Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 19

Раздзел 3. Сімволіка цішыні і пустаты

Оглавление

Адзін з аспектаў, які мы павінны развіваць у сваіх супольнасцях з большай стараннасцю, гэта досвед цішыні. «Калі мы хочам прыняць у свае сэрцы поўны водгук голасу Духа Святога і больш цесна з’яднаць нашу асабістую малітву са Словам Бога і з публічным голасам Касцёла», нам патрэбная цішыня. У грамадстве, жыццё якога цячэ ва ўсё больш хуткім тэмпе і часта заглушаецца шумам і зводзіцца прамінаючымі рэчамі, жыццёва важна зноў адкрыць каштоўнасць цішыні. Распаўсюджанне – таксама і па-за межамі хрысціянскага культу – практык медытацыі, якія аддаюць перавагу разважанням, не з’яўляецца выпадковым. Чаму б не пачаць з педагагічнай адвагай адмысловае навучанне цішыні ў межах асабістага хрысціянскага досведу? Будзем жа трымаць перад вачыма прыклад Езуса, Які «выйшаў і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся» (Мк 1:35). Літургія са сваімі рознымі момантамі і сімваламі не можа ігнараваць цішыню.

Ян Павел ІІ34

У старажытнай рымскай літургіі сама цішыня з’яўляецца сімвалам. Як навучае Дыянісій Арэапагіт, мы найбольш набліжаемся да спазнання Бога тады, калі цалкам адмаўляемся ад сваіх недасканалых канцэпцый і пагружаемся ў «прыцемнае святло» Бога праз інтэнсіўны сакрамэнтальны культ35. Дыянісій пагадзіўся б з кс. Дэвідам Вінсэнтам Меконі: «Цішыня з’яўляецца самым забытым імем Бога. Наш свет зрабіўся надта гучным, каб ацаніць такі спосаб пакланення, як цішыня»36. У сваёй красамоўнай абароне традыцыйнай Імшы Дзітрых фон Хільдэбранд часта кажа пра тое, што кожнаму акту малітвы павінна папярэднічаць пастава пашаны; ён звяртае ўвагу на ўздзеянне цішыні на душу чалавека, якая пасля падзення схіляецца да знаходжання ў пастаянным шумным руху. Літургія з’яўляецца прыкладам таго, калі цішыня прамаўляе гучней за словы. Цішыня – гэта паўната мовы, паўната Божага Логасу, Які ў сваёй боскасці з’яўляецца бязмоўна зразуметым Словам Айца. І менавіта таму св. Тамаш Аквінскі, адзін з самых шматслоўных і, напэўна, найбольш таленавіты тэолаг Касцёла, не скончыў свой шлях служэння Слову, хутка накідаўшы яшчэ адзін трактат ці разгледзеўшы яшчэ адно цяжкое пытанне; ён па-дзіцячы ўвайшоў у аазіс маўклівага захаплення. Раней мы ўжо бачылі, як Ёзаф Піпер інтэрпрэтуе паваротную візію, якую св. Тамаш меў падчас Імшы 6 снежня 1273 года:

Апошнім словам св. Тамаша з’яўляецца не паведамленне, а цішыня. Але пяро з ягонай рукі вырвала не смерць. Ягоная мова змоўкла з-за вельмі глыбокага прабывання ў таямніцы Бога. Ён змаўкае не таму, што яму няма чаго сказаць; ён змаўкае таму, што яму было дазволена зазірнуць у невыказную глыбіню той таямніцы, якой людскі розум і людская мова не могуць асягнуць37.

Цішыня Трыдэнцкай літургіі38 дае хрысціянскай душы прастору, каб засвоіць таямніцы, якія Бог ёй міласціва адкрывае; прастору, каб паразважаць над тым, як Езус прыходзіць да нас у невыказным дары Эўхарыстыі. Тыя, хто прызвычаіўся да класічнага абраду Імшы, ведаюць, як у той самай драме, якая разгортваецца ў прэзбітэрыі, можна ясна і жыва на свае вочы ўбачыць, як Езус, Ягнё Божае, «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення» робіць сябе прысутным на алтары ахвяры. Ахвярны характар Імшы ясна прадстаўлены ўпрыгожваннем алтара, паставай святара і годнай урачыстасцю рубрык – усё гэта настойліва вяртае розум да mysterium fidei. Важнасць цішыні ва ўсім гэтым цяжка пераацаніць, бо яна выконвае сапраўдную літургічную ролю; гэта не проста дадатак. Цішыня патрэбная якраз для таго, каб дазволіць вернікам усвядоміць паўторнае аднаўленне ахвяры Кальварыі, раскрыць прастору сваіх сэрцаў і прыняць яе плёны, зрабіць розум Хрыста сваім розумам, з’яднаць свае думкі і жаданні з боскай Ахвярай – і з ёю зрабіцца прынашэннем Трыадзінаму Богу39. У суцішанай душы, падрыхтаванай для свайго Пана, Ён знойдзе – Ён створыць – месца, дзе зможа адпачыць з намі. Гэта абавязкова неабходна найперш для заходняга чалавека, які заўсёды знаходзіцца ў руху і баўбатні, якія пры дапамозе тэхналагічнай інвазіі атупляюць душу і ізалююць яе ў сацыяльным сэнсе. Людзі, якія амаль што залежаць ад таго, каб мітусіцца і ствараць шум, яшчэ больш патрабуюць магчымасці спыніцца, набраць паветра, суцішыцца, засяродзіцца ў цішыні, паслухаць, пабыць з Панам, а часам і ўкленчыць перад Ім у паставе пакоры і слабасці.

34

Пасланне Spiritus et Sponsa на 40-ю гадавіну канстытуцыі пра святую літургію Sacrosanctum concilium (4 снежня 2003 года), 13.

35

Гл. «The Ecclesiastical Hierarchy» у выд. «Pseudo-Dionysius, The Complete Works», перакл. Colm Luibheid (Mahwah, NJ: Paulist Press, 1987).

36

David Vincent Meconi SJ, «Silence Proceeding», Logos 5.2 (вясна 2002): 59—75, на с. 59.

37

Josef Pieper, «The Silence of St. Thomas», перакл. John Murray і Daniel O’Connor (New York: Pantheon Books, 1957), 45. Візія на свята св. Мікалая і яе значэнне абмяркоўваюцца ў маім артыкуле «Golden Straw: St. Thomas and the Ecstatic Practice of Theology,» Nova et Vetera 2 (2004): 61—89.

38

Зразумела, што ціхая Імша мае ўдосталь момантаў, калі пануе поўная цішыня, але нават нарматыўны і дасканалы спосаб цэлебрацыі – спяваная ці ўрачыстая Імша – калі яе цэлебруюць, добра адчуваючы літургію, можа і павінен таксама мець моманты цішыні. Арганістам і кіраўнікам хораў не трэба запаўняць кожны вольны момант гімнам альбо імправізацыяй. Гл. James Hitchcock, «The Voices of Silence in the Liturgy,» Communio 5, №4 (1978): 352—362.

39

Як у сваёй энцыкліцы Mediator Dei навучае нас слуга Божы Пій ХІІ: гл., між іншым, №№71, 80—81, 85—93, 98—99.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх