Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля - Лявон Карповіч - Страница 8
Луна і Воля
Vola Warszowiensis
ОглавлениеСярод шматлікіх «воляў» непасрэднае дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля – вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сэнатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводзтваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сэнатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з Прусакамі, у 1831г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо ўзвышша спрыяла працы ветракоў.
Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі
У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы №54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец №57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.