Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 15
Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека
Усепаглынаючая малітва
ОглавлениеАднойчы ў Еўропе я ўдзельнічаў у адной літургіі: яе цэлебраваў святар, які размаўляў па-нямецку, але я не вельмі добра яго разумеў, таму што яго вымаўленне адрознівалася ад таго, што я вывучаў у школе. Я больш-менш разумеў, пра што ён кажа, але дэталі губляліся. Аднак гэта аказалася цікавым адукацыйным досведам. Пабыўшы пасіўным адбівацелем гуку, я вельмі добра зразумеў, наколькі вербальнай, манатоннай і аднароднай можа быць новая Імша. Уся яна ад пачатку да канца была амаль бесперапыннай плынню словаў. Дапаўняе ж карціну тое, што я таксама меў магчымасць прысутнічаць на многіх Трыдэнцкіх Імшах у Еўропе, і мой досвед быў цалкам супрацьлеглы: малітвы – о дасканалая разважлівасць і прастата! – былі тымі самымі незалежна ад роднай мовы святара; гэта было нібы вяртанне дадому, цёплае прывітанне, суцяшэнне; Імша была і адчувалася як паўторнае ўпрысутненне ахвяры Кальварыі, у якім я, нягодны грэшнік, мог удзельнічаць з усёй уважлівасцю маёй душы, у кампаніі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Яна і ўсёй супольнасці анёлаў і святых.
Хоць касцёльная іерархія працягвае рабіць выгляд, што паслясаборнага крызісу, звязанага з рэформай Імшала, няма і ніколі не было, шматпакутныя каталікі на зямлі вельмі добра ведаюць пра існаванне крызісу вялікага маштабу. Жудаснае падзенне наведвальнасці Імшаў не было выпадковым ці выкліканым толькі знешнімі фактарамі; у ступені большай, чым гэта асмельваюцца прызнаць пастыры Касцёла, яно было выклікана вельмі банальным набажэнствам з Камуніяй, якое, як здавалася, замяніла Найсвяцейшую Ахвяру. Гэты фактар паўплываў на многіх хісткіх вернікаў у 1970-я гады і канчаткова адштурхнуў іх ад наведвання Імшы.
Але былі і больш трагічныя выпадкі глыбока адданых каталікоў, якія любілі старую Імшу і былі скрушаны, здзіўлены, шакіраваны, абураны і раззлаваны раптоўнымі зменамі – тымі зменамі, што вырвалі іхнія сэрцы з найдаражэйшай для іх рэлігійнай практыкі і мелі нахабства ўстанавіць на яе месцы эрзац-рытуал, цырк эксгібіцыянізму. Цягам гадоў я размаўляў з многімі такімі адкінутымі каталікамі – людзьмі, якія ніколі не змогуць забыцца пра тое, што святары і біскупы зрабілі з каталіцкім жыццём і культурай, з Імшою, з верай. Літургічная рэформа пакінула па сабе незлічоныя магілы параненых і зламаных душаў, пра пакуты якіх – ці то страту веры, ці то гераічнае захаванне веры – мы даведаемся толькі ў наступным свеце, на Апошнім судзе, калі ўсё схаванае будзе зроблена яўным.
З сацыялагічнага пункту гледжання, рэзкі спад у наведвальнасці Імшаў быў нармальнай і прадказальнай рэакцыяй на хутка і радыкальна перагледжаную літургію, якая моцна супярэчыла папярэдняй Традыцыі, але іронія заключаецца ў тым, што новы бліскучы абрад быў складзены якраз для таго, каб «больш непасрэдна прамаўляць» да сучаснага чалавека, чаго быццам бы не магла рабіць раздражняльна складаная, эстэтычная, рытуальная, сімвалічная лацінская літургія, якую, на думку экспертаў, «мала хто разумеў». Яшчэ ніколі натуралістычную памылку не ўдавалася прадэманстраваць настолькі яскрава. Малітвы і цырымоніі традыцыйнай Імшы з’яўляюцца ў найлепшым і найбольш поўным сэнсе слова натуральным адказам на трансцэндэнтную таямніцу Уцелаўлення. Менавіта таму гэтая Імша з’яўляецца такім дасканалым інструментам звышнатуральнай ласкі, які ўключае ў сябе натуру і ў той самы час пераўзыходзіць яе. Літургія арганічна развілася з Аб’яўлення і натхнёнага ласкай людскога адказу на яго, і менавіта таму пасля адпаведнага кантакту і высілку кожны здолее зразумець старажытны абрад, але ніхто не зможа ахапіць яго. Novus Ordo, наадварот, з’яўляецца эстэтычна-інтэлектуальным канструктам: яе эстэтыка настолькі ж бясформенна брыдкая, як і большасць касцёлаў, збудаваных у паслясаборны перыяд, а яе «даступны змест» з-за сваёй шматслоўнасці і рацыяналістычнасці (гэтыя дзве рэчы амаль заўсёды ідуць побач) з’яўляецца нудным і павярхоўным. Кожны можа гэта зразумець, кожны можа бачыць гэта наскрозь. Ці ж гэта сапраўды ўсё, на што мы здольныя дзеля таямніцы веры, якая знаходзіцца ў цэнтры сусвету?
Як вынік, на звычайнай Імшы ў рэфармаваным абрадзе ўсепаглынанне альбо адсутнічае, альбо яго вельмі мала ў абодвух сэнсах: у сэнсе свядомасці таго, што сама літургія мае дастаткова сродкаў, каб паглынуць нашыя сэрца і розум, а таксама свядомасці таго, што мы паглынаем тое, што яна прапануе. Яна не мае амаль нічога супольнага з Божым культам, са шчырым пакланеннем Богу, да якога з розным поспехам імкнуліся ўсе народы ўсіх культур у кожныя часы. Калі гэта сапраўды так, то ў новай літургіі вельмі мала што здольнае моцна прывабіць сур’ёзнага пілігрыма, які знаходзіцца ў пошуку жывога Бога: мусульманіна, які непераадольна жадае пакланяцца Усемагутнаму Пану неба і зямлі, будыйскага манаха, засяроджанага на ціхім дасягненні прасвятлення, артадаксальнага юдэя, жыццё якога ахоплена пашанай да Закону Найвышэйшага. Калі такія пілігрымы ўвогуле знаходзяць штосьці прывабнае ў каталіцкай веры ў тым выглядзе, у якім яна практыкуецца ў сучаснай парафіі, і нават навяртаюцца, то гэта найчысцейшая Божая міласэрнасць, ласка якой пераўзыходзіць абмежаванні прыроды і культуры. Новая літургія вельмі мала дапамагае ў гэтым. Параўнайце гэты смутны факт з бясконцымі гісторыямі дасаборных канвертытаў, такіх як Шарль Пэгі, якіх да каталіцкай веры прывабіла найперш ці найбольш глыбока менавіта тая святая літургія, якая калісьці служылася па ўсім свеце.