Читать книгу Душа твая светлая - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 14
Зіновій Прыгодзіч
Дзікая архідэя
7
ОглавлениеНаталля знікла раптоўна і нечакана.
Дзядзюля званіў ёй на дзень шмат разоў – абанент быў недаступны. Хадзіў да Дома прэсы пад канец рабочага дня, спадзеючыся сустрэць жанчыну там, – марна. Аднойчы не вытрымаў, зайшоў у рэдакцыю. На пытанне, ці можна бачыць Наталлю Кот, яе каляжанка абыякава, не адрываючы галавы ад папер, адказала:
– А яна захварэла.
Захварэла. Чаму ж упарта маўчыць? Што здарылася?
Дзядзюля пакутаваў у розных здагадках і не знаходзіў сабе месца.
Яна пазваніла сама.
– Наталі! – абрадаваўся Дзядзюля. – Дзе ты? Што ты?
– У мяне ўсё кепска. Вельмі кепска, – глухім, як не сваім голасам адказала яна. – Калі ласка, выслухай мяне і зразумей. Нам больш нельга сустракацца.
У Дзядзюлі пахаладзела пад сэрцам:
– Але чаму, Наталі?
– Муж адчуў перамену ў маіх адносінах. Я не магу прытварацца. Ён усё зразумеў. Аддаліўся. Не лае, не б’е. Маўчыць. І дачушка на яго баку. А для мяне гэтае гнятлівае маўчанне – невыносная пакута. Лепш бы ён мяне лаяў, біў.
– Наталі, нам трэба сустрэцца. Гэта сур’ёзна, вельмі сур’ёзна. Размова не па тэлефоне.
– Не, Васілёк. Не магу.
– Не можаш ці не хочаш?
– Не магу і не хачу. За свой грэх я заслужыла тое, што маю. Павіч праўду казаў: кожнае вялікае каханне – гэта свайго роду кара.
– Глупства! Якое неймавернае глупства. Каханне – гэта Боскі дар, які даецца не кожнаму. І адракацца ад яго – вось гэта сапраўды грэх. Чуеш, Наталі?
– Не будзем уступаць у дыскусію. Я больш не хачу слухацца сэрца. Я падпарадкоўваюся розуму. Бывай, Васілёк.
І адключыла сувязь.
Дзядзюля сядзеў агаломшаны, узрушаны тым, што сказала Наташа.