Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 9

Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
Нефармальная духоўнасць

Оглавление

Праблему, якую мы разглядаем, можна сфармуляваць наступным чынам. Як кажа св. Леў Вялікі, той, хто перастае жадаць прагрэсу, рызыкуе пачаць адставаць16. Св. Бэрнард з Клерво паўтарае за ім: проста стаяць на Божай дарозе азначае адставаць17. Усе мы стаім перад пагрозай аслабець, здаць назад, зрабіцца несур’ёзнымі. У духоўным жыцці няма адпачынку, але нам хацелася б думаць, што ён бывае, і ў нас узнікае спакуса якім-небудзь чынам яго ўзяць. І гэта азначае, што мы адкідваем Бога, Які з’яўляецца агнём плавільшчыка і палаючым вуглём, заўсёды блізкім і гатовым перамяніць нас, калі толькі мы здадзімся Яму. З улікам гэтага, нельга недаацэньваць небяспеку духоўнай нефармальнасці, якой спрыяе тыповае парафіяльнае здзяйсненне Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду18. Гэтая нефармальнасць выражаецца ў звыклым уваходзе свецкіх асобаў у прэзбітэрый для выканання чытанняў і ўдзялення Камуніі; у млявым паўуздыманні Эўхарыстыі, не кажучы ўжо пра многія іншыя знакі заняпаду ці адсутнасці веры ў Сапраўдную Прысутнасць19; у агульнай сяброўскай атмасферы, у «знаку спакою», у адсутнасці цішыні перад Імшою і пасля яе; у вербальнай перагружанасці, якая робіць Бога малым і прыручаным аб’ектам, гатовым рабіць цуды і падпарадкоўвацца нашым загадам, альбо прынамсі гатовым да адносінаў з намі на роўных. Бог робіцца «адным з нас» зусім няправільным чынам. Хрыстус сённяшняй парафіі – гэта чалавек, прытым толькі чалавек. Як неаднаразова заўважалася, новае выданне Імшала адлюстроўвае амаль што арыянскую паставу20.

Параўнайце ўсё гэта з пашанай, якая аддаецца Евангеллю ці прэзбітэрыю ў старым абрадзе з цудоўнымі малітвамі аферторыя, са складанымі акаджэннямі, з урачыстым спевам прэфацыі пра Найсвяцейшую Тройцу ў стылі Атаназія, з Рымскім Канонам і яго шматлікімі знакамі крыжа і пачцівымі ўзняццямі Гостыі і келіха, ужо не кажучы пра ўсю падрыхтоўку, якую робяць святар і сабраны люд: «Asperges», малітвы каля прыступак алтара, абмыванне пальцаў у суправаджэнні псальма. Праз гэтыя абрадавыя дзеянні чалавек прызнае першынство Бога і Яго найвышэйшую таямніцу, упрошвае дазволіць пакланяцца Яму, упрошвае быць годным прынясення Ахвяры і ўдзелу ў Ахвяры, якую Сын у сваёй людской прыродзе прыносіць Найсвяцейшай Тройцы. Традыцыйная літургія адлюстроўвае не толькі правільную тэалогію, але і правільную антрапалогію. Антрапалогія, выражаная старым абрадам і сукупнасцю далучаных да яго звычаяў і законаў, з’яўляецца ўзнёслай, вертыкальнай і падпарадкаванай Богу, як гэта годна і справядліва; антрапалогія ж новага абраду з яго інкультурацыяй у сучасным Заходнім свеце з’яўляецца рацыяналістычнай, іманентычнай, гарызантальнай і дамінатыўнай: яна падпарадкоўвае сакральнае гуманістычнаму канону «супольнасці». Старажытны рымскі абрад, велічны і святарскі, узносіць славу і пакланенне Укрыжаванаму Пану, кідаючы бясконцы парадокс Уцелаўлення проста ў вочы і вушы тых вернікаў, якія маюць вочы, каб яго ўбачыць, і вушы, каб яго пачуць. Ці ж звычайная форма рымскага абраду робіць гэта настолькі ж добра?

Многія малітвы і абрады Novus Ordo маюць кепскую прапорцыю адносна ахвяры, якая мае месца падчас Імшы; яны ад’яднаныя ад яе. Форма і змест літургіі канфліктуюць, і таму тое, што, як я веру, адбываецца – а мая вера фарміравалася пад уплывам вучэння пра святую Ахвяру Імшы, сфармуляванага як Трыдэнцкім, так і Другім Ватыканскім саборам, – кепска адлюстроўваецца формай літургіі, якая мае ў сабе толькі частку той яснасці і глыбіні, з якімі старажытны абрад прадстаўляе тыя самыя таямніцы. У старажытным абрадзе форма і змест паяднаныя; яны, так бы мовіць, «сімбіятычныя». Старажытная літургія са сваімі вострымі сімваламі і бясконцымі дэталямі – гэта працяглае дагляданне душы, якое заваблівае і цягне яе наперад, ведучы яе да містычнага сужэнства, да вясельнага свята нябёсаў.

Аднойчы я меў магчымасць чуць, як украінскі біскуп візантыйскага абраду казаў пра тое, якая ступень сталасці патрабуецца ад мужчыны і жанчыны, калі яны спадзяюцца быць «паспяховымі» сужэнцамі. Ён рабіў акцэнт на здольнасці ахвяраваць з любові і казаў, што ніводнае сужэнства не пацярпела б паразу, калі б сужэнцы мелі гэтую цноту. Мімаходзь ён заўважыў, што Боская літургія не павінна разглядацца як штосьці, пасля чаго трэба хутка ачуняць і аправіцца. Хутчэй, гэта тое самае месца, дзе абуджаецца і выхоўваецца любоў да Бога і бліжняга, прычым не праз павярхоўную атмасферу сяброўства, а праз урачыстасць і сэнсоўнасць самога абраду, які выціскае на сэрцы прыклад любові Хрыста, Які прыйшоў вучыць словам і прыкладам. Гэты біскуп быў упэўнены, што крызіс сужэнства – вынік недахопу духоўнай сталасці, маральнай сур’ёзнасці і сілы волі – меў адлюстраванне ў крызісе самой літургіі, якой неставала тых жа рэчаў. Ён таксама меў перакананне, што сужэнская любоў і сямейнае жыццё маглі б зноў зрабіцца моцнымі толькі тады, калі б сужэнцы з галавою акунуліся ў фармальную літургічную малітву. Калі людзі глыбока пагружаюцца ў таямніцы веры падчас годнай літургіі, руцінныя супярэчнасці пачынаюць адыходзіць на задні план, таму што літургія вядзе іх да больш фундаментальнай рэальнасці, чым іх уласнае існаванне і жыццё.

16

Св. Леў, «Tractatus septem et nonaginta», 40.1.

17

Св. Бэрнард, ліст да абата Гарына, ліст 254, 4—6.

18

Спяшаюся дадаць, што прыхільнікі usus antiquior сутыкаюцца з аналагічнай духоўнай пасткай, яшчэ больш небяспечнай з-за яе падступнасці і прыгожай знешняй адзежы. Мы таксама можам зрабіцца самазадаволенымі, «валодаючы» скарбам Традыцыі; у нас можа развіцца законапаслухмяны фарысеізм, які зверху спаглядае на нашых братоў-каталікоў, якія пакуль не маюць магчымасці ацаніць тое, што цэнім мы. Мы павінны змагацца супраць такой пыхі і ганарлівасці, вядома, не адкідаючы нічога з тых дароў, якія наш Пан Езус Хрыстус даў свайму Касцёлу.

19

Прыгожым звычаем з’яўляецца працэсія з ліхтарамі на «Sanctus» і акаджэнне падчас узнясення Эўхарыстыі. Я бачыў, як гэта робіцца ў кантэксце Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, і гэта ўжо пераносіць цэлебрацыю на новы ўзровень урачыстасці. Аднак адзін той факт, што ў парафіях падчас узнясенняў ліхтары і ладан выкарыстоўваюцца вельмі рэдка, паказвае, наколькі далёкім для нас з’яўляецца ўсялякае адчуванне сакральнага, усялякая свядомасць таго, што Евангелле – гэта цудоўнае Божае слова, годнае таго, каб перад ім трымцець; што Эўхарыстыя – гэта ўцелаўлёнае Божае Слова, годнае таго, каб перад ім укленчыць у найглыбейшай пакоры, самаахвяраванні і пакланенні.

20

Доказы гэтага прыведзеныя ў раздзеле 6.

Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Подняться наверх