Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 10

Сад замкнёных гор
ІХ

Оглавление

Непадалёк ад гораду я ўзьлез адпачыць на вялікія трубы. Бактэрыі, якія гадаваліся ў іх, забясьпечвалі людзей электраэнэргіяй і цяплом. Трубы праходзілі праз усе паверхі, нібы злучалі народы і плямёны, а самі калёніі бактэрый лічыліся прыродным багацьцем. Іх яшчэ ў старажытнасьці разьвялі нашы агульныя продкі.

Спаць на трубах было ўтульна. Мяккая абалонка служыла добрым матрацам.

Але заснуць я не пасьпеў. Злосны сабачы брэх абудзіў мяне. Унізе стаяла дзяўчына, над касьмічнымі вачамі якой квітнелі заплеценыя ў вянок чорныя ружы.

– Вось ты дзе! Што ж так хутка ўцёк, нават мяне не прыхапіў… Ад Берсара не схаваесься. Дый не хвалюйся, я адна.

– І што табе трэба?

– Мне трэба! Табе мала, што я прыйшла сама?

– Паслухай, я для вас – ідыёт зь нізу, ня ведаю вашых законаў і звычаяў. Я іду сваім шляхам…

– Куды?

– Вышэй.

– Выдатна! Там наш народ. А мне, як і табе, нязручна заставацца ў горадзе. Я ня выканала просьбу самога бургамістра. Пойдзем разам. Калі ты яшчэ захочаш на «арэлі», я з задавальненьнем пазмагаюся за цябе.

– Мне нармальна і аднаму, – сказаў я і адчуў, што зусім не хачу, каб яна сыходзіла.

– Берсар, хадзі дамоў, – Руата нібы не пачула маіх словаў, спусьціла сабаку з павадка.

Пёс журботна паглядзеў на гаспадыню.

– Гэта для маці, – дзяўчына зьняла з рукі бранзалет, – па ім яна здагадаецца, што са мною нічога кепскага. Ну, хадзі!

Разумны пёс, апусьціўшы хвост, пайшоў па цьмяным тунэлі.

– Бывай!

Дзяўчына спрытна ўзьнялася на трубы, лягла побач са мною.

– Я стаміўся і хачу спаць, – буркнуў я, сам не жадаючы таго.

– Прабач, я таксама вельмі хачу спаць.

Мы цудоўна выспаліся разам.

* * *

Па чорнай сталёва лесьвіцы мы падняліся на наступны паверх і борзда пакрочылі па прасадзе невялічкіх пальмаў, што расьлі ў плястыкавых вёдрах.

– Руата, – сказаў я, – а ты не баісься ісьці разам зь незнаёмым чалавекам?

Яна засьмяялася.

– А хіба ты чалавек? Цябе ўстырнулі на шыбеніцы – ты жывы. Ты прагнеш мяне, але адмаўляесься кахаць. У цябе хоць ёсьць імя?

– Ты ж была маім катам! Магла чуць, як зваць злачынцу.

– Калі абвяшчалі прысуд, мне было не да таго. Увогуле, якая розьніца, як клічуць шыбеніка?

Я сумеўся, а потым прамовіў:

– Я – Даляшорзах Ін-Йорм.

– Руата Наяроч Першая. Вельмі прыемна.

– Чаму Першая?

– Першая дзяўчына-спарцмэнка ў нашым родзе. Калі ў мяне будзе дачка – і яна стане спарцмэнкай, то будзе Наяроч Другая.

Мы моўчкі прайшлі некалькі мэтраў. Наперадзе пераліваўся нэонавым сьвятлом басэйн – не, дакладней, штучнае возера зь пясочнымі пляжамі.

Столь над ім была яскрава-блакітная.

– Даляшорзах… Цікавае імя. Яно нешта азначае.

– А што, імя абавязкова павінна нешта азначаць?

– Даляшорзах… – яе вочы бліснулі хітрынкай, – хай тваё імя азначае: пацалуй мяне!

Просьба засьпела мяне, мякка кажучы, зьнячэўку. Я ніколі не цалаваўся! Я спыніўся. Нашы погляды сустрэліся. Мы не маглі адвесьці іх. Вусны самі навучылі мяне…

Руата цалавала прагна, яна запаляла мяне. Я цалаваў яе аксамітныя шчокі, шыю, чульлівыя, дрогкія павекі. Я забаўляўся імі.

Яна была шчасьлівая. Яе рукі абвівалі мяне, як цёплым плюшчам.

Мы апусьціліся на белы пясок.

Яе губы… яны выпівалі мяне!

Мае далоні… яны пяшчотна абалочвалі ўсю дзяўчыну хвалёвымі рухамі. Руата, нібы імклівы дэльфін, песьцілася ў ласкавай плыні, створанай маімі рукамі…

* * *

Стома, ласкавая і мяккая.

Я раскінуўся на пляжы, цешыўся адпачынкам. Мне нічога, нічога-нічога не хацелася. Лянота і плёскат хваляў. Там, у возеры, купалася мая каханая. Я глядзеў, глядзеў, глядзеў… Фаервэрк з кветак распускаўся ў розуме замест думак.

Руата выйшла на бераг, накінула туніку.

Па яе твары я здагадаўся, што нешта зьмянілася.

– Усё. Я іду дамоў.

Кветкі імгненна ператварыліся ў попел.

– Я іду дамоў, – паўтарыла дзяўчына тым жа тонам і пайшла ад мяне гордай і прыгожай хадою.

Я сапраўды бачыў, як яна аддалялася, але не ўсьведамляў гэтага. Я ня ведаў, што рабіць. Прасіць. Маліць: застанься! Крычаць: кахаю! Кахаю! Але я ня ведаю яе, ня ведаю звычак яе народа. Магчыма, такіх дзяўчат можна цалаваць толькі аднойчы.

Руата спынілася, паглядзела ў мой бок, быццам у апошні раз…

І раптам пабегла да мяне.

Яе кулачкі небалюча ўдарылі мяне ў грудзі.

– Чаму?! Чаму ты ня можаш сказаць: «Застанься! Ідзі са мной!?» Ну чаму ты такі!?»

Яна зарыдала ў маё плячо.

Я пагладзіў яе па чорных са срэбным адлівам валасах і ля самай мяккай мушлінкі прашаптаў:

– Застанься. Ідзі са мной.

Руата надзьмула губкі, яшчэ з большым замахам, але лягчэй, гарэзьліва, ударыла мяне падушачкамі кулачкоў, а потым абняла.

– Даль! Далік! Даляш! Пацалуй мяне!

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх