Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 18

Зіновій Прыгодзіч
Ружовы туман
3

Оглавление

А заўтра была нядзеля. Выхадны ад працэдур дзень. І Максім з самай раніцы зайшоў па Алёну, каб разам ісці на «вадапой».

– А я ўжо хацела цябе шукаць, – абрадавалася тая. – У мяне ёсць прапанова. Давай пасля сняданку з’ездзім у Кіславодск. Я хачу паказаць табе мой горад.

– Што значыць «мой»? – здзівіўся Максім.

– Дык я ж табе не паспела ўчора расказаць… Кіславодск сапраўды мой родны горад. Я там нарадзілася, вырасла і цяпер працую ўрачом у адным з санаторыяў. У мяне там і свая кватэра, якая засталася мне ў спадчыну ад бацькоў.

Максім прапанову з задавальненнем прыняў. І яны, паснедаўшы, паехалі. Электрычкай. Зручна і хутка. Недзе праз гадзіну ўжо былі ў Кіславодску.

Адкрыцці пачаліся адразу, як толькі выйшлі на перон. Максім быў моцна здзіўлены, убачыўшы, што рэйкі тут упіраліся ў тупік: чыгунка, прабегшы не адну тысячу кіламетраў, больш нікуды не вяла. Гэта было нязвычна і дзіўна.

– Пайшлі, пайшлі, – узяла Алёна Максіма за руку і павяла наперад. Але праз якую сотню метраў спыніліся зноў.

– Глянь сюды, – паказала яна на ўзгорак злева, на якім стаяў аднапавярховы дом мудрагелістай архітэктуры з арыгінальнай верандай і мноствам розных веж і вежачак. – Гэта дача Шаляпіна. Не адно лета знакаміты спявак прыязджаў у Кіславодск і жыў у гэтым доме. Цяпер тут музей. Але мы туды не пойдзем. Мне табе яшчэ многае трэба паказаць, а часу ў нас мала.

– Тады я цалкам у тваім распараджэнні, – не то жартам, не то ўсур’ёз сказаў Максім.

Алёна кінула на яго кароткі дапытлівы позірк:

– Глядзі, не пашкадуй…

І ўзяла пад руку.

Звычайна Максім не любіў хадзіць пад ручкі: гэта было нязручна, скоўвала рухі, ён збіваўся з нагі, вымушаны быў падстройвацца пад чужы тэмп хады. З Алёнай жа атрымалася ўсё адразу проста і натуральна, як бы яны ўсё жыццё хадзілі парай. Да таго ж, лёгкае цяпло, што ішло ад Алёнінай рукі, прыемна яго хвалявала.

Так, пад ручкі, яны мінулі Нарзанную галерэю, нетаропка, любуючыся кожным шыкоўным будынкам, прайшліся па галоўным гарадскім бульвары і праз высокую, паўкругам каланаду ўвайшлі ў Курортны парк. І толькі тут Алёна хацела далікатна вызваліць руку, але Максім не адпусціў яе, пяшчотна ўзяўшы яе цёплую далоньку ў сваю.

Нешта незвычайнае тварылася з Максімам. Ён адчуваў сябе захопленым, рамантычным юнаком, якому хацелася чытаць вершы, спяваць, гарэзліва, напрапалую заляцацца да гэтай мілай, сімпатычнай жанчыны, якая падабалася яму ўсё больш і больш. Падабаўся аксамітны тэмбр яе голасу, прыемны, залівісты смех, пах свежавымытага цела. Як у ружовым тумане, ішоў ён сцежкамі парку, трымаючы Алёну за руку, і замілавана, з трапяткім хваляваннем слухаў усё, што яна гаварыла.

– А гэта Даліна руж, – сказала Алёна, калі яны выйшлі на вялікую паляну, залітую морам яркіх, рознакаляровых кветак. – Тут можна было б крыху і пасядзець, падыхаць чароўным водарам, але, як бачыш, усе лаўкі занятыя. Ты, дарэчы, любіш ружы?

– Па праўдзе кажучы, не вельмі. Мне больш падабаюцца рамонкі, незабудкі.

– А я люблю. Але калі іх так многа, як тут, то яны як бы абясцэньваюцца. Часам адна ружа дае воку, душы значна больш, чым цэлы абярэмак.

– Гэта праўда, – з цеплынёй паглядзеў Максім на Алёну.

– Але пойдзем далей. Пакажу яшчэ адну нашу славутасць.

Яны спусціліся ў ніжні ярус парку. Вузенькая сцежка вывела іх да невялікага гарбатага мастка з прыступкамі.

– Гэта і ёсць ваша славутасць? – здзівіўся Максім.

– Славутасць, ды яшчэ якая! – падкрэсліла Алёна. – Гэта сёння ў гэтым месцы нешта нікога няма. А звычайна тут шмат людзей, асабліва моладзі, цалуюцца на мастку, робяць здымкі на памяць.

– І чым жа гэты масток знакаміты?

– Ага, заінтрыгавала цябе, – загадкава ўсміхнулася Алёна. – Тады слухай. Некалі, шмат гадоў таму, у Кіславодску адпачывалі толькі багатыя людзі. Іх спешчаныя жонкі шукалі рамантычных забаў. Асабліва іх вабіў грот кахання ў гэтым парку. Яго ты зараз бачыш вунь там, – паказала яна рукою на цёмны праём, які віднеўся ў засені недалёкіх дрэў. – Але дарогу туды перагароджвала рэчка Альхоўка. Цяпер яна абмялела, застаўся нешырокі ручай, які квола бруіцца па камянях. А тады яна была і шырэйшай, і глыбейшай. Дык сталічныя дамы нізашто не згаджаліся пераходзіць раку ўброд. А мужчыны ленаваліся пераносіць іх на руках. Гарадскія ўлады вымушаны былі пабудаваць гэты масток. І назвалі яго «Дамскі капрыз».

– Якая проза! – засмяяўся Максім. – Упэўнены, што тыя дамы зусім не гэтага хацелі.

– А чаго? – какетліва паглядзела на яго Алёна.

– А вось чаго! – у імгненне вока Максім падхапіў Алёну на рукі і перанёс на другі бераг. Перад уваходам у грот ён затрымаў яе на руках. На момант іх вусны аказаліся блізка-блізка і, здаецца, самі па сабе раптам злучыліся ў прагным, салодкім пацалунку.

– Ой, што мы робім… – пачала далікатна вызваляцца з абдымкаў Алёна і, стаўшы на ногі, даверліва прытулілася да Максімавага пляча. – У цябе так б’ецца сэрца…

– Я ледзь не страціў прытомнасць… – пераселым голасам шапнуў ёй на вуха Максім.

Яна раптам адхінулася і пырснула смехам:

– Вось было б весела, калі б мы абое пляснуліся ў рэчку…

Уявіўшы такое, засмяяўся і Максім.

На выхадзе з парку яны яшчэ затрымаліся ля вадаспада «Крышталёвы струмень». Максім быў нямала здзіўлены: звычайна вадаспады бываюць шумныя, пеністыя, а тут вада цякла ціха, паволі і была такой жывой, зіхатлівай, нібы і праўда расплаўлены крышталь.

Незвычайна выглядала і сажалка, якая прымыкала да вадаспада. Паверхня яе была ідэальна роўнай і такой спакойнай, што ў ёй, нібы ў люстэрку, адбівалася і неба, і белыя рухомыя аблокі, і прыбярэжныя дрэвы.

Алёна акуратна, па-жаночы зграбна прысела на кукішкі і апусціла далоньку ў ваду:

– Цёплая…

Павярнула галаву да Максіма:

– У цябе ёсць манетка?

– Павінна недзе быць, – паляпаў па кішэнях Максім і дастаў пятак.

– Кінь у сажалку.

– Навошта?

– Каб прыехаць сюды яшчэ раз. Табе што, Кіславодск не спадабаўся?

– Спадабаўся. А яшчэ больш – экскурсавод.

– Ах ты, хітрун! – яна дастала далоньку з вады і пырснула Максіму ў твар.

Той зрабіў выгляд, што страшна ўзлаваўся, схапіў Алёну ў абдымкі і знарок сурова прыгразіў:

– Вось я табе зараз пакажу!

– І што ты мне зробіш? – пацвельвалася Алёна.

Максім прыняў артыстычную позу і прадэкламаваў:

Зацелую допьяна,

Изомну, как цвет,

Хмельному от радости

Пересуду нет.


– Ой-ой, як страшна, – у яе вачах скакалі чорцікі, яна сарвала прыдарожную сцяблінку і паказытала ў Максіма за вухам.

Так, жартуючы ды сваволячы, яны выйшлі з парку. І толькі тут заўважылі, што сонца ўжо схавалася, а ўсё неба задратавана нізкімі цёмна-шэрымі хмарамі. Вось-вось павінен пайсці дождж.

– Ну і куды мы цяпер? – заклапочана паглядзеў на Алёну Максім.

Тая няпэўна паціснула плечуком:

– Далейшую экскурсію, відаць, прыйдзецца адмяніць. Бяжым у Нарзанную галерэю, перачакаем дождж. А там будзе бачна.

Аднак пакуль яны дабеглі да галерэі, дождж паспеў іх пераняць і добра-такі вымачыць.

– У мяне ёсць прапанова, – здзімаючы з носа дажджавыя кропелькі, сказала Алёна. – Самае разумнае цяпер – пайсці паабедаць.

– Дык жа ў такім выглядзе нас ні ў які рэстаран ці ў кавярню не пусцяць.

– А навошта кавярня? Тут амаль побач мая кватэра. Па дарозе заскочым у магазін, штонебудзь прыкупім, і я згатую абед. Ты калі-небудзь еў сіненькія, смажаныя па кітайскім рэцэпце?

– А што гэта такое?

– Эх ты, цемната… – засмяялася Алёна. – Гэта ж у нас так баклажаны называюць. Калі не спрабаваў – паспрабуеш. Заадно ацэніш мае кулінарныя здольнасці. Так што пайшлі!

– Чакай, а што скажа муж? – са здзіўленнем глядзеў на яе Максім.

– Муж аб’еўся груш, – спахмурнела Алёна. – Быў ды сплыў. Развяліся мы два гады таму…

– Прабач, калі ласка, – збянтэжыўся Максім. – А што здарылася?

– Банальная гісторыя… Не сышліся характарамі… Ён працаваў у нашым санаторыі культарганізатарам. Быў харошы, вясёлы хлопец. Але для сямейнага жыцця аказаўся зусім непрыстасаваны. Не мог нават цвіка забіць. Ну ды бог з цвіком – пачаў выпіваць. І чым далей, тым больш… А калі аднойчы не прыйшоў дадому начаваць, я сабрала яму чамадан і выставіла за дзверы. Праз нейкі час яго звольнілі і з работы. Дзе ён і што з ім цяпер – не ведаю.

– А дзеці? – асцярожна, каб не пакрыўдзіць, папытаў Максім.

– Не паспелі завесці. Але не будзем пра сумнае. Пайшлі.

У кватэры Алёна адразу загадала Максіму зняць мокрую адзежу і пайсці ў ванны пакой спаласнуцца.

– Вось табе халат, які я некалі купляла для мужа, але ён так ні разу яго і не надзеў. Ручнік каля ванны на вешалцы. Марш! А я пакуль згатую сіненькія.

Калі Максім выйшаў з ваннага пакоя, Алёна ўжо пераапранулася ў сухое і шчыравала ля пліты.

– Ой, як смачна пахне! – пацягнуў носам Максім. – Хачу хутчэй сіненькіх.

– Пачакай крыху. Я пайду таксама прыму душ.

Але паабедаць ім так і не ўдалося. З ваннага пакоя Алёна выйшла ў адным халаціку з незашпіленымі двума ніжнімі гузікамі. І калі ўзняла рукі, каб паправіць распушчаныя валасы, Максім краем вока згледзеў, што пад халацікам, які на імгненне расхінуўся, нічога няма. І яго ахапіла такая жарсць, такое шалёнае жаданне блізкасці, што ён не стрымаўся, схапіў Алёну ў свае абдымкі і пачаў горача, апантана цалаваць. Яна абвіла яго рукамі і, шэпчучы нешта бязладнае, пяшчотнае, абвяла ў ягоных абдымках.

Душа твая светлая

Подняться наверх