Читать книгу Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі - Страница 7
Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема
Музыка і начынне, годныя Божага дому
ОглавлениеРазгледзім два тыповыя прыклады: грыгарыянскі спеў і прыгожае начынне.
Грыгарыянскі спеў быў выкінуты з касцёлаў не таму, што ён быў на лацінскай мове (бо мелодыі можна было б адаптаваць да англійскіх тэкстаў10), а таму што гэтая музыка не «шчаслівая», яна не «ўздымае настрой» так, як народная альбо папулярная музыка. Грыгарыянскі спеў – не для шчаслівых катоў, а для манаскіх душаў, якія сумуюць па Богу, а менавіта такая душа павінна быць у кожнага хрысціяніна, адпаведна з яго стылем жыцця. Такі спеў мае на ўвазе фундаментальную сур’ёзнасць душы, і ён узрошчвае такі стан усё больш і больш, пакуль ён не стане тым, што містыкі называюць «цвярозым ап’яненнем», sobria inebrietas. Чалавек, які пагружаецца ў спеў, сапраўды пачынае ўспрымаць свет вакол сябе па-іншаму, вачыма веры, з сузіральнай гатоўнасцю, праніклівасцю і яснасцю. Грыгарыянскі спеў – гэта магутны сродак духоўных зменаў і сталасці: ён напаўняе душу гарачай духоўнай тугою па Богу, сумам, які ўвасабляецца і выяўляецца ў кожным павароце мелодыі, што адлюстроўвае невыказныя нюансы і няўлоўныя рухі людской душы11. Наколькі ж сталымі мусілі быць ананімныя кампазітары, наколькі моцным і высокім было іх імкненне да Бога, якое захавалася ў гэтых цудоўна разнастайных і прыемных мелодыях!
Пэўным ранкам, спяваючы мелодыі з агульных тэкстаў пра дактароў Касцёла, я адчуў асаблівае трымценне ад іх прыгажосці, ад іх слодычы, ад іх меланхалічнай ноткі, быццам яны праз музыку выказваюць тое, што «Salve Regina» ахоплівае словамі: сумесь любові, даверу, радасці з тугою, смуткам і слязьмі. Так, менавіта музыка можа з цягам часу дапамагчы тым, хто яе спявае ці слухае, узрастаць у сталасці сваёй веры, нібы ўрастаць у прыклад тых сузіральнікаў, якія ведаюць, як трэба цярпець і як трэба радавацца ў Пану. Візантыйскі спеў дасягае той жа мэты іншымі сродкамі. Сучасная ж літургічная музыка са сваёй другасортнай сентыментальнай лірыкай, слёзнымі мелодыямі, павярхоўнымі эмоцыямі і рэзкім акампанементам не толькі не здольная ствараць духоўную сталасць – яна шкодзіць хрысціянскай душы, зацямняючы яснасць інтэлекту, прытупляючы пачуццё прыгожага, сціскаючы волю ў хватцы эмоцый і ствараючы настрой, які не спрыяе любові да адзіноты і цішыні12. Карацей, яна не здолела б ані нарадзіць, ані падтрымаць манаскую супольнасць, якая прысвяціла сябе адданаму жыццю медытацыяй і сузіраннем. Адно гэта з’яўляецца дастатковай прычынай, каб «выгнаць яе з прэзбітэрыя святыні», як паэтычна кажуць Папы13. Калі гэтая музыка не з’яўляецца здаровай для людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, яна не будзе здаровай для ніводнага з нас, бо ўсе мы павінны быць святарскім народам.
Гэты цяжкі досвед зваліўся на мяне ў капліцы аднаго кампуса ў Аўстрыі, дзе я тады выкладаў. У абарочаным гатычным касцёле была верхняя капліца, надбудаваная над ніжняй капліцай, так што калі-нікалі ў іх адначасова адбываліся літургіі альбо набажэнствы. У той дзень наша група малілася на Трыдэнцкай Імшы ў верхняй капліцы, спяваючы старажытныя мелодыі грыгарыянскага спеву, калі раптам знізу пачуўся какафанічны каціны віскат моладзі, якая спявала змрочныя песенькі апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта быў жывы выклад у кантрастах: традыцыйная форма малітвы, шляхетная, стрыманая, поўная пашаны, засяроджаная на таямніцы, з любоўю перададзеная ў рытмічных лацінскіх радках, – і сучасная форма малітвы, гіперактыўная, манатонная і неарганізаваная, без меры, без прыгажосці, без годнасці.
Што датычыцца святога начыння, я ніколі не забудуся пра гамілію аднаго святара-швейцарца, які, прапаведуючы пра дар золата, якое прынёс адзін з мудрацоў, заўважыў: «Калі мы не аддаём найлепшае з нашай маёмасці Богу, мы насамрэч увогуле не верым у Бога. Калі ў нас ёсць золата, каштоўнае, дарагое і прыгожае, мы павінны выкарыстоўваць яго для праслаўлення Бога; калі мы робім святое начынне з дрэва, шкла альбо гліны, мы фактычна кажам, што не лічым Яго вышэйшым за ўсё тое, што можам Яму даць. Таму мы павінны даваць Яму найлепшае з таго, што здольныя даць, нават (ці асабліва) тады, калі яно выварочвае нашыя кішэні. Мы абрэзалі Бога да нашых памераў і прызначылі Яму пэўны бюджэт, як быццам мы абстаўляем кухню ў сваім доме; мы слаба верым у Яго, а можа, і ўвогуле не верым».
Гэтая гамілія запомнілася мне не толькі таму, што я ніколі не чуў, каб святар казаў штосьці падобнае – здаецца, тлумачэнне шанаваных традыцый Каталіцкага Касцёла сёння не лічыцца распаўсюджанай гамілетычнай стратэгіяй, – але таксама таму, што яна дапамагла мне зразумець, чаму хрысціяне заўсёды імкнуліся аддаваць Богу найлепшае. Такая адданасць дала пачатак цудоўнаму мастацтву і архітэктуры Сярэднявечча, побач з якой сённяшнія эквіваленты пераважна выглядаюць павярхоўнымі і няўмелымі. Немагчыма пераацаніць важнасць для ўсяго літургічнага духу святога начыння, якое выглядае годна (наколькі мы ўвогуле можам дасягнуць такой годнасці) тых таямніцаў, якія мае прывілей у сабе трымаць. Узняцце кансэкраванай Ахвяры падчас Імшы – гэта кульмінацыйная кропка вялікага гімна, які ўсё чалавецтва і ўсё стварэнне ўзносіць да Бога; гэта час, калі ўнутраная звышнатуральная істота дароў павінна як мага больш яскрава праявіцца ў знешняй прыгажосці келіха і іншага начыння на алтары, а таксама ў прыгажосці прэзбітэрыя і ўсяго касцёла. Вось што мы чытаем пра св. Яна Віянэя, пробашча з Арса, які апранаўся ў зношанае адзенне, спаў на падлозе і сілкаваўся бульбай:
Калі заходзіла пытанне пра прадметы, прызначаныя для Божага культу, яму нішто не здавалася дастаткова прыгожым… Калі ён атрымаў ад віконта Арса цудоўны балдахін, прыгожыя арнаты, харугвы, вялікую манстранцыю з пазалочанага срэбра, табернакулюм з пазалочанай медзі, некалькі прыгожых свечнікаў і шэсць рэлікварыяў, яго радасць не ведала межаў14.
Гэта праўда, што Езус нарадзіўся ў сціплай стайні і быў пакладзены ў яслі. Але мудрацы не прынеслі яму салому, бруд і гной: яны прынеслі яму каштоўныя каралеўскія дары золата, ладану і міры. Тое, як нарадзіўся наш Пан, раскрывае Ягоную пакору, якая пагарджае зямной раскошай; тое, як пакланіліся Яму тры каралі, раскрывае іхнюю пакору, у якой яны шукалі найлепшыя дары, якія яны могуць прынесці, хоць у сваёй мудрасці яны і ведалі, што гэта далёка не тое, чаго Ён заслугоўвае. Не нам належыць паводзіць сябе так, быццам мы – Езус, Які прыходзіць у свет, і будаваць касцёлы, якія выглядаюць, як свіраны, стайні ці пячоры, якія нас прымуць. Хутчэй нам належыць далучыцца да мудрацоў і пастухоў і ўважліва слухаць Божы заклік, які запрашае нас выйсці па-за свае абмежаванні. Адказваючы на гэты заклік вераю, мы павінны аддаць найлепшае Слову, якое сталася целам. Тое ж можна сказаць і пра сакральную музыку. Сучасны чалавек па сваёй сутнасці нічым не адрозніваецца ад людзей іншых часоў, і таму ў нас няма апраўдання, каб ствараць рэчы, непрыемныя для вачэй і вушэй. Калі б нашыя сучаснікі мелі магчымасць выбіраць, большасць з іх не захацела б гэтага пустога глупства; і, напэўна, гэта не тое, што ім патрэбна.
Хоць у першы раз наш Пан з’явіўся на зямлі ў сціплых яслях, у патаемнасці і беднасці, святая літургія – гэта не падарожжа ў часе ў Бэтлеем каля 4 года да н. э. Імша – гэта жывы вобраз і дзейснае падабенства дасканалага культу, які Езус Хрыстус здзяйсняе як Галава Касцёла – нявіннае Ягня, забітае на Кальварыі, якое цяпер уладарыць у нябесным Ерузалеме. Імша робіць прысутным сярод нас праслаўленага Збаўцу, другое прыйсце Якога адбудзецца не ў ціхай беднасці, а ў дзівосным ззянні. З гэтай прычыны інстынктам нашай веры заўсёды было імкненне павялічваць прыгажосць літургіі, яе прыладаў і аздобы, усімі сіламі набліжаючыся да таго, што будзе, а не патураючы сваім адваротным памкненням. З такога пункту гледжання, вінаватыя ў настальгіі не тыя вернікі, якія жадаюць аднаўлення традыцыйнага рымскага абраду, а менавіта літургісты, якія патрабуюць вяртання да евангелічнай ці апостальскай «прастаты». Яны хочуць ісці назад, мы хочам рухацца наперад. У гэтым заключаецца розніца паміж археалогіяй і эсхаталогіяй. Але цікава вось што: адзін з самых старажытных звычаяў, які перажыў усе стагоддзі і культуры (пакуль не знайшоў сабе ворага ў абліччы ганарыстасці сучаснага Захаду), гэта арыентацыя на ўсход падчас малітвы да Хрыста, сапраўднага святла, якое асвятляе кожнага чалавека (пар. Ян 1:9). Павярнуўшы святара плячыма да Сонца справядлівасці і тварам да людзей, нібы гэта ён прыходзячае святло, абаронцы новага літургічнага стылю праявілі пагарду да ўніверсальнай сімволікі і скасавалі адзін з нешматлікіх звычаяў, пра які можна з упэўненасцю сказаць, што яго практыкаваў Касцёл першых стагоддзяў. І зноў тыя, хто абараняе Традыцыю, аказваюцца больш здольнымі за сваіх апанентаў захаваць тое, што апошнія называюць найбольш каштоўным, у дадзеным выпадку старажытнасць.
10
Як гэта са значным поспехам робяць сёння а. Самуэль Ф. Вэбэр OSB і Адам Бартлет.
11
За далейшымі разважаннямі ў падобным ключы запрашаю звярнуцца да цудоўнай невялікай кнігі «Reflections on the Spirituality of Gregorian Chant» аўтарства Dom Jacques Hourlier, перакл. Dom Gregory Casprini і Robert Edmonson (Orleans, MA: Paraclete Press, 1995), а таксама да двух класічных выданняў: Richard R. Terry, «Catholic Church Music» (1907) і Marie Pierik, «The Spirit of Gregorian Chant» (1939), абодва з якіх былі перавыдадзены Амерыканскай асацыяцыяй касцёльнай музыкі.
12
Дэтальны аналіз згаданых тут праблем гл. у маім артыкуле «Contemporary Music in Church?», Homiletic & Pastoral Review 107.1 (кастрычнік 2006), 8—15, даступны на старонцы www.catholicculture.org/culture/library/view.cfm?recnum=7192.
13
Дакументаваны пералік таго, чаму Магістэрый навучае ў сферы сакральнай музыкі, гл. у маіх артыкулах «Cantate Domino Canticum Novum: Aspects of the Church’s Liturgical Magisterium», The Catholic Faith 6.2 (сакавік—красавік 2000), 14—23 і «John Paul II on Sacred Music», Sacred Music, vol. 133, n. 2 (лета 2006), 4—22. Гэтыя артыкулы даступныя на старонках www.catholicculture.org/library/view.cfm?recnum=4440 і www.musicasacra.com/publications/sacredmusic/pdf/sm133—2.pdf.
14
Abbé H. Convert, «Eucharistic Meditations: Extracts from the Writings and Instructions of St. John Vianney», перакл. Sister Mary Benvenuta OP (Wheathampstead, UK: Anthony Clarke Books, 1964), с. 100.