Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 10

Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
3

Оглавление

Яны сустрэліся недзе тыдні праз два. Для гэтага выпала зручная нагода: у газеце нарэшце надрукавалі інтэрв’ю.

Дзядзюля пазваніў Наталлі, павіншаваў з публікацыяй, сказаў, што газету прачытала кіраўніцтва саду і яго на планёрцы пахвалілі.

– Наташа, – нечакана сказаў ён і асекся, упершыню назваўшы яе гэтак, неафіцыйна. Але адчуў, што новае імя яму спадабалася, яно больш цёплае, блізкае. – Наташа. А што вы робіце сёння вечарам?

Яна памаўчала і адказала, як яму падалося, з нейкім прыхаваным сумам:

– Сёння ў мяне заняткі ў спартыўнай секцыі.

– А заўтра?

– Заўтра – танцы.

– Калі ж у вас вольны вечар?

– Толькі ў сераду.

– Тады я пачакаю да серады. Толькі вы, калі ласка, нічым яе не займайце. Мне вельмі трэба з вамі пагаварыць. Дамовіліся?

– Будзе бачна.

Дзядзюля абрадаваўся: ужо ў тым, што яна не адмовіла яму ў спатканні, быў добры знак. Знак чаго? Ён задаваў гэтае пытанне самому сабе і знаходзіў адзіны адказ: у іхніх адносінах можа нешта атрымацца.

Вечарам у сераду яны сапраўды сустрэліся. Усе гэтыя дні нецярплівага чакання ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што думае пра яе, што яму хочацца бачыць яе, чуць яе прыемны голас, які выклікае ў душы даўно забытае хваляванне.

Дзядзюля запрасіў Наталлю ў сваю любімую, як ён жартам назваў, імянную кавярню «Васількі». Гэта было зручна: блізка і ад Дома прэсы, і ад яго работы. Да таго ж кавярня прываблівала цікавымі нацыянальнымі стравамі і была ад самага адкрыцця вельмі папулярнай у горадзе.

Заказалі дранікі і журавінавы сок. Ад большага, у тым ліку і ад віна, Наталля адмовілася.

Яму было прыемна, што Наталля прыйшла на сустрэчу сціпла, але з густам апранутая, акуратна намакіяжаная. Дзядзюля не раз пераконваўся, як мала жанчын, што валодаюць гэтым тонкім майстэрствам: альбо не дамажуцца, альбо, наадварот, нафарбуюцца так, што і саміх вачэй не відаць.

– Слухаю вас, Васіль Пятровіч, – з лёгкай усмешкай прамовіла Наталля, калі яны нарэшце ўладзілі з заказам.

– Па праўдзе кажучы, гэта я вас хачу паслухаць, – чамусьці збянтэжыўся Дзядзюля. – Памятаеце, у мінулы раз я казаў вам, што ў школе спрабаваў нешта крэмзаць. Нічога з гэтага ў мяне не атрымалася, але цікавасць да літаратуры засталася. На жаль, вучоба ў аспірантуры, цяпер вось напісанне дысертацыі не дазваляюць мне сачыць за літаратурнымі навінкамі. Вы да гэтага бліжэй. Чым цяпер народ захапляецца?

Наташа ўсміхнулася:

– Не ведаю, як народ, а я люблю сучасныя замежныя раманы. Напрыклад, Міларада Павіча. Чыталі такога?

– Да свайго сораму, не толькі не чытаў, але нават і не чуў.

– Ну вось… А гэта ж адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснага еўрапейскага постмадэрнізму.

Дзядзюля адчуў, што чырванее, але не мог не запытацца:

– Даруйце, Наташа, а чым адрозніваецца гэты мадэрнізм ад старога, добрага, стагоддзямі выпрабаванага рэалізму?

– О, гэта няпроста. Я ж не крытык. Магу толькі сказаць, што ў гэтых раманах падабаецца асабіста мне.

І Наталля спачатку як бы неахвотна, а пасля ўсё больш захоплена, усё з большым натхненнем стала апавядаць аб нядаўна прачытаных раманах, аб іх асаблівасцях, аб тым, што яны зачароўваюць сваёй нетрадыцыйнасцю, сваёй містычнасцю, неверагоднай напружанасцю і драматызмам сюжэта, свежасцю думак, стылю, мовы.

Калі б у гэты момант хто-небудзь чуў іхнюю размову, то, напэўна, нямала здзівіўся б. Бо гаварылі яны зусім не пра тое, аб чым павінны гаварыць мужчына з жанчынай, а тлумілі адно аднаму галаву бог ведае чым. Але для Дзядзюлі гэта была зусім не марока. Ён слухаў Наталлю з такой асалодай і зачараваннем, як не слухаў нікога ўжо апошнія гады. Ім абодвум было цікава. І ў гэтым Дзядзюля таксама ўбачыў пэўны знак.

Развітваліся яны ўжо больш блізкімі, як бы даўно знаёмымі людзьмі.

Дзядзюля правёў Наталлю на аўтобусны прыпынак і толькі тут схамянуўся:

– Ой, ледзь не забыўся. Вы ж абяцалі мне прынесці свае публікацыі.

Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася:

– А я падумала, што вам гэта ўжо не цікава.

– Цікава, яшчэ як цікава! – ён беражліва ўзяў часопіс «Полымя», які дастала са сваёй сумкі Наталля, і прыклаў да грудзей. – Буду чытаць і ўспамінаць сённяшні цудоўны вечар.

Душа твая светлая

Подняться наверх