, з цяжарам ратаваў менавіта «Корчын». «Ён па дваццаці колькі гадох выгнаньня першы год на сваім кавалку зямлі гаспадарыць, але што скажу? Адразу паразу неўраджаю мець будзе, бо на палях ад вялікай сушы ўсё жаўцее і чарнее. Так вось лёсы спрыяюць сваім абранцам». 8 гадоў бітвы былі яшчэ перад Янам Каменьскім.
Вясною 1896 г. ужо горка пісала Эліза Ажэшка: «Мы ў гэтыя дні глыбока засмучаныя цяжкаю хваробаю многагадовага сябра нашага і многазаслужанага патрыёта спадара Яна Каменьскага. Яшчэ жыве, але на думцы лекара, не толькі дні, але гадзіны яго палічаны. Меншае нас тут меншае, а нашчадкі – на жаль – пад Волгай і Амурам».
Памёр 31 сакавіка. «…Знаходзімся пад смутным цёмным уражаньнем сьмерці Яна Каменьскага. Амаль не хочацца верыць, што яго больш не ўбачым.
Знаходзяцца ў нас дзьве яго дачкі, улюбёнае бядацтва ў жалобе, сплаканае і прыгнечанае».
А ў пісьме да свайго прыяцеля Леапольда Мэыэта пані Эліза пісала: «Уладальнік Мінявіч пан Ян Каменьскі разам з жонкай і дочкамі гэтым летам з Сыбіры вярнуўся. Знала гэтых людзей ад найраньнейшай маладосьці, з радасьцю іх сустрэла, але сапраўдную раскошу спраўляе багаты вобраз гэтага дзельнага і ўчцівага чалавека, праўдзівага мучаніка ідэі і любові, вітаючага па дваццаці некалькілетняй адсутнасьці роднае месца, адпачываючага ад кайданаў і падзямельляў катаржніка, ад лягчэйшых, але таксама цяжкіх пакутаў пасяленца, роднае паветра, родныя гукі і выгляды.
Быў гэта ў часах рэвалюцыйных адзін з найгарачшых і найуплывовых паплечнікаў справы люду на Літве, таму халопы віталі яго грамадою з узрушаючымі да глыбіні праявамі памяці і ўдзячнасьці».
«У глыбіні, над цёмнай калянадай пераплеценых гольлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусьцікамі травы.
Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
– Колькі? – ціха запытала.
– Сорак – адказаў…» – так апісвае Эліза Ажэшка месца пахаваньня 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч. Тут па яе вэрсіі пахаваны і Андрэй Карчыньскі—прататыпам якога стаў Ян Каменьскі.
Крыж на магіле 40 паўстанцаў у Мінявічах
А на магіле-кургане 40 паўстанцам, тымі, хто помніць і ганарыцца, пастаўлены памятны крыж. Сюды прыяжджаюць патрыёты з Польшчы, каб ушанаваць памяць змагароў за Свабоду і Вольнасьць. Заўсёды тут ёсьць кветкі і бела-чырвоныя стужкі. Але няма бел-чырвона-белых, ні чырвона-зялёных. Яшчэ не прыйшла пара, яшчэ не прачнуліся беларускія патрыёты…
Дызайнерам помніка ў Міневічах зьяўляецца Ядвіга Бачыньска, ініцыятарам – ксёндз Адам Рудніцкі, тагачасны парафіяльны сьвятар у Луне. «Па ініцыятыве сьвятара Адама Рудніцкага палякі, якія жывуць у Луне і ваколіцах, разам са студэнцкай моладзьдзю з Польшчы ўзяліся за будаўніцтва помніка. Помнік мы пабудавалі сваімі рукамі ў 1993 годзе да 130-годзьдзя Паўстаньня. […] Запіс пра падзею ёсьць у парафіяльнай кнізе Лунна ад 1993 года» – піша Ядвіга Бачыньска.
Але Ян Каменьскі выжыў. Адбыў катаргу і вярнуўся на радзіму. Пахаваны ён на парафіяльных могілках у Луна. Сьціплы помнік з надпісам: «Grób rodziny Kameńskich» патрабуе рамонту і дагляду. На жаль пакуль не прыходзяць на магілу паўстанца 1863 г. ні школьнікі, ні беларускія патрыёты. Варта было б стварыць такую традыцыю. Наведваюць магілу толькі сябры Зьвязу палякаў на Беларусі, прадстаўнікі Косульства РП і польскія турысты.
Помнік на магіле Яна і Лявоніі Каменьскіх на могілках у Луне
Між тым Эліза Ажэшка аб Паўстаньні на Беларусі піша: «Паўстаньне тут было больш зацятае, больш упартае чым у Каралеўстве. Самыя мужныя і шляхетныя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі. Засталіся за малым выключэньнем самыя слабыя, самалюбівыя і парадзілі, а пасьля выхавалі дзяцей пад чорнымі крыламі тэрору, у трывозе, у згрызьлівай турбоце, у прыніжэньні, у сумневе (…). Край наш заняла глухая цёмная ноч…».