Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 17

Сад замкнёных гор
ХVІ

Оглавление

За авальным выгінам калідора я заўважыў чалавека і прытаіўся. Ён поркаўся ля мікрахвалёвай печкі і насьвістваў сабе пад нос вясёлую песеньку. Печкі сустракаліся на паверхах праз пэўную адлегласьць. Любы падарожнік мог закласьці ў іх сваю ежу і згатаваць. Наверсе, у «цывілізаваным грамадзтве», за карыстаньне імі бралі невялікія грошы для чысткі і рамонту, а тут, у сутарэньнях, можна было гатаваць бясплатна, праўда, паспрабуй яшчэ адшукаць несапсаваную.

Повар экспэдыцыі, а без сумненьня то быў ён, адышоў ад печкі, адшукаў у сьценцы дзьверкі, зайшоў у больш вялікую нішу. Дзьверкі грамадзкай прыбіральні зачыніліся.

Я ціхутка падпоўз да печкі. Трохі далей сядзеў, прытуліўшыся да сьценкі, вартаўнік, дзякуй лёсу, ён мяне не заўважыў. Я хутка адчыніў заслонку. Ого, абед на чалавек сто, ня меней! Было б снатворнае!

Я набраў у сваю туніку бутэрбродаў, каўбасы, яек, штучнай салаты і адпоўз.

Першы раз за той час, што пакінуў сталіцу «цывілізаванага грамадзтва», я нарэшце як сьлед паеў.

Потым залез на трубы з бактэрыямі. Невядомы шум даносіўся зь іх. Не зьвяртаючы ўвагі, я хутка па іх прабраўся да лягера асэнізатараў.

Мне было добра бачна, як асэнізатары працавалі.

Вялікімі гумова-мэталічнымі плітамі яны гермэтычна перакрывалі ў двух месцах калідор, затым у адной пліце адчынялася вялікая брама, да яе пад’яжджала машына з пузастай цыстэрнай, і агромністая пашча, што была сьпераду жахлівага агрэгата, дакладна ўстаўлялася ў браму.

Мэханічны монстар усмоктваў усё, што знаходзілася ў закрытым адрэзку калідора. Вялікія зубчаткі перамолвалі сьмецьце, а магутныя прэсы, прамочаныя жоўтай вадкасьцю, нібыта сьлінай жудаснай пачвары, разрэджвалі масу.

Потым вадкае месіва з агідным клекатаньнем праглыналася ў жалезнае чэрава. Як толькі цыстэрна напаўнялася, яна пачынала варочацца як бэтонамяшалка. Праз пару гадзін з дапамогай вялікіх шлянгаў зьмесьціва «жалезнага пуза» выпампоўвалі ў бактэрыйныя трубы.

Добрая падкормка для маленькіх выпрацоўнікаў энэргіі!

Вакол вялізнага сьмецьцясмока з драбільным прыстасаваньнем стаяла ўзброеная ахова.

Там я ўбачыў Руату. Яна побач з Упляйкам – гэта быў ён! – сядзела ў электрамабілі.

Мярзотнік! Ён зусім не адпускае яе ад сябе!

Руата выглядала заклапочанай, а ён – рэзкім і грубым…

Але мне ня надта добра было назіраць за імі з майго месца.

Трэба прасачыць, дзе яе шацёp, і калі ўсе лягуць спаць і выключыцца сьвятло, я падману варту і прабяруся да яе.

Я вызвалю сваю каханую!

* * *

Я спусьціўся з трубаў.

Бліжэйшы вартаўнік заўважыў мяне. Але асэнсаваць, што адбываецца, ён не пасьпеў. Я падскочыў да яго і рабром далоні ўдарыў па карку. Вартаўнік абмяк і непрытомны асеў на падлогу. Я схіліўся, зьняў зь яго пояса лазэрны корцік, якім «цэнтральшчыкі» узбройвалі толькі элітныя вайсковыя злучэньні, і пабег да шатра Руаты.

Ціха прасьлізнуў у чатырохкутны змрок. Руата ня спала.

Яна заўважыла мяне, узьнялася, абняла:

– Гэта ты?

Я прагна пацалаваў яе ў вусны.

У галаве, замест пляна ўцёкаў, закружыліся ласкавыя словы: мая мілая… мая каханая… ты чакала… ты мая… мы разам…

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх