Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 14
Сад замкнёных гор
ХІІІ
ОглавлениеЧалавек ішоў мне насустрач. Вопратка яго адразу кідалася ў вочы сваёй незвычайнасьцю. Чорны, старога пакрою, фрак, жоўтыя ў сінія і зялёныя колцы брыджы, сучасныя лёгкія сандалі пад валасатымі лыткамі, на галаве – чалма, што нагадвала скручаную малінавую зьмяю, у руцэ – лякіраваны сакваяж. Усе складнікі адзеньня былі прыстойна чыстымі і калісьці з гонарам вытрывалі спробу прасаваньня.
Мы павіталіся.
Ён казаў з правільным сталічным вымаўленьнем, хаця вопратка выкрывала, што чалавек доўга адсутнічаў у сталіцы і пасьпеў назаўжды адстаць ад тамтэйшай моды.
Яго твар суправаджаў кожнае слова дужа незвычайнай – пакуль не прывыкнеш – тэмпэрамэнтнай мімікай, узьлёты махнатых броваў мелі такую вялікую амплітуду, што адразу можна было пераканацца: перад табой шчыры аптыміст.
Пад правым вокам у яго была радзімка ў выглядзе павука, што яшчэ больш ажыўляла яго фізіяномію – быццам шчака, раз-пораз пацопваючы, імкнулася скінуць нахабнага інсэкта.
Мы разгаварыліся.
– І цяпер, бадай, ужо месяц бадзяюся па розных узроўнях, распытваю людзей пра Руату, – скончыў я свой сумны аповед.
– Прыемна пазнаёміцца з вашай інфармацыяй. Я – Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філёзаф. Апошнім часам жыў на сьметніку і думаў над пабудовай сьвету.
Бязь лішняй сьціпласьці скажу, што я раскрыў тайну стварэньня вас… Мяне. Сусьвету! – Пры тым галава яго моцна захісталася, напэўна, каб зацьвердзіць справядлівасьць сказанага. – А вы, шаноўны спадару, – працягваў ён, – першы, хто зьвярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу…
– Як? Узнагародзіце? – мне вельмі-вельмі спадабалася гэтая ідэя.
– Так, я ўзнагароджу вас сваёй тэорыяй. Вы будзеце першы, хто цалкам дазнае яе! Хай мае здагадкі жывуць у людзях!
Мая радасьць імгненна зачаўрэла. Мне ня вельмі «ўсьміхалася» слухаць нудныя філязофскія разважаньні, мне трэба было толькі спытаць, ці сустракаў ён на сваім шляху Руату альбо Ўпляйка, але зь ветлівасьці я ня мог перапыніць яго.
Філёзаф зьняў чалму, раскруціў, дастаў зь яе кавалак хлеба:
– Жуйце, слухайце, разумейце… а падчас жаваньня ўсё запомніце…
Я зьдзівіўся ягоным словам і дзеяньням, але ежу ўзяў.
– Адмаўляць разьвіцьцё проста неразумна хаця б таму, што раней людзі хадзілі толькі пешкі, потым езьдзілі на конях, а цяпер на электрааўтамабілях. А раз ідзе разьвіцьцё, то, значыць, безупынна адбываецца працэс формаствараньня матэрыі і абагачэньня душы. Ад простай, беднай інфармацыяй формы да больш складанай і больш багатай інфармацыяй…
Філёзаф яшчэ доўга расказваў мне пра эвалюцыю Сусьвету.
– А што штурхае да разьвіцьця? У чым палягае тая ўнутраная энэргія? Дык вось, матэрыя і душа – гэта набор пэўных інфармацыйных зарадаў. Прасьцей іх можна падзяліць на прысутнасьць і адсутнасьць пэўнай інфармацыі, – такія сабе інфачасьціцы «Так» і «Не», альбо «Плюсікі» і «Мінусікі». А іх спалучэньне стварае набор кодаў, якія кіруюць усімі працэсамі Сусьвету. І мы таксама плён тых выпадкова складзеных кодаў. Нават вучэньне старажытнай рэлігіі амаль наўпрост даказвае гэта. У сьвяшчэннай кнізе нашых продкаў напісана: «СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА, СЛОВА БЫЛО Ў БОГА, БОГ – ЁСЬЦЬ СЛОВА».
– Ну, гэта я таксама чытаў, – сказаў я.
– А слова – ня што іншае, як код інфармацыі! Вось такі складаны і просты сьвет!
Я зь цяжкасьцю разумеў сказанае філёзафам, але адчуваньне, што ўсё залежыць ад кодаў інфармацыі, усё ў Сусьвеце створана інфармацыяй і ёю кіруецца, цьвёрда ўмацавалася ўва мне. Тым больш у маім розуме была закладзена Сьпіральная Замова Замоваў, па тэрміналёгіі дзіўнага філёзафа – своеасаблівы набор інфармацыйных зарадаў, што мог на час перакадаваць маё цела.
– А якая практычная карысьць ад вашае тэорыі?
– Практычная карысьць… Па-першае, гэта яшчэ адзін крок да запаветнай мары чалавека – усё ведаць і ўсім кіраваць. Фактычна мы можам знайсьці філязофскае слова – той унівэрсальны код інфармацыі, які адкрывае ўсе тайны мінулага і будучага. Па-другое…
Ён дастаў з сакваяжа яйка, паклаў на падлогу і крутануў.
– Бачыш, ня круціцца. Сьвежае.
Пасьля ён дастаў невялічкі бонг і пачаў далонямі выбіваць дзіўны сынкапаваны рытм. Пры гэтым ён штосьці мармытаў, пыр-ркаў губамі ці пасьвістваў. Рытм паімклівеў.
Па скронях старога пацяклі кроплі поту. Празь дзесяць хвілін гэтага напружанага дзеяньня стары адкінуўся і хвіліну ляжаў нерухома.
– А цяпер пакруці, – сказаў філёзаф, калі адкрыў вочы.
Я крутануў яйка – яно было гарачым і хутка круцілася.
– Ну, як? Укрутую!
Я паглядзеў на зьняможанага старога:
– Навошта так мучыцца, калі на кожным рагу ёсьць мікрахвалёвыя печкі?
– Ня ўсё ў сьвеце павінна мець практычную карысьць, – сказаў стары. – Яйка – дробязь. Калі трэба, можна прыдумаць вялікую сурму, у якую як сьлед падзьмеш – і разваляцца гарадзкія сьцены! А ўзьдзейнічаць на коды чалавека можна робячы напоі з траваў, можна вырошчваць спэцыяльна замоўленыя фруктовыя плады і даваць іх зьесьці, можна абкурваць чалавека адмысловым дымам – гэтым усім карыстаюцца розныя ведзьмакі і клерыкалы, а можна проста складваць песьні ці вершы, пра гэта добра ведалі старажытныя трубадуры. Сілай паэзіі яны ўнушалі каханьне жанчынам. Трэба толькі ўкласьці свой набор інфачасьціцаў «Так» і «Не» такім чынам, каб яны траплялі ў рэзананс зь інфачасьціцамі абранай асобы. Трэба вялікае майстэрства і талент. Хочаш, зараз я засьпяваю прыдуманую мной песьню, і твая правая нага будзе танчыць?
– Не, не!
– Ой-ля-па-та-ну-ра-ко-о-о-са… – зацягнуў тонкім рыпучым голасам стары.
Я адчуў як у мяне дранцьвее левая каленка.
– Ай, – я пляснуў далоняй па левай назе.
– Так, трэба песьню падрэдактаваць і яшчэ пераправерыць… – сказаў філёзаф і ўсьміхнуўся. – А вам я скажу: пішэце вершы, мой малады сябру, і йдзеце сваім шляхам.
Вершы? Я ніколі не пісаў вершаў і нават ня ведаў, для чаго людзям патрэбны гэты занятак. Аднак мне падалося, што стары філёзаф добра ведае маю гісторыю. Яго словы распалілі ўва мне пацьмянелы было далёкі пульсар мэты. А потым яго захіліў твар Руаты. Я знайду яе, і мы разам адшукаем легендарны Шлях!
– Шаноўны Оярэт-С, а вы ня бачылі юную, прыгожую дзяўчыну, – я апісаў Руату, – і статнага блакітнавокага мужчыну?
Філёзаф падумаў:
– Ах, так, я помню, такі чалавек быў на сьметніку.
– На сьметніку?
– У атрадзе асэнізатараў. Ён у іх кіраўнік, здаецца. Так, так, а дзяўчына сядзела ў ягоным электрамабілі.
– На сьметніку!
Не, мне нешта зусім ня верылася. Упляйк служыў у гарадзкой паліцыі – і раптам асэнізатар на сьметніку… Руата на сьметніку! Шаноўны філёзаф зьехаў з глузду!
– Асэнізатары абслугоўвалі перапрацоўчую машыну! І калі блакітнавокі і яго людзі зьявіліся там, зусім нядаўна, жыхароў сьметніка разагналі. Праўда, самога сьметніка таксама, здаецца, ужо няма. За той час, пакуль я іду, яго, мабыць, пасьпелі ліквідаваць.
– Не, вы гаворыце праўду?! – я ўважліва паглядзеў у карыя вочы стомленага сталага чалавека.
Ні ценю падману. Спакойны, трохі насьмешлівы погляд.
– А навошта мне хлусіць? Вы, спадару, мне грошы ня плаціце.
– Калі ласка, скажыце, дзе той сьметнік?
– Далёка на паўднёвым усходзе.
– Дзякуй! – я схапіў яго руку і моцна патрос. – Мяне вельмі ўзрушыла ваша тэорыя! Я абавязкова запомню яе.
О-гэй! Я іду на паўднёвы ўсход!
Філёзаф па-сяброўску таргануў мяне за плячо.
– Посьпехаў табе, юны дружа… Памятай пра коды.
Я абняў дзіўнага чалавека.
– Паслухайце, Даляшорзах, апошняе пытаньне: вы выпадкова ня ведаеце іншага прыстойнага сьметніка, ці яшчэ якога ціхага месца, каб можна было пажыць і падумаць старому, змучанага сэнсам жыцьця чалавеку?
– Ціхага месца?…
І я ўспомніў закінутую, жудасную турму, дзе была агідная жаба.
– Турма! О, гэта тое, што патрэбна прафэсійнаму філёзафу! – узрадаваўся Оярэт-С.
– Толькі асьцярожна, жаба можа стрэльнуць.
– Нічога, мы зь ёй дамовімся, тым больш у мяне будзе цярплівы слухач.
– Яшчэ просьба: пахавайце вязьняў.
– Не турбуйцеся. Я знайду спосаб прымусіць яго зрабіць усё як сьлед.
– Добра. Калі я выканаю сваю мэту, я знайду вас там і пазнаёмлю з нашымі Вешчунамі. Вам ёсьць пра што зь імі паразмаўляць.
– Ах, так, ледзь не забыўся, – ён дастаў з сакваяжа стос паперак, пакорпаўся ў іх, нарэшце выбраў невялікі папяровы пакунак. – За тое што ты мяне цярпліва выслухаў, я падарую табе адну рэч. Калі табе будзе вельмі самотна, разгарні гэта.
Мы цёпла разьвіталіся. Кожны пайшоў у свой бок.