Читать книгу Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч - Страница 13

Сад замкнёных гор
ХІІ

Оглавление

Аднойчы на сьвяточнай бяседзе ў гонар чарговай перамогі Руаты я сярод шматлікіх гасьцей прыкмеціў знаёмы твар. Яго ўладальнік мала частаваўся і болей прыглядаўся да маёй каханай.

Я пазнаў: гэта быў мой «вызвольнік» Упляйк. Аднаго разу нашы погляды скрыжаваліся, і па тым, як бліснула лязо ў яго зрэнках, я зразумеў, што яму добра вядома, хто я такі. І, безумоўна, ён лічыць мяне ворагам.

Я чакаў, калі ён падыдзе, хоць павітаецца, каб праверыць мае нэрвы. Але ён ня толькі не падышоў, а неўзабаве зусім зьнік.

У сьвядомасьці пачаў трывожна зьвівацца вусень пытальніка. Я насьцярожыўся. Прадчуваньне ліха наплыло і праз хвілю адкацілася ў далёкі кут, калі я ўбачыў, як да Руаты нялоўка заляцаецца дробны начальнік паліцыі. Пакуль на пагулянцы ўсё было як звычайна, я мог супакоіцца, але весяліцца разам з усімі ўжо не хацелася.

І маё пачуцьцё мяне не падманула!

Калі вельмі пекная дзяўчына з доўгай русай касой ускочыла на стол, за яе распачалася такая дзікая непрадказальная бойка, што амаль усе прысутныя, нават трыбрухатыя чыноўнікі і надзьмутыя шляхцюкі з бліскучымі званочкамі ў вушах, апынуліся ўцягнутымі ў яе. Разломваліся і ўзьляталі крэслы, пераварочваліся сталы. Крык, віскат, праклёны.

Двум добра выпіўшым дзецюкам не спадабаліся мае карыя вочы. Дзецюкі сумесна наваліліся на мяне. Я быў ня вельмі гатовы да абароны, таму яны лёгка падмялі мяне пад сябе. Давялося дужа якасна папрацаваць локцямі, каб глынуць сьвежага паветра.

Прайшло даволі часу, пакуль я цалкам вызваліўся ад іх і паглядзеў на трон Руаты. Але яе там не было.

Я абышоў усе закуткі чортавай карчмы, разварушыў усе «кучы-малы», якія сваімі тулавамі ўтваралі госьці, раскідаў паламаную мэблю. Нідзе!

Мне стала зразумела, што дзікая, бязглуздая бойка была справакавана, каб выкрасьці Руату. І зьяўленьне Ўпляйка было не выпадковым!

Я ня ведаў, што мне рабіць. Я тузаў людзей, якія тут жа, на падлозе, засыналі, пытаўся, ці ня бачылі Руату. Сонным голасам кожны цягнуў: «Не-е-е». А начальнік паліцыі нават ня змог зварухнуцца – ён хроп пад сталом сярод раструшчаных памідораў.

Ніхто. Ніхто не памкнуўся мне дапамагчы. Праўда, праз колькі хвілін я сам зваліўся ў зьнямозе.

У віно было падмяшана снатворнае.

Я прачнуўся, ня ведаю, праз колькі часу, на трохкутным кавалку ад былога стала. Нада мной стаяў дырэктар карчмы, яго чырвонае тварападабенства вішчала аб кампэнсацыі.

– Руата вам заплоціць, – сказаў я.

– Руата! Дзе цяпер тая Руата!

Мне стала зразумелым, што ён нешта ведае пра яе, я ўскочыў:

– Дзе яна?

Ён адхіліўся.

– Эй, хутчэй сюды! Выкіньце яго адсюль! – закрычаў ён ахоўнікам.

Тры грамідлы ня вельмі ветліва выпхнулі мяне з карчмы. Я застаўся адзін на непрыгляднай вуліцы.

Людзей амаль не было. Ніхто не хацеў са мной размаўляць.

Становішча было адчайнае. Я агледзеў мясцовасьць. Ніякіх сьлядоў супраціву. Напэўна, Руату вынесьлі, калі яна заснула.

Дзень я кружляў вакол карчмы, біў у дзьверы, патрабуючы размовы з гаспадаром, – безвынікова. Пасьля я шныраў па бліжэйшых раёнах, але – аніякай зачэпкі.

Нарэшце я пайшоў на кірмаш – там заўсёды пачуеш апошнія плёткі.

Сапраўды, людзі гаманілі пра бойку ў карчме, сьмяяліся. Я спытаў, ці ня бачылі яны Руату.

– А што, Руата зьнікла?

Я даў добрую тэму для плётак, і пакуль дайшоў да процілеглага краю кірмашовай плошчы, Руату тры разы гвалцілі, восем разоў застрэльвалі і бясконцае мноства разоў разразалі на часткі ды засоўвалі ў мяшок. Кожны з радасным хваляваньнем шаптаў, што Руату выкралі і кінулі ў трубу з бактэрыямі, альбо яе задушыла і схавала палюбоўніца асуджанага злачынцы, альбо прыдумвалі настолькі жудасныя гісторыі, што сінім інеем пакрываўся мой пазваночнік.

Я ня ведаў, што і падумаць. Сапраўды, у Руаты павінна быць шмат ворагаў – сваякі ахвяр, пераможаныя ёю спаборніцы, іх прыхільнікі, дый самі злачынцы. Але пры чым тут Упляйк? А можа, ні пры чым, можа ён быў у сталіцы і выпадкова завітаў да нас?

Раптам хтосьці таргануў мяне. Я азірнуўся. Старая жабрачка ўсьміхнулася, паказаўшы адзін плястыкавы зуб.

– Вы шукаеце Руату?

– Так! – узрадаваўся я.

– Дайце пяць рутобаў, і я скажу вам, дзе яна.

Я дастаў з кішэні грошы.

– Яна і колькі мужчын на электрамабілі паехалі па чырвоным калідоры. Больш нікому ня вер!

– Там быў такі блакітнавокі, статны, з русымі валасамі?

– У спраўнасьць, паночку, паведаць ня можу, але, здэцца, сядзеў тамака такі.

Я даў старой грошы, яна адразу ж скрывілася:

– Вох, якая я неразумная, трэба было болей папрасіць.

Божа ж ты мой, маё неасьцярожнае дзеяньне заўважылі разявакі, і, нібы галодныя мухі на цукар, накінуліся на мяне.

– Ня верце гэтай пляткарцы! Я адзін толькі бачыў Руату і скажу ўсяго за тры рутобы.

– Не, я ведаю, дзе яна!

– Ды каго вы слухаеце! Паслухайце мяне!

Я ледзьве вырваўся са шчыльнага кола карысьлівых дарадчыкаў і хутка пайшоў да паўднёвага выйсьця з гораду.

Праз два кварталы мяне дагналі чатыры-пяць хлопцаў у чорным, у масках. Без папярэджаньня іх кулакі абрынуліся на мяне. Хоць я не слабы, але сілы былі няроўныя.

– Прывітаньне ад Руаты!

– Забудзь пра яе! – апошняе, што пачуў я, перад тым як надышла малінавая цемра.

Апрытомнеў я, калі на столі ўспыхнуў твар Галоўнага Інфарматара, які паведамляў, што вялікая спарцмэнка Руата Наяроч Першая па просьбе ўраду адправілася ў Заходнія Тунэлі для спаборніцтва з тамтэйшымі спарцмэнкамі. Я падняўся да экрана паведамленьняў, што знаходзіўся на сьценцы калідора. На экране быў наклеены скотч імітацыі.

Як толькі я яго сарваў, твар Інфарматара перастаў паведамляць пра Руату і пачаў несьці нейкую лухту пра эканамічнае гадаваньне сьвіньняў.

Зьнянацку да мяне прыйшоў боль ад гузакоў і выцятых месцаў. Дзесьці гадзіну давялося адлежвацца на трубах.

Гэты час у падсьвядомасьці зноў гучалі словы Вешчунанастаўніка.

Калі боль трошкі сьціх, і я змог рухацца, упарта пайшоў да чырвонага, як казала старая, а значыць, да паўднёвага калідора. Мабыць, сьмешна і жаласна было глядзець збоку на маю хаду: цела не жадала падпарадкоўвацца – я нагадваў вялікую марыянэтку ў руках няўмекі, бо ня стаў выконваць патрабаваньне Сьпіральнай Замовы Замоваў – пачакаць содні да поўнага выздараўленьня.

Нарэшце дадыбаў да паўднёвай брамы гораду, але яна была зачынена.

– Эй, – крыкнуў брамніку, – адчыняй, трэба ісьці.

– Сам ідзі адсюль, дохлю, – вылаяўся ён. – Загаду ня чуў? Тры дні нікога не выпускаць! Шукаюць вінаватых у пагроме карчмы.

«Значыць, шукаюць мяне? – спачатку падумаў я. – Але ж мяне ўжо адшукалі… Няўжо напраўду ловяць зачыншчыка бойкі? Нешта ня вельмі верыцца».

– Слухай, братку, адчыні, надта сьпяшаюся, маці ў вёсцы хворая.

– Не магу. Чуў?

Усё ж такі я змог прайсьці праз браму, а вось мае грошы – не. Апошнія рутобы, што ціха пабразгвалі ў кішэні маіх штаноў, перасяліліся ў скураны мяшочак, што вісеў на поясе брамніка. Дадаткова я змог выпатрабаваць, каб ён мяне добра пакарміў: мой унутраны лекар, што шаптаў Сьпіральную Замову Замоваў, вымагаў добра падсілкавацца.

Ад брамніка ж я пачуў, што сапраўды Руата і яе выкрадальнікі праяжджалі тут на электрамабілі.

Я памахаў службоўцу рукою, ён шчыра зьдзівіўся, што я ўжо кульгаў ня так моцна, але адзначыў, што і бегма ня можна дагнаць электрамабіль…

Сад Замкнёных Гор (зборнік)

Подняться наверх