Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 16
Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Закон спадаючай даходнасці
ОглавлениеПрыняцце Novus Ordo і фактычнае скасаванне грыгарыянскай літургіі было асабліва неразумным з «экуменічнага» пункту гледжання28. Класічная літургія кідае выклік. Яна пытаецца: ці верыш ты ў тое, у што верыць Касцёл, ці не? Сама яе форма патрабуе адказу, і многія канвертыты прыйшлі ў Касцёл дзякуючы яго культу, таму што ён змусіў іх зрабіць выбар. Перагледжаная ж форма Імшы паводле задумы мае ў сабе пратэстанцкі элемент29. Які-небудзь пратэстант на новай Імшы можа нават адчуваць сябе настолькі ж камфортна, наколькі ён адчувае сябе на сваёй службе. Адпаведна, для пратэстантаў існуе значна менш сэнсу навяртацца, значна менш сэнсу захапляцца Верай у яе адрознасці і паўнаце праўды. Чаму ж у той перыяд гісторыі, калі пратэстанты альбо знікаюць у ліберальным прыцемку багоў, альбо вяртаюцца да сціслых лютэранскіх і кальвінісцкіх памылак, мы маем ласкавасць іх імітаваць? Ці ж не павінны мы хутчэй паказаць нашую любоў да несмяротных душаў нашых аддзеленых братоў, запрашаючы іх далучыцца да адзінага сапраўднага Касцёла, заснаванага Хрыстом на скале св. Пятра, і пакланяцца Богу так, як гэта рабілася ў згодзе з дзвюма тысячамі гадоў Традыцыі?
Уявім сабе яшчэ больш трагічны выпадак усходняга праваслаўнага хрысціяніна. Калі ён хоць крыху бесстаронна паставіцца да Захаду, ён зможа пабачыць у традыцыйнай малітве Заходняга Касцёла штосьці старажытнае, урачыстае і прыгожае, прысутнасць духу ранняга Касцёла, эпоху мучанікаў і вызнаўцаў. «Не можа любіць той, – заўважае Арыстоцель, – каму найперш не спадабалася тое, што ён убачыў». Але наш дэмантаж і інавацыі толькі пацвердзяць суровы прысуд, вынесены праваслаўнымі тэолагамі, што Заходні Касцёл знаходзіцца пад уладай рацыяналізму, які з’яўляецца крыніцай пошасці мадэрнізму. Для праваслаўнага галоўная праблема, звязаная з Захадам, гэта тое, што нашая тэалогія – гэта «тэалогія мысліцеля»: мы ствараем новыя тэорыі, пачынаем іх любіць і затым пачынаем змяняць нашы звычаі, практыку і нават нашу літургію, каб яны адпавядалі гэтым тэорыям. На Усходзе першаснае значэнне мае Традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне; гэта павінна быць канчатковай мерай нашых цяперашніх унутраных паставаў і думак, і калі акажацца, што мы адыходзім ад гэтага альбо супраціўляемся гэтаму, мы павінны пакаяцца і навярнуцца. Сёння, бачачы, як лёгка перамяняецца ў сляпую пыху пастава «гары Афон», я не хвалю праваслаўных за іх вернасць Традыцыі; у некаторым сэнсе, яны здрадзілі ёй яшчэ больш, чым гэта зрабіў Захад. Чым я захапляюся, дык гэта іх фундаментальнай паставай адносна спадчыны, якую яны атрымалі: яны жадаюць быць вернымі ёй як каштоўнаму Божаму дару, і менавіта гэта і ёсць духоўна здаровая пазіцыя – значна лепшая, чым пазіцыя заходніх «рэфарматараў» ці то XVI, ці то XX стагоддзя, для якіх каталіцкая Традыцыя – гэта штосьці накшталт рынку, на якім кожны выбірае інгрэдыенты на свой густ.
Як жа мы маглі яшчэ больш аддаліцца ад візантыйскай Боскай літургіі якраз у той момант, калі ў адносінах з праваслаўнымі пачало праяўляцца ўзаемапаразуменне, якога не існавала стагоддзямі? Нягледзячы на вялікую і відавочную знешнюю розніцу па сваім духу старажытная літургія, асабліва калі яна цэлебруецца ў форме ўрачыстай спяванай Імшы, вельмі зразумелая для ўсходніх хрысціянаў. Яна размаўляе на той жа мове пашаны, урачыстасці і прыгажосці. У сваіх падарожжах я заўважыў пацвярджэнне гэтаму, бо ўсходнія біскупы, святары і манахі былі больш прыхільныя і сяброўскія да тых заходніх кляштараў, якія захоўваюць першынство літургіі, спеву і іншых сакральных сімвалаў, а таксама сур’ёзна і аддана жывуць пакліканнем сузірання30.
Такім чынам, несумненны паслясаборны крызіс можна ў вялікай ступені аднесці да літургічнай рэвалюцыі, да дэмантажу традыцыйнага культу Каталіцкага Касцёла. Імша з’яўляецца квінтэсэнцыяй веры; калі яна моцная, жыццё вернікаў будзе засяроджана на Уладару і Цэнтры ўсіх сэрцаў, нашым Пану Езусе Хрысце. Калі яна моцная, таксама будзе моцным і місіянерскі імпульс: жаданне прывесці пратэстантаў у паўнату веры праз іх асабістае навяртанне, жаданне шукаць сапраўднай еднасці паміж Усходам і Захадам, заснаванай на супольнай духоўнай спадчыне.
28
Больш падрабязнае абмеркаванне ўзнятых тут пытанняў гл. у раздзеле 11.
29
Праца кардынала Атавіяні шырока вядомая, але ён далёка не адзіны, хто падазраваў існаванне пратэстанцкага ўплыву на Novus Ordo. Два найбольш глыбокія даследаванні тэалагічных зменаў у літургічных тэкстах: Lauren Pristas, «Collects of the Roman Missal: A Comparative Study of the Sundays in Proper Seasons Before and After the Second Vatican Council» (London: T&T Clark, 2013) і Anthony Cekada, «Work of Human Hands: A Theological Critique of the Mass of Paul VI» (West Chester, OH: Philothea Press, 2010). Хоць я згаджаюся не з усімі аргументамі і вывадамі кс. Сікейды, несумненна, і ён, і д-р Прыстас прадэманстравалі, што пры дапамозе зменаў ці выкрэслівання элементаў, якія маюць доўгую гісторыю ў рымскім абрадзе, Камісія мела намер змяніць – і фактычна змяніла – тэалогію, якую літургія Імшы пераказвае Божаму люду.
30
Мае каментарыі таксама датычацца тых рэдкіх месцаў (напрыклад, кляштара Хайлігенкройц ці араторыяў у Лондане, Оксфардзе і Вене), дзе спосаб цэлебрацыі новай літургіі настолькі адпавядае старой літургіі, што чалавек (напрыклад, усходні манах, які наведвае кляштар), не зусім добра знаёмы з рымскім абрадам, наўрад ці зможа заўважыць розніцу.