Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 21
Раздзел 3. Сімволіка цішыні і пустаты
Адно Слова ў дзвюх кнігах
ОглавлениеЗгодна з меркаваннем сярэднявечных тэолагаў, Бог напісаў дзве кнігі: Кнігу Прыроды і Кнігу Пісання. Першым аб’яўленнем Бога з’яўляецца стварэнне; гэта Слова, прамоўленае да кожнай істоты, і кожная істота ўдзельнічае ў гэтым Слове. Мы не змаглі б зразумець словаў Пісання, калі б Бог найперш не стварыў рэчы, пра якія і пры дапамозе якіх Ён сам змог бы размаўляць з намі. Годнасць класічнай філасофіі заключаецца ў яскравым сведчанні яе найвялікшых настаўнікаў – Сакрата, Платона, Арыстоцеля, Плаціна – пра сэнсоўнасць гэтага свету, гэтага космасу, праз сузіранне якога мы можам зазірнуць у боскую аснову ўсёй рэальнасці: у простую Прысутнасць усёй прыгажосці, дабраты і праўды, сканцэнтраваную ў Крыніцы ўсяго. Гэтая сэнсоўнасць адлюстроўваецца ў сэнсоўнасці словаў, мовы43, якая, у сваю чаргу, робіць магчымымі сяброўскія адносіны паміж людзьмі, якія разам жывуць у грамадстве. Таму асновай грамадства, сяброўства, мовы, сузірання, малітвы, усёй чалавечай дзейнасці з’яўляецца Слова, Слова невычэрпнай урадлівасці, з якога выліваюцца формы ўсяго створанага. Гэта тое, пра што мы чытаем у першых вершах той прадмовы Евангелля ад Яна, якую святар ціха прамаўляе напрыканцы кожнай Трыдэнцкай Імшы: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (Ян 1:1—4).
Калі гэта так, то «літургія Слова» ў рэфармаванай Імшы атрымала няўдалую назву. «Божае Слова» – гэта найперш і перадусім спрадвечнае Божае Слова, сапраўдны Сын і дасканалы Вобраз Айца. Таму выраз «літургія Слова» павінен прымяняцца найперш да Эўхарыстыі, да Слова, якое сталася Целам дзеля нашага збаўлення, а толькі потым да боганатхнёных думак, якія знаходзяць свой лексічны выраз у Святым Пісанні. Божае Слова – гэта Езус Хрыстус, а не кніга – нават не кніга, якая не мае і не дапускае памылак, таму што кніга, якою б мудрай і праўдзівай яна ні была, з’яўляецца нежывым прадметам, але асоба – жывая, а боская Асоба дае жыццё ўсяму стварэнню, якое Ёй служыць. Мэтай абвяшчэння Пісання падчас Імшы з’яўляецца падрыхтоўка ўдзельнікаў да яднання са Словам, крыніцай напісанага слова і вечным значэннем як Кнігі Пісання, так і Кнігі Прыроды. Літургія нібы піша ў душы чалавека, зноў ствараючы душу на ўзор сапраўднага Слова, якое не ведала перашкодаў, але было размыта «няправільнай інтэрпрэтацыяй» – грахом, памылкай, няведаннем, халоднасцю. Традыцыйнае дзяленне на Імшу катэхумэнаў і Імшу вернікаў паказвае ўнутраныя суадносіны паміж часткамі Імшы, дзе першая частка прадстаўляе душу ў працэсе навяртання да Хрыста, калі яна слухае Ягоныя словы пакуль што звонку, тады як другая частка прадстаўляе вучня Хрыста, напоўненнага Ягоным святлом і жыццём, які прысутнічае на святкаванні Слова, дазваляючы Яму пранікнуць цела і душу наскрозь. Новае ж дзяленне не толькі не паказвае гэтага парадку, але і зацямняе яго.
43
Кніга IV «Метафізікі» Арыстоцеля нагадвае гімн устойлівай і багатай сэнсоўнасці мовы. Рэлятывіст зламаў бы галаву аб скалу спасцігнутай цэласнасці.