Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 10

Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
Калі не станеце як дзеці

Оглавление

Крызіс пакліканняў у паслясаборным Касцёле пасрэдна альбо непасрэдна звязаны з дэмантажом і баналізацыяй літургіі. Гэта становіцца зразумелым усё больш і больш. Чаму ж тады традыцыйныя рэлігійныя ордэны і таварыствы апостальскага жыцця квітнеюць і выбухаюць пакліканнямі? Сэрца чалавека сумуе па найвышэйшым сэнсе і мэце жыцця, па смаку дасканаласці і святасці, а звычайная форма рымскага абраду не адказвае на гэтае прагненне. Праблему новай формы Імшы можна сфармуляваць даволі проста: яна не мае ані містычнай цішыні, характэрнай для старой ціхай Імшы, ані драматычнай прыгажосці, характэрнай для ўрачыстай спяванай Імшы. Яна не ззяе ані знешнім выразам трыумфальнага святкавання, ані ўнутраным вымярэннем сузіральнай малітвы. Таму яна не мае ані знешняга бляску, ані ўнутранай глыбіні старога абраду. У сваіх спробах быць усім для ўсіх яна не сталася нічым для нікога. У сваім імкненні дайсці да невядомага «сучаснага чалавека» яна стварыла пустэчу. Аднак ласка не зносіць пустэчы яшчэ больш, чым прырода.

Цягам дзесяцігоддзяў літургісты выступалі за адмысловыя «Імшы для дзяцей», і, паколькі людзі схільныя слухацца экспертаў незалежна ад таго, колькі ў іх прапановах здаровага сэнсу, многія парафіі ўвялі такія рэдуцыраваныя Імшы21. Смутная рэальнасць заключаецца ў тым, што стандартная новая Імша – гэта ўжо штосьці накшталт дзіцячай Імшы з яе спрошчанымі малітвамі, падручнікавай структурай і незмястоўнай празрыстасцю. Насамрэч – і гэта таксама горкая іронія, – новы абрад не здольны настолькі ж эфектыўна выхоўваць душы дзяцей, наколькі гэта робіць стары абрад. Уявіце сабе розніцу паміж дзіцём, якое бачыць традыцыйную ўрачыстую спяваную Імшу, і дзіцём, якое бачыць тыповую нядзельную парафіяльную Імшу. Кожны, хто разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі, здолее зразумець, якая з гэтых літургій, спалучаная з катэхізацыяй, дасць больш глыбокі доўгатэрміновы плён.

Мой сын, цяпер ужо юнак, дзіцём прысутнічаў на некаторых Трыдэнцкіх Імшах, але то быў час, калі мы не маглі знайсці спяваную Імшу, каб у ёй удзельнічаць. Калі яму споўнілася больш-менш сем гадоў, нам пашчасціла ўдзельнічаць у Missa cantata пасля больш чым гадавога перапынку. Калі мы вярнуліся дадому, ён узяў ліст паперы і без усялякіх просьбаў з нашага боку намаляваў тое, што ён бачыў на алтары (гл. ілюстрацыю). Заўважце, якім чынам адлюстраваны ключавы момант цэлебрацыі, прынашэнне ахвяры нашага Пана, і як перададзена неад’емная сакральнасць гэтага моманту: высокі келіх, перабольшаныя свечнікі, прыслугоўваючы звоніць у званкі, крыху схіліўшыся. Мой сын ніколі не маляваў Імшы Novus Ordo, нават самай пабожнай; магчыма, яна ніколі не ўражвала яго альбо не кранала так, як Трыдэнцкая Імша. Я ўжо чую, як літургічныя эксперты кажуць: «Ён не разумеў гэтай Імшы, бо ён не мог перакласці (і нават пачуць) кожнае лацінскае слова». Вам, літургічныя эксперты, якім так патрэбны глыток здаровага сэнсу, я адкажу: ён убачыў і бясслоўна ўхапіў самую сутнасць Імшы – велічны, таямнічы, прыцішаны і святы акт пакланення, засяроджаны вакол Цела і Крыві Хрыста. Калі ласка, адкажыце мне: што разумее і з чым выходзіць сямігадовае дзіця пасля тыповай англамоўнай парафіяльнай літургіі? Альбо не, не кажыце! Я лепш распавяду вам, што сказала мая дачка, якой тады было чатыры гады, калі яна ўбачыла як дарослая жанчына выконвала функцыю галоўнага міністранта: «Мама, мама, жанчыны-святары ўсё ж бываюць!» Нагода для спакойнай катэхэзы і ціхага абурэння. Такая літургія – гэта банкрут яшчэ да свайго пачатку; а пакуль яна не скончыцца, мы будзем сведкамі пародыі на каталіцкую Традыцыю. Толькі таямнічая прысутнасць Хрыста не дае ёй зрабіцца поўнай пародыяй.


Найвышэйшая «Імша для дзяцей» – я маю на ўвазе кожную асобу, ад малюткага хлопчыка да старога, якая хоча жыць пакліканнем духоўнага дзяцінства, а не тых, хто застаецца на дзіцячай ступені чалавечага развіцця, – гэта Трыдэнцкая Імша ва ўсёй сваёй прыгажосці, якая кожнага прысутнага аглушае артадаксальнасцю і кожнаму нашэптвае таямніцу. Калі вы хочаце мець поўны касцёл каталікоў, якія ведаюць, любяць і практыкуюць сваю веру, дайце ім літургію патрабавальную, глыбокую і дасканалую. Яны дарастуць да гэтага выкліку. Чаму ж гэтага не бачылі рэфарматары літургіі і чаму іх сённяшнія паслухмяныя прыхільнікі не бачаць, што людской душы патрэбна пэўная незразумеласць, бязгучная глыбіня, крыніца супраціву і цяжкасці, чужая веліч, якая рэзка кантрастуе са знаёмымі і павярхоўнымі справамі штодзённага жыцця? Чалавеку патрэбна гэта, каб ведаць, хто ён і чаму ён тут. Без гэтага ён умацуецца ў нігілістычным меркаванні, што штодзённае жыццё – гэта пастка, з якой ён ніколі не вызваліцца. Літургія дакладна не павінна быць лёгкадаступнай і зразумелай. Такімі павінны быць адносіны ў бізнэсе, а нашыя справы з Усемагутным Богам не могуць быць настолькі празрыстымі і нефармальнымі. «Я той, Які ёсць, а ты тая, хто не ёсць», – сказаў Пан св. Кацярыне Сіенскай. Літургія павінна перадаваць нам (або прынамсі мець магчымасць перадаваць) агромністае адчуванне ўніверсальнасці Бога і мізэрнасці чалавека ў тым выглядзе, у якім яны з’ядналіся ў неспасцігальнай таямніцы Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, недасяжнага перасячэння Усяго і Нічога ў шлюбе, які зрабіў Усё слугою Нічога, каб з Нічога пачало існаваць вечнае сяброўства з Усім. «Як жа гэта станецца, калі я мужа не ведаю?» – Я не ведаю, наколькі людскі патэнцыял можа ахапіць Бога, і нават пад натхненнем Духа гэта застаецца для мяне таямніцай, бо нішто з гэтага па-людску не мае «сэнсу», але ўсё ж яно мае нашмат больш сэнсу, чым усё, што калісьці прыходзіла ў галаву чалавеку. Гэта суцяшальная загадка, вакол якой традыцыйная літургія круціцца аж да пэўнай знямогі. Прыгадайце візантыйскі абрад з яго хвалепадобнымі паўторамі: «Госпадзе, змілуйся» і «Дай нам, Госпадзе»; паглядзіце на традыцыйны рымскі абрад з яго геаметрычнай харэаграфіяй, змястоўнымі перыядамі цішыні і драматычнымі жэстамі.

Таму давайце раз і назаўсёды пакінем абсурднае сцвярджэнне, што «людзі не могуць зразумець, што адбываецца на лацінскай Імшы, але ўсе разумеюць, што адбываецца на англійскай Імшы». Насамрэч самы нямыты, непісьменны селянін Сярэднявечча лепш ведаў, што адбываецца ў велічным прэзбітэрыі яго мясцовага касцёла. Гэты селянін, часткова з вітражоў, прыгажосцю і складанасцю якіх мы захапляемся дагэтуль, ведаў, што Бог памёр за яго, што Кроў Езуса змывае ягоныя грахі і што ўсё гэта цудоўным чынам прысутнічае ў Імшы. Селянін ведаў гэта лепш за сучаснага парафіяніна, які сядзіць у выбеленым касцёле сярод нязграбных прадметаў і не можа ясна вызнаць веру ў Сапраўдную Прысутнасць нашага Пана ў Эўхарыстыі, які блытае любоў з эмацыйнасцю і малітву з супольным спевам. Той від разумення, які сапраўды важны падчас Імшы, здольны набыць кожны вернік, які ўвойдзе ў сапраўдны касцёл на святую літургію: гэта інтуітыўнае разуменне таямніцы Уцелаўлёнага Слова, якое стала ежай для нас; разуменне адзінай і ўніверсальнай ахвяры Кальварыі, прысутнай сярод нас. Любое іншае «разуменне», незалежна ад актыўнасці ўдзелу, з’яўляецца ілюзіяй рэальнасці, скажэннем формы, адцягваннем увагі ад таго, што сапраўды мае значэнне. Імша на роднай мове – гэта зусім не гарантыя таго, што чалавек зразумее таямніцу Імшы. Наадварот, калі аправа цырымоніі абсалютна знаёмая, удзельнік можа лёгка падумаць, што ён да канца разабраўся ў сутнасці гэтай цырымоніі. Знаёмае робіцца руцінай, а руціна пачынае ігнаравацца. Наша ўласная мова – гэта зона камфорту, якая абараняе нас ад шоку Евангелля, ад скандалу Крыжа, ад прывабнасці невядомага. Я хутчэй пагадзіўся б на вялікую дозу чужароднасці, на несучасную музыку, на дзіўныя словы, на архаічную мову, на рытуальныя рухі, вельмі непрыстойныя для дэмакратычнага грамадства. Чалавек, кінуты ў такую сітуацыю, прынамсі ведае, што ён мае справу з чымсьці абсалютна адрозным і, магчыма, нашмат больш глыбокім, чым яго штодзённыя заняткі.

21

Мае артыкулы пра літургічную рэформу крытыкавалі за супярэчнасць самім сабе, таму што, кажуць, я эксперт, які пытаецца, ці варта давяраць літургічным экспертам. Аднак я ні ў якім разе не з’яўляюся «экспертам» у сэнсе чалавека, які настолькі захапіўся вузкай навуковай дысцыплінай, што страціў здольнасць бачыць цэльную карціну: Традыцыю і яе тэалогію. Я з гонарам лічу сябе аматарам, які імкнецца ісці крокамі Бенедыкта XVI, які таксама не з’яўляецца ані «літургістам», ані «літургічным экспертам» у сціслым значэнні. Дарэчы, менавіта таму самазваныя эксперты ўплывовых колаў зазвычай адкідваюць меркаванні Папы Бенедыкта на тэму літургіі.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх