Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 23
Раздзел 3. Сімволіка цішыні і пустаты
«Шум ціхага ветру…»
ОглавлениеАрхітэктура, музыка, убранне і начынне, прастора і цішыня, якія літургія стварыла для сябе, пакуль Дух Святы стагоддзе за стагоддзем лунаў над Касцёлам на сваіх шырокіх і міласэрных крылах – кожны аспект традыцыйнай рымскай літургіі мае багатае значэнне, сусвет значэнняў. Мы ведаем, што ў нашыя часы Касцёл Езуса Хрыста абсаджаны як звонку, так і знутры; тое ж можна сказаць і пра яго святую літургію, якая заўсёды раздзяляе лёс Касцёла, і добры, і кепскі. Мы ведаем, што паўстагоддзі таму брыгада мадэрністаў пачала сістэматычна дэмантаваць багатае значэнне літургіі і ўсю каталіцкую культуру, якой гэты культ даў пачатак. Мы ведаем, што ў выніку пачалася маргіналізацыя, падаўленне, а часам і разбурэнне шматлікіх рэчаў, якія былі каштоўнымі, традыцыйнымі і святымі. Мы ведаем, што небяспека незваротнай амнэзіі і пастаяннага забыцця існуе і сёння. Усё гэта выклікае ў нас вялікія пакуты, якія мы можам і павінны ахвяраваць нашаму Пану дзеля ачышчэння і рэформы Яго Касцёла; усё гэта прымушае нас зразумець, наколькі важнай для здароўя Містычнага Цела з’яўляецца нашая малітва за пастыраў Касцёла, нашая вернасць каталіцкай Традыцыі і нашыя высілкі лепш зразумець вялікія дары, якія мы атрымалі ад іх і ад яе, каб мы маглі радасна і ўпэўнена перадаваць гэтыя дары іншым. Гэта годнае заданне для святых: для тых, хто можа верыць, не бачачы, хто можа спадзявацца насуперак надзеі, хто можа любіць нягледзячы на ўсе расчараванні, скандалы і пераслед. Сапраўды, ніхто не зможа перажыць гэты час і вытрываць гэтыя праблемы, акрамя тых, хто любіць цішыню і малітву.
Найвялікшыя рэчы дзеюцца ў цішыні – не ў шуме і паказной колькасці падзеяў, а ў глыбокай яснасці ўнутранага бачання; у амаль незаўважным пачатку рашэння, у ціхім пераадоленні і схаванай ахвярнасці. Духоўнае зачацце адбываецца тады, калі сэрца прыспешваецца любоўю, а свабодная воля актывізуецца. Ціхія сілы – гэта моцныя сілы45.
45
Romano Guardini, «The Lord», перакл. Elinor Castendyk Briefs (Chicago: Regnery, 1954), с. 13.