Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 20
Сад замкнёных гор
ХІХ
ОглавлениеВязьняў абудзіла яркае, пранікальнае ва ўсе куткі, аранжавае сьвятло.
У адным месцы, дзе сьцяна была штучна перакрыта, расчынілася брама, і ў яе, невыносна прарыпеўшы, уставілася жахлівая жалезная пашча мэханічнага монстра.
Апраханцы спалохаліся і кінуліся падалей ад яе.
– Даляшорзах, – адгукнуліся сьцены голасам Упляйка.
У вялікім авальным ілюмінатары паказалася яго постаць.
– Я, капітан гігіеністаў Зьвязу Трох Узроўняў Мінчвекс Упляйк Малодшы, абяцаю табе, што ты будзеш разрэджаны ў кіслаце і кінуты бактэрыям, як небясьпечнае сьмецьце.
І ніякія твае сьпіральныя замовы табе ўжо не дапамогуць…
«Руата, – падумаў я, – ты ж абяцала мне не выдаваць тайну».
– Потым мы расквітаемся з тваім племем! – працягваў Упляйк.
«Не, – зларадна падумаў я, – хлусіш, да майго народу табе ніколі не дабрацца. Патаемныя лёхі ведаюць толькі выбранцы, а з такой махінай ніколі не пралезьці…»
– Упляйк, адпусьці апраханцаў і дай мне пагаварыць з Руатай.
– Гэты народ, як і тваё племя, – бруд нашага сьвету.
Бруд мы вычышчаем. А Руата і так на экране бачыць цябе.
– Дай мне ўбачыць яе.
Руата наблізілася да ілюмінатара:
– Я слухаю цябе Даляшорзах.
У мяне перад вачамі на імгненьне ўспыхнуў твар старога філёзафа Оярэт-Са, і раптам я адчуў патрэбу ў словах. Я прамовіў да Руаты толькі што народжаныя радкі:
Калі ты ў мяне закаханая,
Калі ты ў мяне, закаханая,
У сэрцы, у думках, у снах,
Калі я ў цябе закаханы,
Калі я ў цябе, закаханы,
Стаю ў закрытых вачах, —
Нас кліча нязьведаны Шлях!
Калі я ў цябе, закаханы…
Калі я ў цябе закаханы…
Калі ты ў мяне, закаханая…
Калі ты ў мяне закаханая…
Яна засьмяялася. Зароў матор.
Заля дробна завібравала.
Струмень паветра спачатку сарваў пыл з падлогі, сьцен, столі, затым пакаціліся кавалкі тынкоўкі, у кагосьці зьляцелі сандалі.
Струмень узмацняўся.
Вязьні зразумелі, якая жахлівая сьмерць іх чакае. Пачалася паніка. Кожны імкнуўся схапіцца за выступ на падлозе, на сьценах. Людзі чапляліся адзін за аднаго і тым самым зрывалі тых, хто неяк трымаўся.
Струмень узмацняўся…
Адна кабета ціха засьлізгала па падлозе, яе рух падправіла жалезная клюшня, што вылазіла збоку ля пашчы. Ногі трапілі на зубцы, што шалёна круціліся. Перадсьмяротны крык заглушыў роў матора. Пырснула кроў. Зрэнкі кабеты пашырыліся ад болю…
Я ня вытрываў больш глядзець.
Струмень узмацняўся.
Толькі-толькі зьніклі русыя валасы кабеты ў жахлівых сківіцах, і ўжо новую ахвяру спрытна накіравала пад прэсы бязьлітасная клюшня.
Крык болей не перапыняўся.
Жах, што спачатку ахапіў мяне, нечакана растаў, і я пачаў разважаць хутка, выразна, дакладна.
Мне адносна пашанцавала, бо ляжаў я каля канаўкі ў падлозе, адна рука дык вельмі зручна трымалася за яе край.
Другой рукой я схапіў за валасы карліка, які быў паехаў па бэтонна-плястыкавай роўнядзі.
Маё «выгоднае» становішча хутка ацанілі суседзі і ўдвух зачапіліся за мяне. Я адчуваў, як кожнае імгненьне зьнішчае моц рукі. Таму трэба было выбіраць.
Я падцягнуў карліка да рота, схапіў зубамі за каўнер, а вольнай рукой ударыў дзецюка, які абхапіў маю шыю. Той вохкнуў і паляцеў да сьмерці. Другі дзяцюк, убачыўшы, што я раблю, страшна вылаяўся і паспрабаваў ухапіцца за нешта на зямлі, але там нічога зручнага не патрапілася.
Ён закрычаў і, зрываючы аб падлогу пазногці, пасьлізгаў да страшэннай машыны.
Я адбіваўся ад тых, хто ляцеў на мяне, і таксама, як мог, тузаў карліка, бо невядомае пачуцьцё падказвала – ён выратуе мяне.
Карлік быў без прытомнасьці, і сутаргі пачалі «круціць» яго ногі, рукі. З горла ў яго вырываліся дзікія стогны.
– Ну, давай, давай, кажы мне! – крыкнуў я.
Мутныя вочы карузьліка праясьнелі.
– Сьмерць гэта канец… А канчаць заўсёды прыемна… – ён усьміхнуўся.
– Кажы, – я штосілы страсянуў яго.
– Там… – вачыма паказаў ён.
І я прачытаў яго думку! Там – я дакаладна ўжо ведаў дзе! – трэба праламіць сьцяну…
– Людзі! Я ведаю выйсьце!
Мяне пачулі некалькі малых хлопцаў і дзяўчынка дванаццаці гадоў зь вялікімі сінімі вачыма – мабыць, іх старэйшая сястра. Толькі ж іх сілы былі настолькі мізэрныя.
Яны вішчалі, караскаліся і падалі, па чарзе набліжаючыся да пачварнай пашчы.
Хай гэта жорстка, але я зразумеў: пакуль вакол будуць звар’яцелыя істоты, мая сьмерць непазьбежная.
Я чакаў.
– А чаму ты не скарыстаўся выйсьцем дагэтуль?! Чаму ты, мярзотнік, не сказаў астатнім?! – крыкнуў я ў вуха карліку, але той зноў пачаў траціць прытомнасьць.
Але на хвілю акрыяў:
– Ні ў кога няма моцы праламіць сьцяну… Там… там іншы сьвет, ня наш… там таксама канец… – забыцьцё не дало яму дагаварыць. Твар стаўся спакойным і шчасным. Ён перастаў дыхаць.
Я здагадаўся – мудры карлік загадзя праглынуў апошнюю прыхаваную порцыю наркотыка…
– Бывай, – сказаў я і расьціснуў пальцы.
Ён, ужо мёртвы, б’ючыся галовою аб падлогу, паляцеў да жалезных, чырвоных ад крыві, клюшняў.
Нешта зьмянілася! Узмацніўся гук і вецер. Раздаўся трэскат і па бэтоннай падлозе папаўзьлі вялікія рашчэпіны, пад імі забялелі плястыкавыя косьці перакрыцьцяў. Гэта выратавала хударлявую сінявокую дзяўчынку, што яшчэ нядаўна падтрымлівала сваіх братоў. Яна змагла зачапіцца рукамі за рабро адной з трэшчын і адчайна змагалася за сваё існаваньне. На той час у залі, якую «вычышчалі» асэнізатары, у жывых засталіся толькі я і яна. Жаль працяў мне сэрца, пасьля зьмяніўся на гнеў, калі я ўявіў, што за сьмерцю людзей па экранах назірае купка нягоднікаў, а зь імі мая каханая…
Завіруха бэтоннага пылу і плястмасавых акраўкаў панавала ў прасторы, замінаючы глядзець.
Я прыхіліўся да трэшчыны, за якую трымалася дзяўчынка.
Рашчэпіна была даволі шырокая, і як я здагадаўся, ішла па шве калідора. Я падпоўз да дзяўчынкі, разарваў алюміневую фольгу, што блішчэла паміж вострых плястыкавых краёў. За разрывам, як я і меркаваў, адкрылася міжтунэльная прастора, настолькі вузкая, што ў яе магла праціснуцца толькі яна.
– Залазь! Хутчэй! Пакуль яны будуць займацца мной, ты пасьпееш схавацца.
Дзяўчынцы было гадоў дзесяць-дванаццаць. Яна была настолькі худзенькая, што без праблем пралезла ў пралом у падлозе.
– А вы?
– Калі зможаш, дабярыся да паўночнай штольні. Пад плітой са сьпіральнай драпінай ёсьць лёх, за ім жыве народ вемасуты. Ён прыме цябе. Скажы, што Дяляшорзах ідзе па Шляху.
Яна паглядзела мне ў вочы:
Калі ты ў мяне, закаханая,
Калі ты ў мяне, закаханы… —
паўтарыла яна словы з маёй вершаванай замовы….
– Лезь хутчэй! – я зьвёў за дзяўчынкаю акрайцы тоўстай фольгі, каб неяк замаскаваць прарыў.
А мой шлях – растрэсканая плоская падлога – выглядаў як стромкая скала, па якой я абавязаны ўзьбірацца.