Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 11
Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
Verbum caro factum est супраць шматслоўнасці
ОглавлениеКалі мы жадаем, каб «люд» удзельнічаў у літургіі актыўна, дзе participatio actuosa разумеецца так, як гэта разумее Касцёл: як павышанае ўсведамленне і ўспрымальнасць да рэлігійнай мовы і сімволікі з адпаведнымі адказамі, чутнымі і нячутнымі, вербальнымі і невербальнымі, то нам трэба пастарацца паважаць элементарную будову людской псіхалогіі. Павольная працэсія з прыгожа ўбраных служыцеляў, якая паважна падыходзіць да алтара пад магутныя гукі духавога аргана альбо пад нябесны спеў хору, ахоплівае пачуцці і душу, прыводзячы да больш глыбокага і працяглага эфекту, чым кепска апрануты святар, які ў свабоднай манеры выходзіць з сакрыстыі і пачынае Імшу блытанай прамовай з элементамі персанальных перажыванняў. Калі літургія не можа адразу паказаць штосьці сэнсоўнае прастадушнаму дзіцяці, яна правалілася. Паклон святара, які прамаўляе «Confiteor», акаліт, які разгойдвае кадзільніцу, іерархічна расстаўленыя на ўрачыстай Імшы субдыякан, дыякан і святар, магутная цішыня Рымскага Канона – усе гэтыя рэчы прамаўляюць наўпрост да сэрца, нават да сэрца малога дзіцяці, якое здолее сядзець ціха і глядзець, як рабілі шматлікія дзеці, бачаныя мною, нават на доўгіх урачыстых літургіях. Літургія Novus Ordo можа мала што сказаць такім душам, таму што яна толькі кажа, яна не робіць, не кланяецца, не шэпча, не маўчыць, не чувае, не гойдае кадзільніцу, не выконвае мелодыі, не кіруе расстаноўкай служыцеляў па меры таго, як яны выконваюць свае разнастайныя абавязкі. Значэнне, моц сказанага слова тым меншая, чым большую яму прыдаюць значнасць. У крайнім выпадку мы маем літургію, на якой вельмі шмат чаго кажуць, але рэдка на вока ці ў вуха трапляе штосьці ўрачыстае ці сакральнае.
Аднойчы ў нядзелю я і мая жонка ўдзельнічалі ў лацінскай Імшы Novus Ordo ў венскім Карлскірхэ, і ўся літургія была толькі словамі, словамі, словамі. Святар выйшаў з сакрыстыі і пачаў гаварыць. Ішла размова. Ішлі чытанні, ішла гамілія, ішоў аферторый, ішоў канон – заўсёды словы, рэдка песня, ніколі сімвал. Пасля апошняй малітвы святар вярнуўся ў сакрыстыю. Усё. З пункту гледжання фенаменалогіі, гэта было не што іншае, як малітоўнае набажэнства. Кожнае дзіця, якое было там, – дзіця гадамі альбо дзіця сэрцам – знайшло б недастаткова спажытку для людской прыроды, нават калі б яно прыняло найвялікшую духоўную ежу ў выглядзе святой Эўхарыстыі. У гэтым і заключаецца праблема: колькі можа цягнуцца сітуацыя, калі самая сутнасць і мэта літургіі, яе бясконца каштоўны дар Цела і Крыві Пана Езуса, знаходзіцца ў супярэчнасці з яе пустой, банальнай формай, з бездарожнай пустыняй, у якой не жыве ніводзін чалавек? Мераючы стандартамі сакральнай значнасці, новая літургія, перапоўненая шматслоўнасцю і музыкай «мюзак», часта з’яўляецца нежывой пустыняй.
У адным інтэрв’ю выключна прамалінейны кардынал Ранжыт (у той час ён працаваў у Кангрэгацыі Божага культу) сказаў наступнае:
На працягу гадоў літургія падвяргалася шматлікім злоўжыванням, а многія біскупы ігнаравалі іх. У motu proprio Ecclesia Dei adflicta Папа Ян Павел ІІ выказаў гаротную просьбу, якая была не чым іншым, як заклікам да парадку ў Касцёле і да больш сур’ёзнага стаўлення да літургіі… Перад абліччам такой сітуацыі Святы Айцец [Бенедыкт XVI] не мог маўчаць: як мы бачым ў лісце да біскупаў наконт motu proprio, а таксама ў яго шматлікіх прамовах, ён мае глыбокае пачуццё пастырскай адказнасці. Таму гэты дакумент, акрамя таго, што ён з’яўляецца спробай дайсці да еднасці з Супольнасцю св. Пія Х, таксама можна назваць знакам, моцным заклікам паўсюднага пастыра да зброі, да пачуцця сур’ёзнасці22.
«Пачуццё сур’ёзнасці» – гэта менавіта тое, прасоўванню чаго служыць урачыстае выкананне рытуалу альбо цырымоніі, бо пры гэтым ствараецца і выхоўваецца правільная ўнутраная пастава тых, хто моліцца, – усведамленне таго, што мы кленчым ці хутка будзем кленчыць перад Каралём каралёў і Уладаром уладароў, укрыжаваным і ўваскрослым Збаўцам, укрытым пад вэлюмам Найсвяцейшай Эўхарыстыі, і што гэтае наша прывілеяванае становішча патрабуе ад нас найвышэйшай пакоры, пакланення і прагі святасці. Толькі тады, калі гэтыя цноты (а таксама іншыя, блізкія да іх) бачным і чутным чынам будуць характарызаваць кожны аспект нашай публічнай малітвы, у нас будзе сапраўдная сакральная літургія, верная сваёй нязменнай прыродзе і таму духоўна здаровая і бяспечная для тых, хто ў ёй удзельнічае.
Калі я гляджу на тое, што казалі св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза Авільская і св. Тэрэза з Лізьё пра свой досвед святой літургіі ў агульным кантэксце свайго імкнення да сузіральнага саюзу з Найсвяцейшай Тройцай, я пытаюся ў сябе: ці распазналі б яны «поўную, канчатковую Ахвяру, на якую ўсе правобразы звярнулі свае вочы» (Крэшо) у збяднелых сходах сённяшніх парафій? Альбо, калі б яны нягледзячы на ўсю бязладзіцу распазналі ў гэтай непрыхаванай рэальнасці гарантаваную Богам ахвяру, якою б была іхняя рэакцыя? Гэта маглі б быць толькі крайні сполах, замяшанне, смутак, нават жах і справядлівае абурэнне. Не будзем паддавацца ілюзіям: святыя лепш чым хто ведаюць, у чым заключаецца сутнасць літургіі, бо яны нібы ўзнесеныя ў нябесную літургію і ў захапленне яе цалкам адкрытай рэальнасцю. Яны больш за нас усведамляюць зневажальны характар і шкоду зямной літургіі, якая так кепска адлюстроўвае ці нават проста супярэчыць сваёй нябеснай мадэлі. Калі мы хочам прыпадобніцца розумам да Хрыста, нам трэба таксама прыпадобніцца розумам да святых, якія найлепш наследавалі Яго23. Гэта азначае, што трэба перастаць ісці на кампрамісы, калі мова заходзіць пра пакланенне Усемагутнаму Богу; нам трэба старанна пазбягаць і выганяць з нашых касцёлаў усялякую пасрэднасць, банальнасць, свецкасць і мадэрнізм. Больш за тое, разумнае стварэнне – ці то анёлы, ці то чалавек – абавязана прыносіць Богу належнае, паважлівае пакланенне; наш абавязак, больш фундаментальны і больш неадкладны, чым любыя іншыя справядлівыя абавязкі, гэта праслаўленне, благаслаўленне, пакланенне і падзяка Найсвяцейшай Тройцы – нашаму першаму пачатку і апошняму канцу, – такія, якія адпавядаюць Яе славе і велічы24. Менавіта такое пакланенне прыносіць Езус Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар і Галава Містычнага Цела, у еднасці са сваімі членамі ў Каталіцкім Касцёле, згодна з законнымі абрадамі, якія Ён натхніў праз працу Святога Духа на працягу стагоддзяў25.
Місія аднаўлення традыцыйнай Імшы (а для тых, хто пакліканы да гэтага, яшчэ і паралельная праца па «рэфармаванні рэформы») надзвычай складаная. Перад абліччам пастаяннага бязлітаснага супраціву з боку пэўных біскупаў і святароў, якія пасвяць (калі можна ўжыць такое слова) недавыхаваных і нецікаўных вернікаў, мы часам можам трапіць у спакусу роспачы альбо прынамсі адчуць знеахвоту. У такія часы, як гэты, калі наш рух асветлены новай надзеяй і энергіяй, але сутыкаецца з супрацівам і вялікімі перашкодамі, нам трэба часта нагадваць сабе пра тое, што поспех прыйдзе (і можа прыйсці) толькі ад Таго, Хто з’яўляецца ўсемагутным. «Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма» (Мк 10:27). Якім бы ні быў наш прыжыццёвы літургічны лёс, якім бы ні быў поспех у нашым змаганні, мы ведаем, што Хрыстус, наш Кароль, у сваіх пакутах, уваскрасенні і ўнебаўшэсці ўжо перамог свет і чакае, калі мы далучымся да Ягонай перамогі. «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16:33). Гэты свет няспыннай барацьбы – гэта наш выпрабавальны палігон, на якім наш Пан правярае нашую вернасць справам Праўды (пар. Ян 18:37). Пасля добрага змагання, пасля знішчэння плямы нашых грахоў мы перанясемся ў святыню, не людскімі рукамі збудаваную, да трона, які няможна разбурыць, да алтара, які ніколі не будзе перасунуты – да невымоўнай прыгажосці Хрыста, да Бога бясконцага суцяшэння і хвалы, Якому «благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц… на вякі вякоў. Амэн» (Ап 7:12).
22
Часткі гэтага інтэрв’ю даступныя на wdtprs.com/blog/2007/11/archbp-ranjith-interview-in-losservatore-romano-on-liturgy/.
23
Гл. 1 Кар 2:16, 4:16, 11:1; 1 Тэс 1:6; Гбр 6:12.
24
Гл. Raymond Leo Cardinal Burke, «Sacred Liturgy and Asceticism: Respect for the Ius Divinum», Antiphon 17 (2013), 3—30; той жа, «Ius Divinum and the Sacred Liturgy,» у выд. «Benedict XVI and the Roman Missal», рэд. Janet E. Rutherford і James O’Brien (Dublin, IE: Four Courts, 2013).
25
Успрымаючы як дадзенае, што ў Каталіцкім Касцёле існуе мноства законных абрадаў, пра што шмат кажа Магістэрый, я лічу больш важным падкрэсліць, што арганічнае развіццё літургіі – гэта рэальнасць, якую задумаў і рэалізуе Святы Дух, а не сумная гісторыя дадаткаў і адхіленняў, якія павінны вычысціць літургічныя навукоўцы ў бліскучых даспехах. Дастаткова будзе працытаваць аўтарытэтнае вучэнне Папы Пія ХІІ, які, кажучы пра «некаторых асобаў, якія без разбору схіляюцца да аднаўлення ўсіх старажытных абрадаў і цырымоній», сцвярджае наступнае: «Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, па той толькі прычыне, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека» (энцыкліка Mediator Dei, 61).