Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 8

Сад замкнёных гор
VІІ

Оглавление

– Халё, Нетайч, падтрымай, час здымаць. А то засьмярдзіць. Вэнтыляцыя ў нас – сам ведаеш. До, што ад кірмашу ў мяне ў носе кузуркі родзяцца.

– На парсючнік?

– А што, у трубу? Мяса ёсьць мяса.

– Так то ж далёка цягнуць.

– Нічога, ён малойца, яшчэ сьвежанькі і не такі ўжо цяжкі, – засьмяяўся шляхетны з твару, статны вартаўнік. – Давай, бяры яго за ногі.

Сам ён стаў на ўслончык. Моцныя пальцы пашырылі пятлю, капронавая аборка прапаўзла па падбародзьдзі і зачапілася за нос.

«Вось дурань, носа ня бачыць», – падумаў я…

– Ах, чорт, – ён цалкам зьняў пятлю.

– А-а-а, Упляйк, дапамажы, я ня можу!.. – закрычаў Нетайч унізе.

Гэты слабак ня змог утрымаць маё цела, я ўсім тулавам наваліўся на статнага вартаўніка, і мы ўтрох разам з услончыкам паляцелі на падлогу.

– Хіба акуратней ня можаце! – злосна прамовіў я.

Вочы Ўпляйка і Нетайча вылезьлі з арбітаў.

Вартаўнікі рвануліся зь месца.

– Ну, не-е, – я пасьпеў зачапіць Упляйка, – разьвяжы.

Ён дрыготкімі рукамі сарваў зь мяне вяроўкі, вырваўся, але спатыкнуўся аб услончык і застагнаў.

Я паправіў вопратку, агледзеў месца свайго пакараньня – няўжо сапраўды бывае такое? – пераступіў небараку і пайшоў далей. Ня ведаю, як вартаўнік глядзеў мне ўсьлед, але падбегчы схапіць не наважыўся. Ды я і сам дрэнна цяміў – галава гула, ныла і зьвінела адначасова.

Я ішоў…

Аднак з маім уваскрэсеньнем уваскрос мой голад. Што б стары вяшчун у кутку майго розуму ні мармытаў – есьці хацелася па-драпежніцку.

У каменным апэндыксе на ўскраіне гораду гучалі рытмічныя рыпучыя гукі.

Карчма была набіта народам. Па адзеньні можна было меркаваць, што людзі не належалі да вышэйшага саслоўя, надта шумна размаўлялі, амаль крычалі, узбуджанымі галасамі, дый на вушах не было шкляных званочкаў.

Уздоўж доўгіх сталоў, заваленых стравамі і пітвом, сядзелі мужчыны, жанчыны, моладзь. Некаторыя перад сталамі хісталі тулавамі – танчылі пад уласны акампанэмэнт – са сьціснутымі губамі мармыталі сабе пад нос песьні.

Раптам проста на стол ускочыла ўжо немаладая, але даволі яшчэ прывабная жанчына.

Усё сьціхла.

– Мусім наканаванасьці, – гучна прамовіла яна.

Да стала падышоў бубнар. Спачатку марудна, а потым хутчэй і хутчэй ён пачаў біць у звонкі бонг.

Пад рытм жанчына пачала зьвівацца. Яе цёмна-каштанавыя валасы распусьціліся, хваляваліся, як чакалядныя струмяні. Босыя ступні то мяккімі, то рэзкімі рухамі скідвалі са стала талеркі са стравамі, кубкі з рубінавым пітвом.

Нечакана рытм рэзка паскорыўся. Лёгкая туніка, што была на жанчыне, зьляцела. Яна зьвівалася, зьдзіўляючы публіку неверагоднай гнуткасьцю.

– Мае рукі – зьмеі, мае ногі – зьмеі, – шаптала яна, вочы яе закаціліся пад павекі.

Некалькі мужчын кінуліся да яе, стараючыся першымі дакрануцца, падхапіць на рукі. Яна спрытна адхілялася.

Жанчына, не губляючы рытму танца, ухілялася ад мужчынскіх далоняў, падобных да белых сквапных языкоў полымя. Чуліся жарты, сьмех, крыкі.

Мужчыны штурхалі адзін аднаго, ледзь ня біліся. Нарэшце самы-самы, які падабаўся ёй, высьлізнуў зь вясёлай мітусьні, перахітрыўшы сваіх канкурэнтаў, заскочыў на стол, падбег да жанчыны і пяшчотна, але моцна абняў. Яна абвіла яго і ўдзячна ўсьміхнулася.

– Вып’ем за іх! – зараўлі застольнікі.

– Вып’ем.

Першай узьняла свой залаты келіх юная смуглянка, якая сядзела ў сярэдзіне пакоя на высокім крэсьле. Над яе чалом красаваўся вянок з чорных ружаў.

Мужчына і жанчына пад добрыя жартаўлівыя парады ўзяліся за рукі і сышлі.

А бяседа працягвалася.

Я падышоў да сталоў. Ля іх было шмат вольнага месца. Многія бяседнікі валяліся ці качаліся на падлозе. На мяне ніхто не зьвяртаў увагі.

– Вып’ем, – гаркнулі чарговы раз.

Я хацеў і есьці, і піць. Наліў сабе вялікі кубак і разам з усімі хутка выпіў.

Халодная пякучая вадкасьць працяла маё горла.

Цёплая хваля пракаціўлася па маім нутры.

Я, згаладнелы, схапіў вялізны кавалак мяса, запусьціў у яго зубы. Я ледзь пасьпяваў глытаць і хапаць новую і новую страву.

Потым яшчэ адна дзяўчына танцавала на стале…

– Вып’ем, – закрычалі вакол, калі выявілася новая пара.

– Вып’ем, – загарлаў я.

Я выпіў другі келіх. Галава мая ператварылася ў воблака і кудысь паляцела. Мне захацелася яго дагнаць, я пабег, закрычаў: «Эй, глупотнае, я тут, чаго зьлятаеш?» Я бег каленкамі па падлозе і калі зразумеў, што галавы ўсё роўна не дагнаць, вырашыў пажыць безь яе… і зваліўся на зямлю.

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх