Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 15
Сад замкнёных гор
ХІV
ОглавлениеАвальная пустэльная заля. Чыстая, бліскучая. Тут раней была ўсекраінная звалка. Чаму была? Яна і ёсьць, толькі яе добра пачысьцілі. Пад адтулінамі сьмецьцеправода ўжо зьявіліся новыя, малыя яшчэ, гурбы адкідаў.
Жаўтаскуры гарбун уважліва разварушваў іх крывым кіем.
– Добры дзень!
Гарбун спалохаўся, замахнуўся сваёй прыладай на мяне.
– Што трэба? – прашапялявіў ён бяззубым ротам.
– Я шукаю атрад асэнізатараў.
Востры канец кія ўдарыўся аб падлогу за пяць сантымэтраў ад мяне. Добра мець хуткую рэакцыю.
Я імклівым выпадам выхапіў кій:
– Эй, дзеду, так не жартуй. Лепей па-добраму скажы, і мы разыдземся.
Ён паглядзеў, як мой кулак сьціскае яго кавеньку. Выгляд сьцятых да белі пальцаў, што надзейна трымаюць дрэўка, падзейнічаў на яго.
– Там, за аркай, са сваёй чортавай машынай палезьлі ў шахту.
– А смуглявая дзяўчына была зь імі?
Ён выплюнуў каскад лаянкі, што ў ягонае мове азначала «так».
– Дзякуй, – я кінуў яму кій.
За аркай была глыбокая круглая шахта. Я чуў пра такія, яны служылі для хуткага паветранага спуску.
Я стаў ля краю.
Зноў мільгануў маяк маёй мэты. Я столькі падымаўся, ішоў, а зараз павінен прымусіць сябе перакрэсьліць свае намаганьні – кінуцца долу.
І я зразумеў. Я перакрэсьліў сваю мэту ўжо тады, калі пакахаў Руату!
Яна – мой кат, мой лёс.
Я ступіў у бездань.