Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 6
Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
Страх перад рытуалам
ОглавлениеАдной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Can’t Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не з’яўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца…» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»
На працягу доўгага часу мяне вельмі здзіўляла, што так мала людзей адчуваюць абсалютную несумяшчальнасць рытуальных манер і спосабаў звароту са штодзённымі. Калі ж я лепш абдумаў сваё меркаванне наконт беспарадку сучаснасці, мне стала больш зразумела, наколькі антырытуальным і антырэлігійным зрабіўся наш свет. Усё, што знаходзіцца па-за камфортнай зонай штодзённых дзелавых размоваў і задавальнення, сталася чужым, небяспечным і пагрозлівым, і таму людзі пазбягаюць гэтай зоны непадабенства, як толькі могуць. Каталіцкая літургія, цалкам засяроджаная на сакральных, неспасцігальных, таямнічых рэчах, стаіць на дыяметральнай адлегласці ад менталітэту заходняга «рынку ідэй»; яна ідзе супраць паўсюднага сучаснага вобразу жыцця, заснаванага на патуранні матэрыялізму. Усялякая традыцыйная літургія, падчас якой вочы і душы засяроджваюцца на тым, што вышэйшае і далёкае, з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай для трыумфу эгаізму – эгаізму, які ўрад, школьная сістэма і прыватны сектар усімі сіламі імкнуцца прынесці ў кожны горад і ў кожны дом. Слоган «уратуй літургію, уратуй свет» ніколі дагэтуль не здаваўся мне такім трапным7.
Трэба ясна сказаць, што ў сучасным свеце вялася вайна супраць мучаніцкага сэнсу, які кажа, што абсалютная праўда вартая таго, каб за яе памерці, каб дзеля яе ўсё пакінуць. Адным з галоўных заданняў нігіліста Жан-Поля Сартра было пераканаць сваіх чытачоў, што не існуе «праўды», якой можна служыць, пакланяцца і за якую можна памерці, альбо, кажучы іншымі словамі, што адзіным сэнсам жыцця з’яўляецца служэнне сваёй «праўдзе». Вайна супраць найвышэйшай, трансцэндэнтнай значнасці таксама праявілася ў наданні літургіі гарызантальнага характару і ў яе секулярызацыі. У многіх выпадках літургічныя цэлебрацыі больш не праяўляюць глыбокай засяроджанасці на Богу і не пераймаюцца духоўнымі рэаліямі: анёламі і святымі, ласкай, грахом, небам, пеклам. Вернасць духоўнай праўдзе – гэта мучаніцтва для цялеснага эга: калі чалавек сапраўды верыць у вышэйшыя праўды веры, ён павінен утаймоўваць «цела», пад якім у дадзеным выпадку я маю на ўвазе заганную людскую схільнасць апашляць, занядбоўваць, забывацца і павярхоўна ставіцца да догматаў і рытуалаў веры. Кожная фраза традыцыйнай Імшы вартая таго, каб за яе памерці, таму што кожная фраза прыносіць нам (і прыносіць нас да) Хрыста Пана. У той момант, калі чалавек глядзіць на яе проста як на людскі канструкт, які можна лудзіць і на якім можна выпрабоўваць законы сацыяльнай інжынерыі, ён траціць мучаніцкую паставу ў адносінах да Традыцыі і да праўды, якою адзначаліся ўсе святыя нашага святога Касцёла. Ці можаце вы хоць на момант уявіць сабе, каб св. Аўгустын, св. Тамаш Аквінскі, св. Францішак Сальскі або св. Пій з П’етрэльчыны гуляліся з тэкстам Імшы альбо засядалі ў камісіях, разважаючы над стварэннем новых эўхарыстычных малітваў? (Адна прымаўка кажа: «Бог так палюбіў свет, што ён не спаслаў камісію». ) Святыя з удзячным сэрцам прымалі тое, што было ім перададзена, і выкарыстоўвалі гэта для асвячэння свайго жыцця. Яны былі гатовыя тлумачыць і абараняць малітвы і практыкі сваіх продкаў, нават калі гэта азначала катаванні і смерць ад рук няверных і ерэтыкоў.
Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу8. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі – каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сур’ёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні9, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя з’яўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.
Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сур’ёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сур’ёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.
7
Трэба таксама сказаць, што сустракаецца такая заклапочанасць рытуалізмам, што яна змяншае радасць, запал і любоў, характэрныя для здаровага хрысціянскага духоўнага жыцця. Прыхільнікі Традыцыі могуць таксама спазнаваць пагрозу псіхалагічнай фрагментацыі, калі тое, што адбываецца ў касцёле, амаль не аказвае ўплыву на іх спажывецкі стыль жыцця і неакансерватыўную ідэалогію. Аднак тут я стаўлю сабе за мэту не дыягназаваць памылкі і адхіленні ў традыцыяналістычным руху, а наадварот, паказаць, што яго асноўны інстынкт – жаданне пакланяцца Богу найлепшым спосабам, які дала нам глыбокая і багатая Традыцыя – з’яўляецца здаровым. Рэлятывізм тут не мае апошняга слова: пэўныя звычаі, рытуалы, сакральныя спевы і г. д. насамрэч з’яўляюцца аб’ектыўна больш прыгожымі і больш адпаведным для Божай службы, чым іншыя.
8
Міжнародная камісія па справах англійскай мовы ў літургіі (ICEL, International Commission on English in the Liturgy) – камісія, устаноўленая біскупскімі канферэнцыямі некаторых краін для каардынацыі сумеснай працы па перакладзе літургічных кніг з лацінскай мовы на англійскую. – Заўв. перакл.
9
Анібале Буньіні (1912—1982) – італьянскі арцыбіскуп, адзін з архітэктараў паслясаборнай літургічнай рэформы. У 1964—1969 гг. выконваў функцыю сакратара Камісіі па ажыццяўленні Канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію; у 1969—1975 гг. працаваў сакратаром Кангрэгацыі Божага культу; у 1976—1982 гг. займаў пасаду апостальскага пранунцыя ў Іране. – Заўв. перакл.