Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 4

Сад замкнёных гор
ІІІ

Оглавление

Калідор. Прастакутная кішка!

І людзі, жыхары яе, – душы ў іх вузкія, сьлізкія і роўныя, быццам плоскія глісты.

Бэтонная шэрань на скуры, такі ж самы бэтоннанепрабівальны выраз твару. І размаўлялі, здавалася, не з дапамогай зьвязак, а схаванай у горле жалезнай арматурай.

Ж-жжжж-вібра-цыя!

Нарэшце я зь сельскай мясцовасьці трапіў у горад.

Перад адкрытай Брамай мяне з ног да галавы асьвятліў аранжавы прамень.

– Небясьпечных захворваньняў няма, грошай няма, можа працаваць, – пачулася дзесьці ў сьцяне.

Потым пачуўся працяжны позех.

Я бесьперашкодна прайшоў у горад. Места было тыповае, якраз такое, пра якое я чуў: чатыры тунэлі па прастакутным пэрымэтры, два асобныя, шырэйшыя, – пэрпэндыкулярна перакрыжоўваліся ў прасторным квадратным памяшканьні – гэта была галоўная кірмашовая плошча.

Мае ўласныя біярытмы патрабавалі сну. А страўнік ежы.

Я падышоў да лаўкі.

Лысы дзядок з даўно няголенымі шчокамі і вузкім хітрым позіркам гандляваў землянымі арэхамі, якія вырошчвалі ў выбоінах бэтону ці ў плястыкавых нішах.

– Можаце прадаць жменю?

– Тры рутобы.

– Што?

– Грошы.

Я ведаў, што ў гарадах ежу даюць за нейкія круглякі, але ніколі ня бачыў іх. Там, дзе я жыў, усё было агульным, а гандлявалі толькі за гадзіны працы.

– Праца.

Па маёй гаворцы, якая вымовай адрозьнівалася ад іхнай, ён зразумеў, адкуль я.

– Добра, – сказаў ён. – Праца. Пойдзеш на той край плошчы, убачыш чорную бабу, якая таксама гандлюе арэхамі. Перакулі яе кашы… патапчы. Я табе дам жменю.

– Вы несяце адказнасьць за тое, што я зраблю.

– Так, так, вядома… – ён нахіліўся да мяне і зашаптаў: – Яна вядзьмарка. Яе арэхі замоўленыя. У людзей ад іх пухнуць жываты. Але ўсё роўна купляюць у яе!

Я пабег, куды паказваў дзядок, хутка адшукаў старую гандлярку, не зважаючы на лямант, раскідаў яе тавар, патаптаў, пайшоў за платай. Але празь дзесяць крокаў капронавае ласо здушыла мне горла.

– Гэта ён! – вішчала чорная баба.

Два бамбізы ў карычневых каптурах зьвязалі мяне і прывалаклі ў прастакутны пакой.

Там на алюміневым, абцягнутым матэрыяй крэсьле сядзеў худы, як бамбук, дзядзька і паліў сьмярдзючую люльку.

– Што здарылася? – спытаў ён, з асалодай наліваючыся пачуцьцём улады.

– А-ааа! Паночку! Ратуй! Дапамажы! А-аа! Гэты мярзотнік усе мае арэхі, усю маю бульбу, гуркі, мой тавар сапсаваў…

– Яна мела толькі арэхі… І гэта ня я рабіў. Я прадаў сваю працу, – з гонарам сказаў я.

– Ты зь нізу?

– Так.

– Як клічуць?

– Даль… Даляшорзах Ін-Йорм.

– І каму ты прадаўся?

– Я шчыра прадаў сваю працу старому чалавеку, які таксама гандлюе арэхамі.

Худы кіўнуў бамбізам. Яны паставілі мяне ў кут і борзда выбеглі за дзьверы.

– Ты не ў сябе дома, у нас за вашыя звычкі забіваюць, – худы праз карычневыя, як яго каптур, зубы выціснуў хмару чорнага смуроду. Кручкаваты погляд, здавалася, драпаў маю шыю.

Праз пэўны час бамбізы зьявіліся зноў.

– На рынку такімі арэхамі гандлююць яшчэ адна старая і малы хлапец. Ніхто зь іх пра дзядка ня чуў… Ён хлусіць.

– Не, гэта ідыёт з самага нізу, ён хлусіць ня ўмее. А вы, спадарыня, – зьвярнуўся да чорнай бабы, – ідзеце дамоў ці гандлюйце тым, што засталося. Калі знойдзем таго дзядка, дык ён вам заплаціць. А ідыёта за тое, што ён ідыёт, мы ўстырнем.

Чорная баба, уся ў сьлязах, праклінаючы мяне, выйшла з пакою.

Я не разумеў, чаму яна на мяне ўзьелася: вінаваты быў дзядок, а ня я… Я ж быў толькі яго інструмэнтам. Рыдлёўку ж ня судзяць, калі ёю ўдарылі чалавека! Калі маральныя перакананьні яе народа дазваляюць заказваць такую працу, якую прапанаваў мне дзядок, то, значыцца, я рабіў правільна.

Аднак худы ня стаў мяне слухаць. Два бамбізы адвалаклі мяне ў глухую кельлю.

Там мне прынесьлі падобную да плястыкавага пюрэ кашу. Трэба сказаць, што яна насамрэч была даволі пажыўнай.

– Паеш, каб каленкі не падкасіліся, – зарагаталі бамбізы. Мне разьвязалі лішнія вяроўкі – пакінулі толькі на руках.

Замкнулі жалезныя дзьверы. Нарэшце я мог нядрэнна выспацца.

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх