Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 13

Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
6

Оглавление

З вады яна выйшла як Афрадыта – уся ў брыльянтавых кропельках, пазалочаная сонцам. «Якая ж яна зграбная, стройная, лёгкая… – залюбаваўся Дзядзюля. – Ёй пазайздросціць любая дзяўчына».

Ён хацеў накінуць ёй на плечы вафельны ручнік, але жанчына адвяла яго руку:

– Не трэба. Мне не холадна. Такое ласкавае сонейка…

Пакуль Наташа загарала, падставіўшы твар сонцу і развёўшы рукі ўбакі, Дзядзюля расклаў цяпельца і стаў падсмажваць на ражэнчыку скрылёчкі сала. Нічога ў свеце няма смачнейшага за гэты паходны, з дымком далікатэс!

Наташы спадабалася тут усё – і возера, і гэтае ўтульнае цяпельца, і нават віно, пляшку якога прыхапіў з сабою Дзядзюля. І, мусіць, усё гэта разам паспрыяла таму, што яна нарэшце разгаварылася і даволі шчыра расказала пра сябе. Аказваецца, будучы студэнткай журфака, яна на канікулах хадзіла ў шматдзённыя паходы (тады і навучылася ставіць палаткі). У Карпатах стаяла на вяршыні гары Гавэрла. На байдарцы плавала па рэках і азёрах Браслаўшчыны.

Былі і непрыемнасці. На апошнім курсе закахалася ў замежнага аспіранта. Яго звалі Азамат, па-арабску – герой, асілак. І гэта сапраўды быў высокі, дужы, прыгожы хлопец. Яна закахалася так, што згубіла галаву. Пасля вечарынкі апынулася разам з ім у адной пасцелі. А праз месяц зразумела, што зацяжарыла. Калі сказала аб гэтым Азамату, той разгубіўся, занерваваўся, стаў угаворваць зрабіць аборт, прапаноўваў грошы. І ёй адкрыліся вочы на гэтага героя. Яна рашуча парвала з ім усялякія адносіны. А дзіця, што б там ні было, вырашыла пакінуць.

І ўсё ж ёсць на свеце Бог. Неўзабаве яна сустрэла Антона, свайго аднакласніка, які ці не з восьмага класа быў у яе закаханы, а пасля школы прапаноўваў ажаніцца. Але ёй, залатой медалістцы, мроіўся прынц на белым кані. Антон жа быў звычайны, несамавіты хлопец, спецыяльнасць выбраў сабе рабочую і зорак з неба не хапаў.

Яна паступіла на журфак, пачала друкавацца ў рэспубліканскіх газетах. Некалькі разоў яе паказвалі па тэлебачанні. І пра Антона забылася канчаткова. А ён, аказваецца, увесь гэты час пільна сачыў за яе поспехамі і па-ранейшаму моўчкі, аддана кахаў.

Пачалі сустракацца. І паколькі ў яе становішчы было ўжо не да прынца, яна прыняла яго прапанову, і яны неўзабаве згулялі вяселле. А праз сем месяцаў нарадзілася Алеська, любімая дачушка. Такое бывае, растлумачыла яна Антону, дзіця неданошанае, але абсалютна нармальнае, здаровенькае.

Антон – добры, клапатлівы муж. Яна паважае яго, хаця ніколі не кахала і не кахае. Ну і што? Так жывуць тысячы сямейных пар: кахае нехта адзін, а другі дазваляе сябе кахаць.

Наталля паглядзела на Дзядзюлю сумным, як бы вінаватым позіркам і ціха сказала:

– Ну вось. Цяпер ты ведаеш пра мяне ўсё. І як пісаў паэт: «Чего же боле? Что я могу еще сказать? Теперь, я знаю, в вашей воле меня презреньем наказать».

І горка ўсміхнулася:

– Што было, тое было… Тым не менш я ні аб чым не шкадую. Мой любімы Януш Вішнеўскі навучыў мяне, што варта слухацца сваіх жаданняў, як толькі яны прыходзяць, і нічога не адкладваць на пасля.

Яна паднялася і пайшла да возера, нерухома застыла на краёчку вады. І ў гэтай маўклівай постаці было столькі суму, журбы, жаночай горычы, што Дзядзюля не вытрымаў, падышоў да Наталлі, пяшчотна абняў яе за плечы. Яна павярнулася да яго, і ён убачыў, як з яе вачэй паволі сцякаюць жамчужынкі слёз.

– Наталі… мілая… не плач, – суцешна шаптаў ён, цалуючы яе шчокі, вусны. – Не плач. Я кахаю цябе, Наталі.

Яна парывіста абняла яго і апякла гарачым, невымоўна салодкім пацалункам. Дзядзюля не помніць ужо, як ён, ап’янёны, нібы звар’яцелы ад неспатольна-страсных пацалункаў, ад яе маладога, пругкага, гарачага цела, праваліўся ў нейкае аглушальнае прадонне, дзе бушаваў расхрыстаны шторм і гучала нечуваная, незямная музыка.

Выплылі яны ў рэальнасць ледзь жывыя, задыханыя. Моўчкі ляжалі побач усё яшчэ ва ўладзе неверагодных пачуццяў.

Наталля павярнулася да яго і шапнула на вуха:

– Сёння я ўпершыню адчула сябе жанчынай.

– Наталі, – пяшчотна адгукнуўся ён. – Дзякуй табе за ўсё. Я сёння шчаслівы.

Душа твая светлая

Подняться наверх