Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 22
Сад замкнёных гор
ХХІ
ОглавлениеХуткі пад’ём. Над маёй галавою з бразгатам і шыпеньнем разьехаліся ў розныя бакі паловы жалезнага века…
Імгненьне я стаяў на краі прорвы, на дне якой плёскаўся чорны акіян бяздоньня. Далёка наперадзе, на супрацьлеглым краі, віднелася каменная стромая сьцяна. Такая ж сьцяна была за маёй сьпінай, якая на значнай вышыні пераходзіла ў велізарныя скляпеньні, нібыта хтосьці спрабаваў пабудаваць цырк для гігантаў. Упершыню я апынуўся ўсярэдзіне такога агромністага збудаваньня і ніколі ня бачыў столькі адкрытай прасторы. Закружылася галава, я абапёрся на сьцяну.
Жалезны гаўбец, на якім я стаяў, здрыгануўся і нізкім тонам загудзеў. Мабыць, унізе зноў запрацавала паветраная шахта. У яе прабраліся людзі Ўпляйка.
Я саскочыў на вузкі гзымс, што надвісаў уздоўж прорвы. Гэта быў адзіны шлях. Хутка пайшоў па ім. Гзымс няўхільна падымаўся. Я стараўся не глядзець у бездань, бо нараджаўся страх вышыні і адкрытай прасторы.
Прыкладна праз трыста крокаў мне сустрэлася яшчэ адна такая ж паветраная шахта. Пасьля – яшчэ і яшчэ. Адны зь іх былі напалову разбураныя, іншыя выглядалі так, быццам імі ніколі не карысталіся. Значыцца, да гзымса можна было «даехаць» з розных узроўняў. А гэта былі патаемныя хады нашых продкаў, пра якія людзі даўно забыліся, а я чуў пра іх толькі ў старажытных легендах. А гэты гзымс, сьцежка над пропадняй, і быў тым запаветным Шляхам?
Аднак я памыляўся, бо праз гадзіну хуткай хады я ўбачыў ШЛЯХ.
Перада мною быў каменны мост, які вёў на той край прорвы. Дакладней, мост утваралі асобныя пліты-прыступкі, што на рознай вышыні непадалёк адна ад адной выступалі зь бездані. Паміж некаторымі былі прагалы, якія можна было толькі пераскочыць.
Калі я стаў на першую прыступку, аднекуль зьнізу ўспыхнула аранжавае сьвятло, накшталт вартавых промняў, што меліся на брамах кожнага гораду. З-пад наступнай прыступкі вырваўся струмень паветра, які спачатку парываўся мяне скінуць у прорву, а пасьля ўтварыў вакол мяне безупынны віхор. Кожная прыступка выпускала з-пад сябе шалёны вецер, які налятаў на мяне, а пасьля, быццам адчуваючы, што я даволі моцны і мяне скінуць няпроста, ператвараўся ў новы віхор, толькі іншага колеру. Неўзабаве я быў ахутаны вясёлкавым ветраным коканам. У мяне сьлязіліся вочы, скроні сьціснуў боль. Адчуваў паколваньне па ўсёй скуры, па ёй пайшлі чырвоныя пухіры. Рознакаляровыя віхры спараджалі невялічкія маланкі, што непрыемна патрэсквалі і сьляпілі. Успышкі мікрабліскавіц зрэдчас адбіваліся блікамі на гладкіх чалавечых костках і чарапах, што былі заціснуты ніжэй паміж прыступкамі ці ляжалі далекавата на доле. Мяне ахінуў жах. Але я адчуваў, што вяртацца нельга, там – сьмерць. Хаця і наперадзе нішто не казала пра збаўленьне. Ісьці было ўсё цяжэй і цяжэй. Каб адагнаць боязь, я лічыў прыступкі.
З-пад сорак шостай вырваўся такі моцны вецер, што зьбіў мяне з ног. Але я паляцеў не ў тартарары, а ў вышыню. Вецер з-пад сорак шостай прыступкі (ён быў залатога колеру) падхапіў мяне і кінуў у велічэзную агністую браму, што зьнянацку ўзьнікла на траекторыі палёту. За ёй віравала агромністая сьпіралепадобная паветраная ўлонка.
Яна ўсмактала мяне.
Усе колеры сьвету перамяшаліся і ўспыхнулі зыркім белым сьвятлом…
* * *
Калі я адкрыў вочы, нада мною было нешта незвычайнае. Я нават спалохаўся, ці ня здарылася ў сьвеце неверагоднай катастрофы альбо вайны з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў, што былі забароненыя шматлікімі канвэнцыямі і пагадненьнямі.
Каменныя сьцены, скалечаныя, перакручаныя, нехлямяжа навісалі нада мною. Ва ўсёй пабудове незвычайнага калідора, дзе я ляжаў, не было ні лёгікі, ні заканамернасьці. Я са зьдзіўленьнем і трымценьнем азіраў зломленыя, крывыя лініі сьценаў і цені, якія быццам прарасталі на іх, як неверагодныя водарасьці марскога возера.
Але аднекуль з глыбіняў падсьвядомасьці само па сабе ўсплыло малаўжывальнае намі слова: «Пры-ро-да!»
Нада мною былі натуральныя скалы, якія я калісьці мог бачыць на карцінках кніг ці на экранах фотасховішчаў.
Ці ня сон гэта?
Я прыўзьняўся, пальцамі правёў па няроўнай паверхні скалы. На дотык яна мне падалася шурпата-прыемнай.
Доўга ляжаў, разглядаў, зачароўваўся ў любаваньні.
Велічнае імгненьне, калі абстрактныя ўспрыманьні, пачэрпнутыя з урыўкавых навуковых зьвестак ці паўфантастычных народных паданьняў, альбо са сноў і мараў, – раптам паўстаюць на яве.
Прыродныя алягічныя нагрувашчваньні, здавалася, насычалі мяне моцай і спакоем.
Я пайшоў па ПЯЧОРЫ. Дзіўна, але я не адразу заўважыў, не адразу адчуў, што я быў цалкам голы, побач не было ні маёй тунікі, ні акраўка тканіны, увогуле нічога, чым я мог бы прыкрыцца. На нагах засталіся толькі вемасуцкія сандалі, якія я так і не захацеў памяняць на модны абутак гараджанаў. Спэцыяльна вырабленыя са скуры прыдольных пацукоў, яны дазвалялі бясшумна хадзіць па падземных тунэлях, а ў шырокіх рамянях, што ахіналі пяткі, былі патаемныя кішэнькі, дзе я хаваў мэдальён, падораны Руатай, падарунак філёзафа са звалкі, а таксама ў кожным зь іх ляжала срэбная сьпіралька – кудмень-абярог народу вемасутаў. Магчыма, гэта і не дало сандалям сарвацца з ног, ці, наадварот – не дало мне зьляцець з прыступак Моста.
Я ішоў, мякка ступаючы па няроўным грунце, мая галізна падавалася цалкам натуральнай для Прыроды.
Сьмешная, зьвілістая рачулка ціха квохкала над прыдоннымі каменьчыкамі.
Пасьля «крывой брамы» я акунуўся ў сьвятло! І бясконцасьць! У мяне было пачуцьцё, быццам у маёй галаве раскрываецца генэтычная памяць, я мог зрокава ўспрымаць раней не напоўненыя вобразамі словы: «Неба», «Аблокі», «Далягляд». Я прылёг на мяккую падлогу, захапляючыся краявідам. Далоні сьціснулі вільготную глебу. «Зямля»! Вось што гэта значыць!
З-за горнага схілу выглянула СОНЦА! Антыдзюра ў столі-небе!
Сьвятло, якое яно спараджала, я ня мог успрымаць як звычайнае сьвятло, – проста антыцемра. Я без адрыву глядзеў на сонца, асьляпляючы вочы. Здавалася, што мой розум і сонца зьліваюцца, быццам аднародныя субстанцыі.
Я з гонарам адчуваў, што прайшоў па ШЛЯХУ.
І цяпер магу дасьледаваць падсонечную частку сусьвету!