Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 13

Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Слова супраць шматслоўнасці

Оглавление

Рэфармаваная рымская літургія ў тым выглядзе, у якім яна цэлебруецца сёння ў большасці касцёлаў, вельмі часта рэцытуе прадпісаныя тэксты і вельмі мала спявае тыя ж тэксты, а таксама ўключае ў сябе надта мала цішыні – найлепшага спадарожніка спеву. У Боскай літургіі св. Яна Хрызастома падчас набажэнства выкарыстоўваецца вельмі вялікая колькасць літургічнага тэксту, нашмат больш, чым у Трыдэнцкай літургіі, аднак увесь гэты тэкст успрымаецца роўна, таму што, з аднаго боку, вернікі і кантары спяваюць большую яго частку, а з іншага боку, у алтарнай частцы святыні святары і дыяканы ціха рэцытуюць іншыя малітвы. Кожны ведае альбо можа лёгка даведацца, што гэта за «прыватныя» малітвы, таму не ствараецца ўражання непраходнага раздзелу паміж духавенствам і свецкімі вернікамі. У выніку ствараецца такі эфект, нібы з розных крыніцаў, як дым кадзіла, уздымаецца адзіная хваля малітвы на хвалу Найвышэйшага Бога. Тое самае датычыцца ўрачыстай спяванай Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. На ёй многія літургічныя тэксты спяваюцца ўголас (антыфоны, Kyrie, Gloria, Пасланне, Евангелле і г. д.), тады як святар і іншыя служыцелі ціха прамаўляюць свае ўласныя малітвы. Рымская Імша больш стрыманая і ўмеркаваная, чым яе візантыйскі аналаг, аднак іх падабенства можна лёгка бачыць у паэтычнасці жэстаў, у паліфоніі і шчыльнасці малітваў, у прыгажосці ўбрання і спеваў, у агульнай атмасферы боскай таямніцы.

У параўнанні са сваім сучасным аналагам, традыцыйная Імша з’яўляецца парадаксальнай літургіяй, бо яна мае больш тэксту, але менш шматслоўнасці. Калі паглядзець у кнігі, там будзе больш малітваў, больш лексікі, аднак, несумненна, агульнае ўражанне будзе такім, быццам шматслоўнасці, «тэкставасці» ў гэтай Імшы менш, чым мы адчуваем у выпадку Novus Ordo. Растлумачыць гэты парадокс даволі лёгка. Па-першае, як і ў выпадку ўсіх традыцыйных літургій, незалежна ад абраду, у usus antiquior ёсць шмат малітваў, якія святар чытае ціха альбо прыцішана, пакуль адбываюцца іншыя рэчы альбо гучаць спевы. Novus Ordo са сваім рацыяналізмам, характэрным для ўсіх навінак, патрабуе, каб амаль усё прамаўлялася гучна і, што яшчэ горш, абвяшчалася ўсяму свету. З-за гэтага ўся Імша можа выглядаць, як пабожная прамова, асабліва ў касцёле з мікрафонамі, гаманлівым цэлебрантам альбо і тым, і іншым.

Па-другое, малітвы класічнага рымскага абраду нашмат больш устойлівыя, прадказальныя, паэтычныя і глыбокія. Гэта азначае, што святар і люд даволі моцна прывыкаюць да іх, аднак знаходзяць іх бясконца багатымі ў змесце. Чым больш іх паўтараеш, тым лепшымі яны становяцца. Хто ж будзе аспрэчваць, што адной з найбольш любімых якасцяў традыцыйнай літургіі з’яўляецца тое, што яе можна вельмі добра спазнаць? Вы ведаеце, што ідзе наступным, і вы ведаеце, што вам гэта патрэбна; ваш закеўзаны імшалік робіцца вашым сябрам; вы асцярожна і з ўдзячнасцю ўваходзіце ў дух літургіі, а яна кіўком кліча вас, каб зноў падзяліцца сваімі сакрэтамі. У гэтым сэнсе традыцыйная Імша прадстаўляецца як ціхае, зыркае святло, у якое чалавек можа ўвайсці, увабраць яго, аддацца яму. У новай жа Імшы ландшафт, надвор’е і дарожныя знакі пастаянна змяняюцца ў залежнасці ад выбару таго ці іншага набору варыянтаў; там і тут з’яўляюцца спантанныя каментары, чытаюцца кепска ўкладзеныя малітвы вернікаў і г. д.; у ёй надта мала таго, што з дня ў дзень застаецца нязменным. Найгоршы вынік з гэтага ўсяго такі, што пра медытацыю можна забыцца.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх