Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 24

Сад замкнёных гор
ХХІІІ

Оглавление

Прачнуўся ад таго, што ў мяне зацяклі рукі і ногі – яны былі туга зьвязаныя моцнай вяроўкай.

– Добрай раніцы, далакопе, – усьміхнуўся Раншай усё той жа сумнаватай усьмешкаю, – ты хацеў паразмаўляць з маімі старэйшынамі. Што ж, я табе даю трошкі часу на гэта.

Я прыўзьняўся, наколькі дазвалялі путы, але нікога каля «лесавіка-садавіка» не заўважыў.

– Дзе ж яны? – спытаў я.

– Тут, – адказаў Раншай і паказаў вялікім пальцам на сябе. – Я і ёсьць увесь мой народ. Значыць, і старэйшыны мае ўва мне, – ён засьмяяўся. – Ты хацеў вывесьці сюды сваіх плюгавых далакопаў, каб яны перакапалі тут усю глебу. Дык ім было б нецікава: глеба тут мяккая, як пух. Бачыш, якая трава расьце сакавітая, якія дрэвы сытыя, плодныя. Патрасеш – вось табе і сьняданак, і абед, і вячэра. Твае людзі такога ня бачылі… І, як ні шкада, ніколі ня ўбачаць. Далакопы павінны капаць сабе долы, – ён зайшоўся такім гучным сьмехам, што распалохаў райскіх птушак, якія ціўкалі ў лістоце дрэваў.

– Што тут сьмешнага? – злосна сказаў я. – Калі я змог сюды прыйсьці, то і яны могуць зрабіць тое самае. Я пакажу ім, куды ісьці.

Ад сьмеху ў Раншая на вачах выступілі сьлёзы.

– Ты ня зможаш ім нічога паказаць, бо ты ўжо сёньня ня будзеш жыць на нашай плянэце.

– Я і мой народ можам жыць на іншых плянэтах, як нашыя продкі.

– Продкі? Што ты ведаеш пра продкаў, хлопча? Хаця даведацца ўжо не пасьпееш. Ты сёньня проста ня будзеш жыць. Ты станеш мёртвы.

– За мной ідуць мае людзі, – напаўсхлусіў я, а сам падумаў, што калі сінявокая дзяўчынка дабралася да краіны вемасутаў, то мой народ абавязкова пашле за мной кагосьці.

Але мае словы зноў расьсьмяшылі Раншая.

Калі новы прыступ сьмеху прайшоў, ён дастаў з халявы бота вялікі нож і наблізіўся да мяне.

– Ведаеш, я магу моўчкі ўсадзіць гэты цясак табе ў сэрца, нічога не тлумачачы, але тады ты памрэш з надзеяй, што за цябе адпомсьцяць, што знойдуць твае сьляды. Ты будзеш адчуваць сябе героем. А героем паміраць ня так пакутна. Але мне ня хочацца цябе шкадаваць.

Ён уважліва агледзеў лязо нажа, моцна сьціснуў дзяржальна ў руцэ і рэзка ўстраміў у зямлю побач з маімі путамі.

– Ніхто сюды ня прыйдзе, не адпомсьціць, не даведаецца, дзе ты зьнік. Ніхто сюды ня дойдзе. Я спадзяюся, ты добра помніш вогненную Браму, празь якую ты праляцеў? Я сам калісьці, трасучыся ад страху, падхоплены залатым ветрам нырнуў у яе. Дык вось, тысячы гадоў таму яе стварылі нашыя мудрыя продкі. А створана яна такім чынам, што пакуль у Садзе знаходзяцца два чалавекі, яна нікога не прапусьціць. Для трэцяга яна закрыта!

– Калі ж ты мяне заб’еш, то ў Садзе зноў будзеш ты адзін, і Брама зможа прапусьціць больш моцнага за цябе, які і адпомсьціць за маю сьмерць!

– Мяркуючы па тваіх аповедах, – ён зноў усьміхнуўся сваёй усьмешкаю, – за табой можа прыйсьці толькі дзяўчына.

– Дзяўчына таксама моцны спаборнік.

Я ўспомніў, як Руата раскідвала бамбізаў падчас боек у корчмах.

– Ведаю, але за тыя доўгія-доўгія гады, што я тут жыву, я забіў столькі мужчын і жанчын, якія здолелі прабрацца сюды, што дай мне веры – вопыт сваё возьме. Тым больш, ніхто ня ведае, што я іх буду забіваць. Аднаго чалавека, які нічога не падазрае, няцяжка падмануць. Пасьля таго як я забіў папярэдняга гаспадара Сада, шчырага старэчу Маянтоха з апраханцаў, і сам зрабіўся гаспадаром гэтага райскага кутка, я на працягу году кожны дзень падыходзіў да выйсьця зь пячоры, каб пераканацца, ці не зьявіліся сьляды новага госьця. Але прайшло амаль дзесяць гадоў, калі зьявіўся «сталічнік» Лесма. Я даведаўся пра гэта па зьменах у Садзе. Птушкі сьпяваюць ня так, дрэвы шумяць ня так, калі ў Садзе чужынец. Ды й сам ён ва ўсё горла крычаў пра сябе. Я высачыў і, ціхутка падкраўшыся, зарэзаў яго, калі Лесма заснуў…

– Навошта табе забіваць госьця? Сад – вялікі, хопіць месца для дваіх.

– Ты думаеш, мне шкада дзяліцца Садам? Ці ты думаеш, я маньяк, якому цікава забіваць? Калісьці я шчыра пераконваў сябе, што мне цікава забіваць людзей, нават першую сотню гадоў, што я жыву тут, я так сабе ўнушаў, прыдумваў розныя пакараньні, каб прымусіць адчуваць радасьць ад сьмерці іншага. Не, гэта ня так. Я вымушаны забіваць кожнага, хто прыйдзе сюды.

– Ты ахоўнік Сада, продкі табе далі наказ нікога сюды не пускаць?

– Глупства… Гэты Сад, пасаджаны нашымі продкамі, – адзінае, што абагачае і ачышчае атмасфэру плянэты. Толькі ён паступова стварае тут паветра, якім вы там, унізе, дыхаеце. Вам па трубах паступае самае неабходнае для жыцьця рэчыва – паветра, узбагачанае кіслародам. І калі раптам тут паселіцца нейкае племя, што будзе ў такіх цяплічных умовах неабмежавана размнажацца, а яно так і станецца, пачнецца дзікае, найдзічэйшае вынішчэньне Сада. Сад зачаўрэе, а разам з гэтым паступова на нашай плянэце зьнікне чалавецтва! І мы не дачакаемся, калі зноў да нас прыляцяць нашыя продкі!

– Дык проста трэба было растлумачыць гасьцям, што тут нельга жыць, і адпусьціць іх назад, уніз.

Раншай паглядзеў на мяне са шкадаваньнем, маўляў, наіўны, неразумны.

– Ня кожны пасьля ўбачанага тут захоча вяртацца ўніз. Як ты думаеш, колькі людзей з тых, хто наведаў Сад, зададуць сабе пытаньне, а чаму той можа тут жыць, а я – не? Ледзь ня кожны. Пасьля прыцягнуць сюды жонак, цешчаў, бабуль, дзядуль… Нашыя продкі мудрыя. Яны зрабілі Мост і Браму, празь якія ты прайшоў. Гэта своеасаблівы фільтар, які прапускае самых вартых.

– Дык самыя вартыя могуць зразумець усё і пайсьці назад! – узрушана ўсклікнуў я. – Калі ты мяне разьвяжаш, я пайду назад, да свайго народу, і скажу, што Шляху не існуе, што гэта толькі легенда.

– Рэч у тым, мой малады сябру, што дарогі назад няма! Продкі разумелі, што легенда будзе жыць вечна і што нават сярод вартых будуць тыя, хто захоча вывесьці сваіх хворых радакоў «падлячыцца» сюды, у рай пад небам. Брама назад не пускае! Апрача таго, я павінен табе сказаць: калі ты праходзіў праз Мост, твой генатып падвяргаўся зьменам. На тваёй мове гэта азначае, што на Мосьце ляжыць закляцьце. Памятаеш, рознакаляровыя вятры – яны зьбіваюць біялягічны гадзіньнік твайго цела і настройваюць яго на біярытм Саду. Мудрыя продкі рыхтавалі ідэальнага садаўнічага, які будзе жыць, пакуль будзе жыць Сад. А гэта амаль вечнасьць.

– Дык навошта тады прапускаць у Сад новага чалавека? Дастаткова пакінуць аднаго вечнага садаўнічага?

Ён зноў усьміхнуўся сваёй сумнай усьмешкай.

– Ты ня ведаеш поўнай самоты. Бясконцай, цягуткай самоты. Вечнасьць і самота – рэчы несумяшчальныя. Стары Маянтох сам папрасіў мяне забіць яго. Я ня ведаю шляхетнейшага за яго чалавека.

– Пад зямлёю таксама існуе самота!

Раншай не зьвярнуў увагі на маю рэпліку.

– Наймудрэйшыя продкі і гэта прадбачылі. Чалавек схільны да самазабойства, калі ён самотны, калі яму няма з кім спаборнічаць. Вось яны і прыдумалі прапускаць у Сад канкурэнтаў, – на гэтых словах садаўнічы зрабіў акцэнт, – якія перайначаць тое, што ты тут зрабіў, увядуць іншыя парадкі, разьвядуць іншыя расьліны. Але ты ня ведаеш самага галоўнага, – ён паглядзеў мне проста ў вочы, – прайшоўшы праз закляты Мост, ты сам становісься носьбітам страшэннага закляцьця! Тваё біяполе робіцца шкодным для людзей, што знаходзяцца побач з табою. Па-твойму – цяпер ты маеш небясьпечныя для кожнага чалавека сурокі, і дзе б ты ні быў – у гэтым Садзе ці на іншай плянэце – тыя, хто апынецца каля цябе, пачнуць сьмяротна хварэць, аддаючы табе сваю жыцьцёвую энэргію. А калі паблізу жывуць два такіх «заклятыя», выжыве той, чыё біяполе мацнейшае! Асабліва хутка людзі паміраюць у гэтым Садзе: ён узмацняе біяполе таго, хто яму «спадабаўся». Раней «дазорцы» – ахоўнікі Саду – ня ведалі гэтага. Жылі ўдвух, пакуль хтосьці адзін зь іх за кароткі час не згасаў. Цяжка, калі на тваіх руках памірае чалавек, да якога ты пасьпеў прывязацца. Стары Маянтох адчуў, што яго біяполе мацнейшае, я чэзнуў на вачах. А ён стаміўся жыць… Паміраючы, ён расказаў мне пра закляцьце продкаў.

– Ты хочаш сказаць, што цяпер я не магу жыць побач зь іншымі людзьмі?

– Так, цяпер ты «закляты», мутант, вырадак, сурочнік, створаны толькі для таго, каб быць мне канкурэнтам, каб я рупіўся пра Сад мацней, чым ты ў будучым можаш гэта зрабіць! І Сад сам абярэ і дапаможа таму з нас, хто больш яго варты. Але я не хачу даваць ні Саду, ні сваім, ні тваім сурокам гэта вырашаць! Я выбіраю самоту, а ня сьмерць.

Ён змоўк.

– Значыць, ты хочаш сказаць, што я адрэзаны закляцьцем ад свайго народу і каханай, ад сваіх продкаў? – спытаў я. – І цяпер на сьвеце для мяне існуюць толькі ты і я ды гэты Сад?

– Так! – ледзь ня выкрыкнуў Раншай. – Зразумей, што гэта хітрая, спэцыяльна зробленая табе ці мне пастка, каб прымусіць цябе ці мяне, хто здольны, з усёй моцы рупіцца пра гэты Сад, пра гэты цудоўны, райскі куток на закінутай Богам плянэце. Але ж яшчэ зразумей, што ты госьць, чужынец. А я жыву тут амаль трыста гадоў. Гэта мая краіна, маё племя і мой род. Вось бачыш гэтую пальму? Яна мая сястра.

А вунь мой брат – чырвоны хвалісты папугай. А ты для іх ніхто. Ты вораг!

– Што ты прапануеш? Чаго ты хочаш?

– Што я хачу… – прамовіў ён халодным тонам. – Я хачу, каб ты добраахвотна згадзіўся пакінуць мне мой Сад.

– Каб я пагадзіўся на сьмерць?

– Так.

– Каб я сам сябе забіў?

– Так.

– А ты ўпэўнены, што ўсё, што ты мне цяпер апавёў,– праўда?

– Так.

«Мой Шлях – гэта шлях да сьмерці, – падумаў я, – усюды мяне хацелі забіць, усюды я быў лішні, я быў для кагосьці канкурэнтам. І якія б ні былі высакародныя матывы маёй мэты, кон вёў мяне да скону».

– Дай мне падумаць. Я клянуся ўсім сваім родам, што наўмысна не зраблю табе нічога кепскага.

– Добра, думай да вечара. Як толькі сьцямнее, буду чакаць цябе на гэтай паляне, ля вогнішча.

Ён схіліўся і разрэзаў нажом путы.

Я ўстаў, разьмяў здранцьвелыя рукі і ногі, моўчкі накіраваўся ў гушчар. Хацеў да вечара ўвабраць у сябе ўсе дзівы, якія шчодра раздаваў Сад.

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх