Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 21

Сад замкнёных гор
ХХ

Оглавление

Здавалася, струмень яшчэ ўзмацніўся, а пасьля сьціх.

Плястмасавы сьнег-сьмецьце ўпаў на падлогу, цалкам засыпаўшы мяне. Задыхаючыся, я ледзьве выкараскаўся з сумёту.

Пачуў сьмех Упляйка, узмоцнены празь мікрафоны. Ён адмыслова прыпыніў машыну, каб бачыць мяне.

Зароў матор. Гострыя аскепкі паляцелі на мяне.

Што ж, няхай. Барацьба!

Я адзін супраць войска і пачварнай машыны.

Падцягнуўся. Паставіў ногі ў шчыліну, знайшоў для рук новы выступ. Зноў падцягнуўся.

Прапоўз такім чынам тры мэтры. Спыніўся адпачыць.

Туніка, мокрая ад поту, прыліпла да цела.

Далей пралягала зусім гладкая падлога, ніякіх зачэпак.

Трэба караскацца да іншага краю.

Я трошкі разьвярнуўся… Зрабіў неасьцярожны рух, і мая нага сарвалася. Я павіс (павіс на падлозе!) на адной руцэ.

Акpаек трэшчыны ўпіўся ў фалянгі пальцаў.

І пальцы ня вытрымалі, я паляцеў!

Страшна, калі не валодаеш сваім целам, калі яно бездапаможна борсаецца ў даўкай плыні, што нясе на жахлівую сьмерць, ад якой ня выратуе нават чароўная мудрасьць старога мысьляра. Майму «Я» проста ня будзе куды вяртацца. Пачвара нічога не пакіне ад майго цела.

Падзеньне паскорылася. Заля перад брамай з клюшнямі звужалася. Паток аскепкаў шкла, плястмасы, тынкоўкі тут ушчыльняўся, што дадавала большых пакутаў.

Раптам пада мною на падлозе ўтварылася даволі вялікая трэшчына. Рукі чыста інстынктыўна схапіліся за край. Я павіс. Хвіліна сьмерці адкладзена!

З боку ўжо блізкай пашчы вылезла жудасная клюшня, пачала павялічвацца. Бачна, як расьціскаюцца і сьціскаюцца агромністыя абцугі. Яны цягнуліся да мяне.

Не! Далёка!

Жалязяка здолела толькі дакрануцца да падэшвы маіх сандаляў.

Я мог трохі перадыхнуць. Усю падлогу вялікай залі пакрывала павута шчэрбін і трэшчын.

А пачвара высмоктвала паветра! Вецер яшчэ больш узмацніўся – мабыць, ва Ўпляйка ня вытрымалі нэрвы, і ён загадаў запусьціць машыну напоўніцу. Град вострых аскепкаў тынкоўкі, адломкаў засохлай фарбы, плястмасы бязьлітасна біў мяне. Сьмецьце засядала ў валасах, забівала ноздры, вушы, вочы. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй. Я з апошніх сіл трымаўся за гостры край трэшчыны, вісеў у струмені паветра над самай пашчай машыны. Раптам раздаўся страшэнны выбух – гэта са сьценкі з клёпак сарваўся пласт сталі. Ён праляцеў паўзь мяне, садраўшы зь мяне туніку і параніўшы мне сьпіну, і плазам упаў на пашчу машыны.

Рухавік узвыў. Але струмень паветра аслабеў.

Па трэшчынах, як па прыступках, я пабег да таго месца на сьценцы залі, якое мне паказаў карлік. Хутчэй, пакуль машына не перажавала сталёвы ліст.

Маё цела, нібы сьвежая лаза ў руках празорцы, затрымцела. Я ўвесь сьціснуўся і ўдарыў правай рукой у сьцяну. Яна адспружыніла мой кулак, з костачак палілася кроў. Але і на сьценцы зьявілася зорка чорных трэшчын.

Яшчэ адзін наймацнейшы ўдар! Рука правалілася ў плястмасу і фольгу. Адтуль вырваўся струмень паветра, якое напаіла, наталіла мяне. Яно было іншым, чым паветра на ўсіх узроўнях сьвету. Марозкае і вострае, сьвежае і пругкае.

Машына разжавала стальны ліст і цяга зноў узмацнілася. Я, борсаючыся ў паветры, з усёй моцы разьдзіраўпашыраў дзіру.

І раптам роў матора сьціх.

Асэнізатары заўважылі, што я раблю.

Позна, Упляйк!

Я перакуліўся ў праробленую адтуліну.

Маё зьнясіленае цела пляснулася на простакутную плятформу. Я ўбачыў помку выкліку, хутка націснуў на яе. Побач бясшумна паднялася сьцяна. Плятформа ўвезла мяне ў шахту.

Патаемная паветраная шахта!

У пругкіх струменях паветра я паплыў уверх.

Плятформа, што засталася ўнізе, пасунулася на сваё месца, сьцяна за ёю важка апусьцілася, захіліўшы сваім гмахам маю сьмерць.

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх