Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 14

Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Мова цяжкая і мова лёгкая

Оглавление

Гэта праўда, што ціхая Імша з’яўляецца той формай usus antiquior, у якой прысутнічае вялікая доля рэцытаванага тэксту, і гэта, вядома, не ідэал; нормай з’яўляецца ўрачыстая спяваная Імша, і калі б у Заходнім Касцёле ўсё было так, як павінна быць, то спяваных Імшаў было б нашмат больш, падобна як і ва Усходнім Касцёле Боская літургія заўсёды была спяванай. Тым не менш існуе істотнае адрозненне паміж рэцытацыяй ціхай Імшы і рэцытацыяй новай Імшы. Розніца заключаецца ў багацці і сталым характары старажытных тэкстаў, якія робяцца другой натурай таго, хто моліцца. Сама прырода слова на старой Імшы адрозніваецца з-за спосабу, якім яно прадстаўляецца, перадаецца, выказваецца, з-за ахінаючай яго цішыні, з-за шэпту, з-за пераходу паміж публічным і прыватным, знешнім і ўнутраным, з-за рытмічнага гучання псальмаў. Дзякуючы ўсім гэтым спосабам словы пранізваюць цішыню і нараджаюць медытацыю; Імша глыбока пускае карані ў душу асобы, як расліна пранікае ў зямлю. Тут «праблема» словаў пераўзыходзіцца самой літургічнай формай, даючы магчымасць гэтай падзеі з усімі яе словамі і цішынёю, з яе зменнымі і сталымі часткамі стаць благаслаўленнем любячага адказу на прапанову Езуса аб сяброўстве, на неспасцігальную міласэрнасць Бога, рэалізаваную на Крыжы. Рэцытаваная Імша з’яўляецца ціхай у сваіх словах і вымоўнай у сваёй цішыні. Яна кажа пра Узлюбленага і Узлюбленую, пра Жаніха і Нявесту – боскі раман, як называе яго св. Ян ад Крыжа, дзе і гарачы шэпт, і гучны спеў з’яўляюцца нашмат больш адпаведнымі, чым простая штодзённая мова.

Рэфармаваная рымская літургія, як па самім сваім укладзе, так і па распаўсюджаным цяпер спосабе яе цэлебрацыі, абясцэньвае цішыню і надае надта шмат увагі гуку, асабліва размове, слову чалавека, а не больш цяжкадаступнаму слову Бога. На многіх Імшах адбываецца поўны пераварот самой істоты літургіі, калі «літургія Слова» значна пераважае ў прапорцыях і годнасці літургію Эўхарыстыі. Часам гамілія ўсё цягнецца і цягнецца, тады як Канон Імшы, самая сакральная яе частка, доўжыцца ўсяго некалькі момантаў, бо зазвычай, каб Імша не займала зашмат часу, выкарыстоўваецца ІІ эўхарыстычная малітва. Многія святары не ўсведамляюць сабе вялікую недарэчнасць гэтага дысбалансу. Для грунтоўных зменаў нам спатрэбіцца новае пакаленне святароў, якія дзякуючы традыцыйнай літургіі навучацца, што павінна стаяць на першым па важнасці месцы і што мае знаходзіцца на перыферыі: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (Ян 3:30).

Як рэлігійны рытуал, новая Імша здзіўляе сваёй дробнасцю. Падрыхтоўка ў пачатку Імшы нязначная, нотка пакаяння настолькі слабая, што яе магла б заглушыць пралятаючая муха; першай частцы Імшы ад пачатку да першага чытання балюча не хапае засяроджання на тым, хто такі Бог, хто такія мы і што ўвогуле будзе адбывацца. Ад словаў прывітання і далей пануе лёгкая атмасфера, гарызантальны настрой і размоўны рэжым. Параўнайце гэта з радком, які прамаўляецца напачатку Трыдэнцкай Імшы з адначасовым выкананнем знакам крыжа: «Дапамога нашая ў імені Пана, Які стварыў неба і зямлю». Акрамя таго, што гэты радок яўна прызнае, што Бог з’яўляецца Творцам сусвету, ён насамрэч яшчэ больш кажа штосьці пра душу чалавека, пра яе бездапаможнасць, пра яе патрэбу ў Богу. Дзе ў Novus Ordo тая ж патрэба, тая ж туга, тая ж мальба да Найсвяцейшай Тройцы? У літургічнай мове новай Імшы практычна адсутнічае вага, змест і сур’ёзнасць, якія павінны быць у гэтым месцы. Нават выкарыстанне біблійнай мовы і фразеалогіі на працягу ўсёй літургіі было вычышчана і перанесена ў рацыяналістычны, масіўны лекцыянарый, з якім літургія амаль не звязана і які не надаецца да запамінання.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх