Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 12

Сад замкнёных гор
ХІ

Оглавление

Калідоры-трубы ці трубы-калідоры хісталіся ў такт маёй хады.

Я ішоў.

Кожны наступны крок даваўся мне цяжэй, чым папярэдні.

Быццам нябачная рука пасьля чарговага дакрананьня ступні да падлогі накідвала ўсё новыя і новыя кайданы.

Неўзабаве я ня мог рухацца і пляснуўся ў калідорны кут.

Гэтак мне кепска. Я не магу, не хачу ні ісьці, ні варушыцца.

А мая мэта?

Якая мэта! Вар’яцкая і нікчэмная…

Калі няма яе побач!

Так, Руата жорсткая, бязьлітасная, але са мной яна не такая. Звычаі людзей разбэшчваюць яе душу! Злосьцю напаўняюць яе сэрца. Зьмяняюць да непазнавальнасьці.

Яна ня можа за іх адказваць!

Я наўмысна шукаў для Руаты апраўданьні. Я шукаў іх, каб прымірыць свае думкі са сваімі пачуцьцямі.

Ці я кахаў яе?

Я ўзгадаў яе вочы, рукі, вусны лагодныя і шалёныя.

А ці заўважыла яна маю адсутнасьць? Можа, сярод прыхільнікаў ёй усё роўна, дзе я, што са мной?

Мабыць, радуецца: нарэшце вольная… Апошняя думка балюча працяла мяне. Я ўскочыў і пабег назад.

* * *

Па гуках музыкі, калі тое можна назваць музыкай, я знайшоў месца пагулянкі. Руата ўзвышалася на чырвоным троне. Яна была сумная, вочы неспакойна аглядалі прысутных. Яны зазьзялі – напаткалі мяне. Руата ўзьнялася мне насустрач. Пры ўсіх мы, не саромячыся, абняліся.

– Дзе ты быў? Я не знаходзіла сабе месца ад хваляваньня!

– Я… я шукаў дарогу далей.

– Праўда?! – Руата адчувала тое, што я хацеў схаваць.

І раптам:

– Ты будзеш на роўных з усімі змагацца за мяне!

Руата ўскочыла на стол.

– Мусім наканаванасьці! – крыкнула яна.

То быў выклік мне.

– Ах, так! – выбухнуў я. – Ты будзеш маёю!

Я біўся, як паранены леў, як зьнішчальная для ўсяго машына! Ніхто, нават велізарны асілак – тутэйшая знакамітасьць, – ня здолеў мяне спыніць. Каханьне і гнеў дапамагалі мне.

Руата мая!

І калі мы былі ўдваіх, я чуў шэпт яе вуснаў:

– Больш не зьнікай. Я хачу быць заўсёды з табой. Я і ты разам…

Шчасьце – быць разам зь ёй. Можа, у гэтым і ёсьць найгалоўнейшы сэнс жыцьця. А мая мэта, мой народ? Усё аддалялася, рабілася няважным. Узьнікалі думкі: гісторыю нельга спыніць і павярнуць назад. А Шлях? А ці ён увогуле існуе?

Магчыма, гэта прыгожая легенда адсталага народа.

– Каханы, а ты можаш быць цалкам маім? – спытала Руата.

– Я і так цалкам твой.

– Не, ты часта зьнікаеш у далёкім закутку розуму. Ты хаваеш ад мяне свае таямніцы. Раскажы мне.

– Ты ж ведаеш, што я з самага нізу, мы людзі долу. У нас свае звычкі…

– Я хачу зразумець.

– Мы капалі дол, каб знайсьці Шлях да зор. Але народ вымірае. Нарадзілася легенда, што ёсьць іншы Шлях, які ляжыць праз вашыя землі.

– І ты яшчэ верыш у гэтую легенду?

– Так. Мая мэта – знайсьці Шлях.

– Шчасьлівы чалавек, які мае мэту, – задумліва сказала яна.

– Але з табой я таксама шчасьлівы!

– Значыць, адно шчасьце перашкаджае другому! – у яе вачах затрымцелі сьлёзы.

– Не, не, мы ж ідзём разам.

– Так, ідзём… – яна абняла мяне. – Але ж я ня з вашага народу.

– Знойдзем Шлях, я цябе прывяду да нашых. Мы разам іх выведзем з долу.

– Я для вас чужая.

– Са мной – не!

Я абняў яе, яна пацалавала мяне ў вусны.

– Каханы, а як ты здолеў тады выжыць?

Я ўсьміхнуўся, паглядзеўшы ёй у вочы.

– Чаму ты ўсьміхаесься? Я спытала штосьці забароненае?

– Калісьці даўным-даўно жыла прыўкрасная жанчына, якая выведала тайну моцы свайго мужа і прадала яе яго ворагам.

– Я не такая! – яна вырвалася з маіх абдымкаў.

– Я ведаю.

– Праўда?

– Праўда.

Яна сама абняла мяне.

– У чым жа была тайна яго моцы?

Я занурыў далоні ў яе валасы.

– У валасах.

– У валасах?

– У тваіх валасах таксама шмат моцы, іх бліск асьляпляе ворагаў, робіць мужчын сьмелымі і ў той жа час пакорлівымі…

– А ў чым твая тайна? – я прачытаў гэтае пытаньне па яе вуснах сваімі вуснамі.

Я зноўку ўсьміхнуўся, міжволі прымушаючы яе губы паўтараць маю ўсьмешку.

– Толькі пабываўшы ў вашых краінах, я штосьці змог сабе растлумачыць. У нас ёсьць старажытны звычай: кожнага нованароджанага аддаюць на тры дні вешчунам-настаўнікам. Яны выконваюць над дзіцём абрад Сьпіральнай Замовы Замоў. У час сьмяротнае небясьпекі ў маёй галаве пачынае раскручвацца тая Замова і цела як бы дранцьвее, робіцца непашкодным. Дзіўныя адчуваньні.

Руата пачырванела ад самага інтымнага пачуцьця – даверу.

– Даляшорзах, я ня выдам твой сакрэт!

– Руата, я кахаю цябе!

* * *

Я зрабіўся самым фанатычным прыхільнікам Руаты. Пасьля перамогі я нёс яе на руках. Мы заўсёды былі разам і, здавалася, не існавала людзей, шчасьлівейшых за нас. Мы зрываліся ў каханьне, як птахі зь піку стромкай скалы. І разам разьбіваліся аб пляж зьнямогі.

А потым, калі новая хваля моцы прачыналася ў нас, я казаў:

– Хадзем!

– Куды? – пыталася яна.

– Вышэй!

– Пачакай? Тут так хораша… Давай трошкі затрымаемся.

– Хадзем, хадзем! Там мая мэта!

Мы непрыкметна пакідалі горад, каб патрапіць у наступны.

Мы ішлі, ішлі. Цягнуліся лесьвіцы, сьцены, нізкарослыя лясы, штучныя азёркі, вадаспады, вёскі з аранжарэямі, пасёлкі з рамеснымі цэхамі, гарады з шырокімі праспэктамі, запоўненымі электрамабілямі і павозкамі, запрэжанымі карлікавымі восьлікамі.

Але ў самой сталіцы, пасьля цудоўнага трыюмфу Руаты, калі сам Вялікі Канцлер узнагародзіў яе залатым вянком ружаў, яна цьвёрда сказала:

– Я адсюль нікуды не пайду. Я хачу тут жыць! Мы ня можам бясконца бегаць за міражамі.

І я паддаўся ёй.

«Сапраўды, – падумаў, – навошта сьпяшацца. Пойдзем заўтра».

А назаўтра я зноў сказаў, што пойдзем заўтра.

Бясконцы пусты ланцуг: заўтра – заўтра, заўтра – заўтра…

Мы былі разам, побач, нас ахоўвалі і пакрывалі ляўры славы непераможнай Руаты. І нашыя, цяпер рэдкія падарожжы, залежалі толькі ад спаборніцтваў, у якіх жадала браць удзел вялікая чэмпіёнка.

У ружовай бестурботнай імгле праходзілі тыдні.

А як жа мая мэта?! Мой Шлях?

Паўставала вельмі простае пытаньне: навошта?

Яна і я – больш нічога ня трэба! Яе прыгажосьць, адданасьць, каханьне і захапленьне, – і гэта заўсёды побач са мною! Мы на грэбені хваляў задавальненьня і шчасьця!

Няўжо гэтага недастаткова?!

А мой народ, што вымірае на самым доле? Я магу яго вывесьці да гэтых узроўняў, але ж ён са сваімі старажытнымі звычаямі ня змог бы ўжыцца з больш разьвітымі народамі.

Іх маглі проста зьнішчыць. А легенда пра Шлях пакуль заставалася толькі легендай.

Мэта – амаль недасяжная, мабыць, зусім нерэальная – ці патрэбная?!

Імкненьне памірала.

Мэта згасала.

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх