Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 17

Зіновій Прыгодзіч
Ружовы туман
2

Оглавление

І раптам Іван апошнімі днямі стаў некуды знікаць. Максім колькі разоў стукаўся ў дзверы ягонага пакоя, але ніхто не адказваў. А ўчора Максім убачыў яго ля бювета з маладой сімпатычнай незнаёмкай. Жанчына была невысокага росту, танклявая, апранутая ў цёмна-сінія джынсы і лёгкую кофтачку, на якой ляжала перакінутая цераз плячо раскошная ільняная каса. На выгляд жанчыне было гадоў трыццаць. Яны аб нечым так ажыўлена гаварылі, што Максім не стаў падыходзіць бліжэй, парушаць іхнюю ідылію.

А вечарам Іван сам зайшоў да Максіма.

– На танцы збіраешся? – ён ужо быў пад гальштукам, у поўнай баявой амуніцыі.

– А што я там не бачыў? – паціснуў плячыма Максім.

– Дарма. Сёння ў нас будзе граць папулярны ў горадзе вакальна-інструментальны ансамбль. Ён па чарзе абслугоўвае тутэйшыя санаторыі, і вось чарга дайшла і да нас.

Пра гэты ансамбль Максім чуў і ў мінулы раз, калі адпачываў у Жалезнаводску. Але тады яму ці не пашанцавала (чарга, відаць, не дайшла да іхняга санаторыя), ці то проста не меў неабходнай інфармацыі. Так што на танцы пад жывую музыку ён так і не трапіў. Ды, па праўдзе кажучы, ён не дужа гэтым і цікавіўся.

На гэты раз вырашыў усё ж паглядзець, што гэта за такі знакаміты ансамбль, на каторы аматары танцаў збягаюцца нават з суседніх санаторыяў. Аднак на пытанне Івана: «Ну дык што, пойдзеш?» – адказаў няпэўна:

– Пагляджу. Падумаю…

– Ну, думай, думай, – загадкава ўсміхнуўся Іван і, паправіўшы перад люстэркам гальштук, узяўся за ручку дзвярэй. – А я пайшоў.

Максім усё яшчэ стаяў ля ўвахода, са скептычнай усмешкай назіраючы за тым, што тварылася ў зале.

Нарэшце хуткі танец скончыўся. Запараныя танцоры разышліся па баках, і Максім убачыў музыкаў. Іх было чацвёра, маладых, модна апранутых хлопцаў – два гітарысты, клавішнік плюс ударнік. Вось і ўвесь ансамбль. Але гралі яны сапраўды зладжана, прафесійна.

Непадалёку ад музыкаў стаяў і Іван са сваёй новай знаёмай. На гэты раз яна была апранута ў прыгожую, крыху вышэй каленяў сукенку, а каса заплецена ў акуратны вяночак. Ад таго яна здалася Максіму яшчэ маладзейшай і мілейшай. Іван нешта ёй захоплена расказваў, але яна слухала няўважліва і рассеяна разглядвала публіку.

Максім падышоў да іх, павітаўся з незнаёмкай, і яму падалося, што яна адказала яму з непрыхаванай радасцю.

– Ну што, ансамбль не расчараваў вас? – першым загаварыў Максім.

– Нармальна, – адгукнулася незнаёмка. – Толькі людзей набілася шмат.

– Цесна і душна, – выціраючы насоўкай лоб, дадаў Іван.

Музыкі зайгралі белы вальс. І тут адбылося нечаканае: незнаёмка ступіла крок да Максіма і мілым паклонам галавы запрасіла на танец.

Яны першымі выйшлі ў круг і неяк адразу, нібы даўно танцавалі разам, лёгка, з прыемнасцю закружыліся ў рытме музыкі. Вальс, пры ўсёй сваёй папулярнасці і знешняй прастаце, мала хто ўмеў танцаваць прыгожа. Максіму гэта ўдавалася, асабліва калі партнёрша аказвалася спрытнай. Як вось гэтая незнаёмка. Яна імгненна падстроілася пад Максіма і, падпарадкоўваючыся кожнаму руху ягонай рукі на спіне, закружыла гарэзлівай пушынкай, пластычна і грацыёзна. Краем вока Максім бачыў, што імі любуюцца, і гэта надавала яму яшчэ большага імпэту.

Вальс скончыўся. Максім, крыху задыханы і ўзрушаны, з удзячнасцю пакланіўся партнёршы і пацалаваў руку.

– А ведаеце што? – сказала нечакана тая. – Давайце ўцячом адгэтуль.

– А як жа Іван?

– А ён вунь ужо сыпле кампліменты іншай.

Яны выйшлі ў парк, які прымыкаў да санаторыя. У слабаасветленых, маўклівых алеях было ўтульна і рамантычна.

– Як тут прыемна пасля душнай залы! – раскрыліўшы рукі, удыхнуў на поўныя грудзі Максім. – Толькі няёмка неяк атрымалася.

– Ай, – махнула рукою жанчына. – Надакучыў гэты Віні-Пух са сваімі кампліментамі. Дый танцаваць не ўмее, адтаптаў усе ногі.

– Тады давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Максімам.

– А я ведаю, – усміхнулася яна. – Я вас прыкмеціла яшчэ тры дні таму. Думала, што Іван пазнаёміць нас. Але ён чамусьці не захацеў… А ў мяне імя даволі мудрагелістае – Ангеліна. Але ўсе завуць проста Лена.

Максім пры гэтым усміхнуўся.

– Нічога не бачу смешнага, – здзівілася і, здаецца, нават пакрыўдзілася Лена.

– Даруйце, калі ласка. Даруйце… Гэта я прыгадаў аднаго нашага вяскоўца. Ён, калі злаваўся на жонку, то называў яе Палашкаю, а калі быў у гуморы, то клікаў ласкава: «Мая ты Любачка». А звалі жонку Марыяй.

Лена засмяялася – па-дзіцячы залівіста, шчыра, звонка. Максіму спадабаўся яе смех. Як і тое, што яна тонка ўлавіла гумар. І ён натхніўся, стаў расказваць розныя санаторныя байкі. Яны прасмяяліся цэлы вечар і апомніліся толькі тады, калі ў парку пачалі гаснуць ліхтары.

– Ой! – спахапілася Лена. – Бяжым хутчэй у санаторый, а то замкнуць дзверы, і будзем кукаваць на дварэ…

Развітваліся ўжо як даўнія знаёмыя. І перайшлі нават на «ты».

– А можна я буду называць цябе Алёнай, па-беларуску?

– Алёна… – прамовіла яна задуменна, як бы спрабуючы слова на смак. – Хораша…

– А яшчэ лепш – Алёнка.

Ля дзвярэй свайго пакоя, яна прыстоіла і, здаецца, са шкадаваннем сказала:

– Ну, я пайду. Да заўтра!

– Дзякую за цудоўны вечар, – Максім цырымонна пакланіўся і памкнуўся было пацалаваць Алёне руку, але яна рашуча адняла яе, нейкую секунду павагаўшыся, узнялася на дыбачкі і пацалавала Максіма ў шчаку. І не паспеў ён, ашаломлены, апомніцца, як яна ўжо схавалася за дзвярыма, кінуўшы яшчэ раз такое кароткае, але такое чароўнае, хвалюючае «да заўтра».

Душа твая светлая

Подняться наверх