Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 18

Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Рэформа, якая падманула чаканні Сабору

Оглавление

Калі звярнуць увагу на прычыны, па якіх св. Ян ХХІІІ склікаў Другі Ватыканскі сабор – каб паяднаць з Касцёлам усіх яго марнатраўных сыноў і дачок і выйсці насустрач сучаснаму свету, які, здавалася, прагнуў сэнсу, жадаў праўды і чакаў, калі яго саб’е з ног хрысціянскае сведчанне пра сапраўдную годнасць чалавека – то нельга не прыйсці да высновы, што наўрад ці можна было зрабіць горшую рэч, чым змяніць літургію так, як яе змянілі. Сур’ёзныя маладыя людзі, якіх я сустракаў, прагнуць містычнага, таямнічага, «іншага», адным словам, сакральнага, у якім бы абліччы яны яго ні знайшлі; яны прагнуць сімвалічнага рытуалу. Да нядаўняга часу такія рэчы знаходзіліся ў Касцёле пад забаронай на працягу сарака гадоў ці больш. Колькі разоў я бачыў захапленне і трымценне, з якімі людзі майго ўзросту альбо маладзейшыя (гэта значыць народжаныя пасля 1970 года) рэагавалі на сваю першую ўрачыстую спяваную Імшу! Старажытная рымская літургія дае магутны адказ на іхнія найглыбейшыя духоўныя жаданні, што яна заўсёды рабіла для вернікаў цягам стагоддзяў і таксама падчас «навуковых» ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі так шмат канвертытаў прыйшло ў Касцёл дзякуючы яго літургіі.

Ёзаф Піпер так каментуе гісторыю, якая распавядаецца ў платонаўскім «Федры» пра міфічнага Тамуза, вынаходніка алфавіта:

Гэтая гісторыя… прыводзіць да вечна актуальнай высновы, што тэхнічныя вынаходніцтвы, якія, на першы погляд, спрашчаюць удзел чалавека, у рэальнасці і сапраўднасці робяць адваротнае: яны перашкаджаюць і, магчыма, нават знішчаюць гэты ўдзел. Прастата камунікацыі знішчае сапраўдную камунікацыю33.

Канстытуцыя Sacrosanctum concilium заклікала да простых і ясных абрадаў, якія амаль не будуць патрабаваць тлумачэння. Нават з такім неадназначным крытэрыем класічны рымскі абрад катэхізуе больш эфектыўна, чым яго наступнік, без патрэбы ў настаўленнях, інструкцыях і тлумачэннях па-за межамі гаміліі. Па сваім характары, у сваіх малітвах, рытуалах, велічы, цішыні, ва ўсім сваім ансамблі элементаў Трыдэнцкая Імша з’яўляецца містагагічнай катэхэзай – нашчадкам шчаслівага саюзу паміж высокай тэалогіяй Айцоў Касцёла і інтэнсіўнай манаскай і народнай пабожнасцю ранніх стагоддзяў. Яна вучыць прыкладам, знакам і сімвалам; яна вучыць словам, малітвамі і чытаннямі, багатымі і нязмернымі, але не празмернымі. Той, хто год за годам прыходзіць на старую Імшу, заўсёды здолее атрымаць больш пладоў з багатага саду Касцёла.

Літургічныя рэфарматары заяўлялі, што іх адзіным намерам было даць людзям грунтоўнае духоўнае выхаванне – як быццам у нас яшчэ не было яго ў агромністай колькасці. Замест гэтага мы атрымалі кепскую сучасную ежу, якая не можа падтрымліваць жыццё. Мы атрымалі каталікоў, які супраціўляюцца гатаванню Камісіі на вячэры Традыцыі. Аднаўленне традыцыйных заходніх літургій, беручы шырока, з’яўляецца ўмовай выжывання каталіцтва. Традыцыяналістычны рух, заахвочаны заканадаўствам і прыкладам Бенедыкта XVI, благаслаўлёны хуткім прыростам прыхільнікаў, займае пачэснае месца на пярэднім фронце сапраўднай рэформы і адновы, якія заключаюцца перадусім у руплівай любові да Божага дома, да месца, дзе прабывае Яго слава (Пс 69:9, Ян 2:17, Пс 26:8), а таксама ў вернасці нашай слаўнай спадчыне, нашаму праву наследавання ў Хрысце Езусе.

33

«Enthusiasm and Divine Madness: On the Platonic Dialogue «Phaedrus», перакл. Richard Winston і Clara Winston (South Bend, IN: St. Augustine’s Press, 2000), 101, цыт. «Phaedrus» 274c5.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх