Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 8
Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
1
ОглавлениеСтаршы навуковы супрацоўнік Батанічнага саду Васіль Дзядзюля прыйшоў пасля абеду ў аранжарэю, але не паспеў яшчэ нават распрануцца, як яго паклікалі да намесніка дырэктара па навуковай частцы. Васіль здзівіўся (не часта яго клікалі да начальства) і крыху збянтэжыўся: чаго гэта ён ім спатрэбіўся? Можа, нешта непрыемнае здарылася?
Але нічога асаблівага не здарылася. Намеснік дырэктара, як толькі Дзядзюля зайшоў, прадставіў яго маладой жанчыне, што сядзела за прыстаўным столікам.
– Знаёмцеся. Гэта – наш галоўны спецыяліст па архідэях Васіль Пятровіч. А гэта – карэспандэнт рэспубліканскай газеты Наталля…
Жанчына паднялася з-за століка, падала руку:
– Наталля Кот.
– Вельмі прыемна, – па інерцыі вырвалася ў Дзядзюлі, хаця ў душы ён адчуў хутчэй пачуццё прыкрасці, чым прыемнасці. Журналістаў ён не любіў. Адрываюць ад работы, даймаюць рознымі тупымі пытаннямі, а пасля ўсё пераблытаюць і напішуць такое, што часам бывае сорамна калегам глядзець у вочы.
– Ну і добра, – пацёр задаволена рукі намеснік дырэктара. – Васіль Пятровіч, пазнаёмце, калі ласка, карэспандэнта з работай нашай аранжарэі і раскажыце пра ўсё, што яе зацікавіць.
Пакуль ішлі да аранжарэі, Дзядзюля прыгледзеўся да жанчыны. Выгляд яна мела даволі экстравагантны. Падраныя на каленях джынсы, нейкая нехлямяжая наросхрыст кофтачка, праставатыя, у выглядзе вялікіх кольцаў завушніцы, кароткая, ускудлачаная прычоска. Быццам і не маладуха ўжо, а косіць пад дзяўчыну-падлетка. Ад гэтага прыкрасці на душы ў Дзядзюлі яшчэ прыбавілася. Што яна, гэта эпатажная краля, можа зразумець у такой тонкай, далікатнай справе, як селекцыя дзікіх архідэй.
* * *
Аднак Дзядзюля памыліўся.
Свой аповед ён пачаў здалёку. Аб тым, што дзікая архідэя – адна з самых старажытных раслін свету. Ёй, па меркаванні некаторых вучоных, ужо каля 65 мільёнаў гадоў. Зараз налічваецца каля 35 тысяч відаў гэтай экзатычнай і неверагодна прыгожай кветкі. Аднак колькасць відаў год ад году катастрафічна змяншаецца. З-за варварскіх, меркантыльных адносін чалавека. Спробы вырошчваць дзікую архідэю ў хатніх умовах звычайна канчаюцца няўдачай. Гэта надзвычай далікатная, дужа пяшчотная расліна, якая патрабуе асаблівага догляду і пастаяннага клопату. Тым не менш некаторыя гатункі архідэй вучоным удалося адаптаваць да еўрапейскіх кліматычных умоў. Шырока распаўсюджаны, у тым ліку і ў нас, у Беларусі, венерын чаравічак. Ёсць такая легенда…
– Даруйце велікадушна, – няёмячыся, перапыніла яго завучаны, спецыяльна напрацаваны для журналістаў аповед Наталля. – Усё вельмі цікава, але я пра гэта ўжо ведаю. Перад сустрэчаю з вамі я сёе-тое пачытала. А мне хацелася б, каб вы расказалі менавіта пра свае доследы, пра тое, чым, якімі асаблівасцямі вызначаецца ваша аранжарэя.
Цяпер ужо сумеўся Дзядзюля. Звычайна яго паэтычна-натхнёны, а па сутнасці банальны аповед выпадковыя журналісты ўспрымалі на ўра, а гэтая, ці бачыш ты, падрыхтавалася і настроена на сур’ёзную размову. Кашлянуўшы ў кулак і зрабіўшы невялічкую паўзу, Васіль Пятровіч перайшоў да канкрэтных спраў, да таго, чым ён шчыльна займаўся апошнія гады. І гэта аказалася цікавым не толькі для журналісткі, але і для яго самога. Бадай, упершыню ён уголас агучваў зробленае, падсумоўваў вынікі сваёй карпатлівай даследчыцкай працы.
Наталля з разуменнем слухала яго аповед, задавала пытанні, якія сведчылі, што яна не такі ўжо і дылетант, як яна сказала пра сябе на самым пачатку. Пад канец размовы Дзядзюля нават выказаў ёй камплімент:
– Вы парадавалі мяне дасведчанасцю. Адкуль гэта ў вас?
– Проста я люблю кветкі. У мяне дома іх шмат розных, у тым ліку і адна архідэя.
– І якая ж?
– Фаленопсіс.
– О, гэта адна з маіх любімых архідэй.
– Яе яшчэ называюць архідэя-матылёк. Калі яна зацвітае, ад яе нельга адарваць вачэй.
І толькі цяпер ён звярнуў увагу на твар жанчыны. У ім было нешта ад цыганскага, паўднёваазіяцкага аблічча. Асабліва заварожвалі вочы – цёмна-аксамітныя, глыбокія, дзікавата-цікаўныя. І голас… Дзядзюля са здзіўленнем адчуў, што гэты грудны, мяккі, здавалася, таксама нейкі аксамітны голас адгукаецца ў ягоных грудзях хвалюючым рэхам.
Развітваўся ён з Наталляй, не хаваючы сваёй сімпатыі:
– Вось, калі ласка, мая візітоўка. Калі ўзнікнуць якія пытанні – званіце.
Наталля ўзамен падала яму сваю візітоўку:
– Дзякуй за пазнавальнае інтэрв’ю. Думаю, што гэта будзе цікава і нашым чытачам.